У зняволенага лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва — падазрэнне на анказахворванне

У СІЗА №1 завершана медыцынскае абследаванне 64-гадовага лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які знаходзіцца пад вартай, паведаміла дачка вязня Кацярына Кастусёва.

c0e53f4a_1af6_4807_a0e5_f71beceaf5d1_cx0_cy17_cw0_w1023_r1_s.jpg


Паводле яе слоў, стан здароўя бацькі пагоршыўся, вынікі тэстаў паказваюць на анказахворванне. Сям'я і ён сам асцерагаюцца, што вяртанне ў СІЗА КДБ пагоршыць стан яго здароўя, паведамляе Zerkalo.io са спасылкай на «БелаПАН».

«13 ліпеня абаронца пабывала ў бацькі. Праз адваката бацька перадаў інфармацыю для грамадскасці. Яго стан здароўя пагоршыўся, прыйшоў вынік аналізу на ПСА (тэст на вызначэнне ўзроўню анкамаркера раку ў крыві). У Рыгора Андрэевіча паказчык ПСА вышэй за норму ў два разы — 8 адзінак пры норме у 4», — паведаміла Кастусёва.

«Бацька скардзіцца на пагаршэнне стану здароўя, прасіў праз адваката дапамогі для шпіталізацыі ў профільную ўстанову аховы здароўя. Асцерагаецца, што ў яго развіваецца пухліна, тым больш, што ў 2012-2016 гады ён ужо назіраўся ў медыкаў з гэтай жа нагоды. Тады хваробу ўдалося прыпыніць», — сказала дачка.

Са спасылкай на лекара палітык перадаў, што абследаванне, якое прадугледжана пратаколам Рэспубліканскай бальніцы для асуджаных, праведзена і яго гатовыя выпісаць у бліжэйшыя дні. Як заявіла яго дачка, у гэтым выпадку Кастусёў «можа зноў вярнуцца ў невыносныя ўмовы “амерыканкі”», як неафіцыйна называюць СІЗА КДБ.

Адвакатка звязвалася са следчым і прасіла прыняць усе меры для таго, каб Кастусёў атрымаў якаснае медыцынскае абслугоўванне.

2 ліпеня палітык быў экстранна шпіталізаваны ў бальнічную камеру СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Туды ён трапіў з праблемамі з сэрцам, ціскам, ацёкамі канечнасцей, дыхавіцай, зблытанай свядомасцю з камеры СІЗА КДБ, дзе ўтрымліваўся з іншымі зняволенымі ва ўмовах спёкі, вільготнасці і дрэннага доступу свежага паветра. Паводле слоў Кастусёва, 17 начэй ён вымушаны быў спаць на падлозе, пад «шконкай» іншага затрыманага праз тое, што для яго не знайшлося спальнага месца.

Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове (Магілёўская вобласць) і даставілі ў КДБ.

17 красавіка Лукашэнка заявіў аб затрыманні групы, якая планавала замах на яго і яго дзяцей, і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. «Мы выявілі працу відавочна замежных спецслужб, хутчэй за ўсё, Цэнтральнага выведвальнага ўпраўлення, ФБР, не ведаю, хто там з амерыканцаў працаваў. Мы выявілі іх жаданне з'явіцца ў Мінску і ўжо заняцца арганізацыяй замаху на прэзідэнта і дзяцей», — сказаў ён падчас падыходу да пула сваіх журналістаў на суботніку.

«Мы іх захапілі ў Маскве, яны пабаяліся [прыехаць у Мінск]. З ЗША прыляцелі — агентура. Прозвішча яго — нейкі Зянковіч (адвакат Юры Зянковіч). Яны пабаяліся сюды ехаць пасля таго, як мы затрымалі некалькі груп, якія сюды зброю звезлі, ужо ў схованкі схавалі. Яны з’ехалі ў Маскву. І хто там яшчэ? Наш быў гэты — Фядута (паліттэхнолаг, першы прэс-сакратар Лукашэнкі Аляксандр Фядута). Потым сталі шырэй глядзець: Кастусёў з’явіўся там», — сказаў Лукашэнка.

Затрыманым прад’яўленыя абвінавачанні па ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса («Змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ім пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.