Чатыры жыхары Віцебскага раёну прызнаныя Праведнікамі свету

Ганаровы тытул "Праведнікі Свету" быў нададзены пасмяротна колішнім жыхарам вёсцы Машкіна (пад Заронавам) Назару і Ганне Кузьміным, а таксама іх дзецям Аксане і Фёдару.

Назар, Ганна і Фёдар Кузьміны. Фота з архіву Вадзіма Кузьміна

Назар, Ганна і Фёдар Кузьміны. Фота з архіву Вадзіма Кузьміна

Пра гэта “Віцебскай вясне” паведаміў унук Назара і Ганны віцяблянін Вадзім Кузьмін. Падпалкоўнік запасу і сябра левай партый “Справядлівы свет” Вадзім Кузьмін расказаў, што ліст з аддзелу “Праведнікі Свету” ізраільскага інстытуту “Яд Вашэм” атрымаў 19 траўня.
У лісце паведамляецца, што рашэннем спецыяльнай камісіі ад 22 красавіка 2018 году Кузьміным Назару і Ганне, а таксама іх дзецям Аксане і Фёдару пасмяротна нададзенае ганаровае званьне “Праведнікі Свету” – “у знак найглыбейшай удзячнасці за дапамогу, аказаную габрэйскаму народу ў гады Другой сусветнай вайны”.
Імёны Кузьміных будуць выгравіраваныя на Сцяне Гонару мемарыялу гісторыі Халакосту “Яд Вашэм”. А медалі і ганаровыя дыпломы на імёны Праведнікаў будуць дасланыя на адрас амбасады Ізраілю ў Беларусі.

Вадзім Кузьмін расказвае гісторыю выратавання Лёвы Варабейчыка

Вадзім Кузьмін расказвае гісторыю выратавання Лёвы Варабейчыка

У 1942 годзе сям’я Кузьміных выратавала ад лютай смерці габрэйскага хлопчыка Лёву Варабейчыка. Гісторыя гэтага збаўлення добра вядомая Вадзіму Кузьміну па расповедах дзеда, дзядзькаў і самога Льва Варабейчыка, цёплыя стасункі з якім сям’я падтрымлівала аж да самай ягонай смерці ў 1984 годзе.

Пад носам у немцаў…  


У марозны лютаўскі вечар 1942 году ў хату Кузьміных пагрукалі: “Дапамажыце!” На парозе стаяў ледзь жывы хлапчук. Як высветлілася пазней, хлопец выжыў толькі праз шчасьлівы выпадак – усю ягоную сям’ю фашысты расстралялі, і ён быў сведкам гэтага злачынства.
Прайшоўшы па бязлітасным марозе дзясяткі кіламетраў, апынуўся ў Машкіне. Ледзь стаяў на ганку, бо ногі былі адмарожаныя. Гаспадары, не вагаючыся, упусцілі хлопца ў дом, хаця рызыка была ў поўным сэнсе слова смяротная – за ўкрыццё габрэя ўсёй сям’і Кузьміных пагражаў расстрэл.
Сітуацыя ўскладнялася яшчэ і тым, што ў хаце Кузьміных “кватараваў” камандзір нямецкага сапёрнага батальёну…

Сям’я Назара – пчаляра і кулямётчыка


Як распавёў Вадзім Кузьмін, у сям’і ягонага дзеда Назара было чацвёра дзяцей – старэйшая Аксана, Мікалай (бацька Вадзіма), Фёдар і самы малодшы – Гера (Георгій). Але на пачатак 1942 году пры бацьках заставаліся трое, бо 16-гадовы Мікалай падаўся ў апалчэнне (бацька Вадзіма Кузьміна прайшоў усю вайну, дайшоў да Берліну).
Працавітая сям’я старавераў Кузьміных была дастаткова заможнай. Гаспадара Назара Калістратавіча – палясоўшчыка і выдатнага пчаляра – у вёсцы вельмі паважалі. Дарэчы, у Першую сусветную служыў кулямётчыкам. За раненне, якое атрымаў на фронце, яму перадалі ў валоданне 14 га зямлі, на якой Назар пабудаваў дом.
Вадзім Кузьмін расказвае, што дзед не цешыў сябе ілюзіямі наконт немцаў. Казаў дзецям, што нічога добрага чакаць ад іх не варта, і трэба рабіць усё, каб ад іх рук не гінулі мірныя людзі. Таму нейкага цяжкага маральнага выбару – ратаваць ці не ратаваць габрэйскага хлопчыка – нават не паўставала. Канечне, ратаваць.

Хавалі, выходжвалі, лячылі…


“Калі ён прыйшоў, немцы, якія ў нас стаялі, ужо спалі. Бабуля пабачыла хлопчыка, завяла ў хату і схавала за печку. Завалілі яго там футрамі ды коўдрамі. Тры дні пад гэтымі футрамі і праляжаў. А зверху сядзелі дзядзя Федзя і дзядзя Гера...” – расказвае Вадзім Мікалаевіч, спасылаючыся на ўспаміны сваіх дзядзькаў.
“Праз некалькі дзён, калі немцаў не было ў хаце, Лёву таемна перавялі на хутар у лазню, дзе яго хавалі, выходжвалі і лячылі… Сястра Аксана лячыла яго, прыносіла медыкаменты, дапамагала чым магла”, — гэта ўжо паводле пісьмовых успамінаў Георгія Назаравіча (Геры). Ежу ў лес насілі Федзя і Гера.  
Між іншым, Аксана, былая студэнтка віцебскага медінстытуту, няблага ведала нямецкую мову і працавала ў шпіталі, таму насамрэч мела доступ да медыкаментаў. Дзякуючы ёй, Лёва Варабейчык выжыў і стаў на ногі.

Аксана Кузьміна (у цэнтры) з мужам і сябрамі. Пасляваеннае фота з архіву Вадзіма Кузьміна

Аксана Кузьміна (у цэнтры) з мужам і сябрамі. Пасляваеннае фота з архіву Вадзіма Кузьміна

Колькі ж насамрэч жыццяў выратавала медсястра Аксана Кузьміна, ужо не падлічыш. Але менавіта праз яе неабходныя лекі перадаваліся ў бліжэйшы партызанскі атрад. Праз даносы яе некалькі разоў ставілі да сценкі. Але ў абодвух выпадках жыцьцё дачкі ўдалося ў поўным сэнсе слова выкупіць Назару Калістратавічу. Як расказаў Вадзім Кузьмін, “у першы раз дзед занёс немцам вялікі залаты крыж, другі разам – вялікі цэбар мёду паліцаям”.
“Праз тры месяцы дзядзя Федзя перавёў Лёву праз лінію фронта да партызанаў. Адтуль праз паўгода яго пераправілі на Вялікую зямлю. Такім чынам наш Лёва застаўся жывы”, – расказвае Вадзім Мікалаевіч.
Дадае, што ў той самай лазні сям’ёй Кузьміных былі выратаваныя падчас вайны яшчэ некалькі чырвонаармейцаў.

Дзеду і бабулю называў “мама” і “тата”


Цікава склаўся і далейшы лёс герояў гэтай гісторыі. Лёва, апынуўшыся ў бяспецы, праз некаторы час пачаў прасіцца на фронт, каб адпомсціць за сям’ю. Але яму адмовілі – праз праблемы з нагамі. Тады разам з сябрам паспрабавалі прабрацца на фронт самавольна ды патрапілі ў лапы СМЕРШу. Ледзь-ледзь былі не расстраляныя як шпіёны, бо не мелі аніякіх дакумэнтаў. І выратаваліся толькі нейкім цудам…
Пасля вайны Лёва Варабейчык шукаў сваіх выратавальнікаў, але безвынікова (дакладна не памятаў, дзе ўсё адбывалася). Рабілі спробы даведацца пра лёс выратаванага імі хлопчыка і Кузьміны – ніякіх слядоў. Але зноў дапамог выпадак. Назар Калістратавіч і Лёва праз некалькі гадоў пасля Перамогі пазналі адзін аднаго на віцебскім базары. Ад таго часу цёплыя, рыхтык сямейныя, стасункі паміж Кузьмінымі і Варабейчыкамі трывалі да самага апошняга часу.

Лёва Варабейчык (у капелюшы) разам з сям'ёй Кузьміных. 1958 год. Фота з сямейнага архіву Вадзіма Кузьміна

Лёва Варабейчык (у капелюшы) разам з сям'ёй Кузьміных. 1958 год. Фота з сямейнага архіву Вадзіма Кузьміна


“Ён ставіўся да нашай сям’і як да роднай, дзеда і бабулю называў “мама” і “тата”. Часта наведваў іх у Заронаве. І я ўжо добра яго памятаю. Добра ведаю ягонага сына Ігара, які жыве зараз у Нямеччыне і з якім дагэтуль падтрымліваем стасункі. Знаёмы і з дачкой Святланай, цяпер жыве ў Ізраілі”, – тлумачыць Вадзім Кузьмін.
Па словах Вадзіма Мікалаевіча, Леў Варабейчык ня толькі часта гасціў у Кузьміных, але і шмат дапамагаў сваім “названым” бацькам і іх дзецям. Працаваў начальнікам мантажна-будаўнічага ўпраўлення, таму меў такую магчымасць.
Прыкладам, калі ў Фёдара Кузьміна (таго самага, які перавёў яго да партызан) згарэў дом, дапамог яму ў адбудове. А малодшага Геру ўзяў да сябе на прэстыжную працу. Што праўда, кабінетнага работніка з Георгія Кузьміна не атрымалася – цягнула, як ён сам потым напіша, “на аб’ект”. Стаў пазней выдатным бляхаром.
“Ён вельмі добра ставіўся да нашай сям’і. Дапамагаў заўсёды і Фёдару, і Аксане. Матка яго вельмі любіла. І калі ён прыяжджаў, заўжды панавала весялосць. Аднойчы нават на верталёце прыляцеў у Заронава і катаў бацькоў і ўсю вёску. І ягоная жонка Дора прыяжджала, і дзеці. Мы ўсе сябравалі. Наша сям’я лічыла Лёву сваім сынам… Магчыма шчаслівы лёс і Бог дапамаглі нам перажыць тую вайну…” – піша ў сваіх успамінах Георгій Кузьмін (Гера).

Справа гонару


Леў Варабейчык сышоў з жыцьця ў 1984 годзе, быў пахаваны ў Віцебску на габрэйскіх могілках. Летась не стала і Геры Кузьміна, які да апошніх дзён даглядаў магілу Лёвы, пакінуў пра яго і сваю сям’ю ўспаміны. Дзякуючы яму, а таксама праз руплівасць яго пляменьніка Вадзіма Кузьміна і засталася жывая памяць пра тыя падзеі.

Вадзім Кузьмін

Вадзім Кузьмін

Нададзеная сям’і, хай і пасмяротна, годнасць “Праведнікі Свету” – гэта найперш справа гонару і гістарычнай праўды. Адно што камісія ў Ізраілі з невядомых прычын так і не ўключыла ў спіс Георгія Кузьміна. “Магчыма, таму, што ў той час, калі ўсё адбывалася, дзядзя Гера меў усяго 6 гадоў, а магчыма, з іншых прычын, але было б цалкам справядліва, каб гэтае званне атрымаў і ён”, – лічыць пляменнік і ўнук “Праведнікаў Свету” Вадзім Кузьмін.
Таксама Вадзім Мікалаевіч выказвае вялікую падзяку ўсім тым, хто спрыяў вяртанню памяці і справядлівасці. З цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадвае кіраўнічку і стваральніцу славутага Заронаўскага музею Людмілу Нікіціну, якая першая падала ідэю даслаць дакументы і сведчанні пра мінулае ў Ізраіль. Цяпер у Заронаўскім музеі захоўваецца нямала дакументаў і экспанатаў пра сям’ю Кузьміных.

Ліст з Ізраілю

Ліст з Ізраілю

Вадзім Кузьмін гаворыць таксама, што нічога не атрымалася б, каб не вялікая дапамога дзяцей Льва Варабейчыка – Ігара і Святланы. І каб не шматлікія матэрыялы ў дзяржаўных і незалежных (першая публікацыя была ў часопісе “Мішпоха”) СМІ.
Ганаровы тытул “Праведнікі свету” атрымалі ўжо больш за 800 беларусаў. Усяго ў свеце – больш за 26 тыс. чалавек прызнаныя Праведнікамі Свету.  
Зміцер Міраш, vitebskspring.org