Уладзімір Мацкевіч: «Лічу яго годным узнагароды за мужнасць, а не пакарання»

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook допіс з разглядам «справы Барановіча». Мы лічым гэтую думку вартай.

4fd949cd4ff26b1fda4a787f3b68299e_baranovich.jpg

Нагадаем, 15 сакавіка 2017 году пасля «Маршу недармаедаў» супрацоўнікі міліцыі ў цывільным спрабавалі затрымаць групу анархістаў, калі тыя сядалі ў тралейбус, каб з'ехаць з месца правядзення акцыі. Мінчанін Святаслаў Барановіч не пазнаў у асобах у цывільным міліцыянтаў і заступіўся за маладых людзей. Узнікла бойка, падчас якой Барановіч ударыў чалавека, які, як высветлілася пазней, апынуўся супрацоўнікам міліцыі. Суд Маскоўскага раёну Мінску 12 сакавіка 2018 года прысудзіў Барановіча да 3 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
Вось што піша з гэтай нагоды Уладзімір Мацкевіч:

1. Усе грамадзяне Беларусі роўныя. У іх роўныя правы, і не можа быць ніякіх спецыфічных прывілеяў. Але грамадзянам Беларусі сёе-тое забаронена. Усім забаронена, бо яны роўныя. Напрыклад, забаронена біць іншых грамадзян, ўжываць гвалту ў дачыненні да роўных сабе грамадзян. Калі адзін грамадзянін б'е іншага грамадзяніна, то іншы грамадзянін мае права абараняцца. І іншыя добрапрыстойныя грамадзяне, калі ў іх ёсць сумленне, гонар і пачуццё ўласнай годнасці, могуць аказаць дапамогу таму грамадзяніну, у дачыненні да якога здзяйсняецца гвалт. Не ўсе гатовыя аказаць такую дапамогу, толькі смелыя і сумленныя грамадзяне.

Па-мойму, гэта лагічна і справядліва.

2. Ёсць адмысловая катэгорыя грамадзян, якія знаходзяцца пры выкананні афіцыйных абавязкаў, знаходзяцца на службе абароны грамадзян ад гвалту. У абавязкі гэтых грамадзян пры выкананні ўваходзіць прымяненне гвалту супраць тых грамадзян, якія парушаюць правы іншых грамадзян. Усе астатнія грамадзяне апазнаюць тых, якія пры выкананні, па спецыяльных адметных знаках, у прыватнасці — па афіцыйнай форме адзення. Форма на грамадзяніне азначае, што ў яго абавязкі ўваходзіць легітымны гвалт у дачыненні да тых, хто ўжывае гвалт нелегітымны. Калі грамадзянін знаходзіцца без формы і адметных знакаў, значыць, ён не пры выкананні, і становіцца такім жа грамадзянінам, як і ўсе роўныя ў сваіх правах грамадзяне Беларусі. І яму забаронена ўсё, што забаронена ўсім грамадзянам без формы, або іншых адметных знакаў. Забаронена біць іншых грамадзян і здзяйсняць акты гвалту. Калі яны парушаюць гэтую забарону, то ад іх грамадзяне могуць абараняцца гэтак жа, як ад усякага гвалтаўніка.

Па-мойму, гэта лагічна і справядліва.

3. Калі грамадзянін, які служыць у міліцыі, знаходзіцца ў грамадскім месцы без формы, то ён не знаходзіцца пры выкананні сваіх службовых абавязкаў. І калі ён здзяйсняе акты гвалту ў дачыненні да іншых грамадзян, то становіцца гвалтаўніком, супраць якога магчыма, і нават трэба абараняцца, і гэтая абарона становіцца легітымным гвалтам.

Па-мойму, лагічна і справядліва.

4. Грамадзяне Беларусі не могуць быць пазбаўлены права на самаабарону супраць гвалту.

Па-мойму, гэта не проста лагічна і справядліва, але павінна быць узведзена ў прынцып і ўзаконена.

6. Міліцыянт без формы — значыць, не пры выкананні. Калі ён здзяйсняе акт гвалту, то ён становіцца гвалтаўніком. Ад гвалтаўніка трэба абараняцца, у тым ліку і з прымяненнем гвалту.

Па-мойму, гэта сумленна, справядліва і лагічна. Нездарма ж міліцыя ў сваіх PR-матэрыялах заклікае грамадзян дапамагаць міліцыі супраць гвалтаўнікоў.

7. Грамадзянін, які аказаў дапамогу ахвяры гвалту з боку гвалтаўніка, аказвае дапамогу міліцыі ў барацьбе з гвалтам у грамадскіх месцах. Такая дапамога вартая заахвочвання і ўзнагароды.

Не ведаю, наколькі гэта лагічна, паколькі гэта ўсяго толькі рэалізацыя права грамадзяніна, але гэта ў вышэйшай ступені справядліва, паколькі супраціў гвалту і дапамогу ахвярам гвалту патрабуе мужнасці. А мужнасць павінна узнагароджвацца.

8. Грамадзянін, якi не знаходзiцца пры выкананні службовых абавязкаў і ўчыняе акты гвалту, падлягае пакаранню. У дачыненні да яго дапушчальны легітымны гвалт, аж да пазбаўлення волі.

Па-мойму, гэта прававая і этычная аксіёма.

Уладзімір Мацкевіч. Фота з яго старонкі ў Facebook

Уладзімір Мацкевіч. Фота з яго старонкі ў Facebook


9. У нашай краіне ўсё пастаўлена з ног на галаву. Тры гады пазбаўлення волі атрымлівае мужны грамадзянін, які прыйшоў на дапамогу ахвярам гвалту з боку асобаў без формы і іншых апазнавальных знакаў. А гвалтаўнікі, магчыма, нават атрымалі заахвочванне ад начальства.

Па-мойму, гэта абсурдна, і ў вышэйшай ступені супрацьзаконна.

10. Міліцыянт — гэта не каста, не саслоўе, не вартасць на ўсе часы, гэта служба і праца ў гадзіны, вызначаныя правіламі ўнутранага распарадку часткі, дзе ён служыць, і адпаведнымі артыкуламі КЗаП. Знакам таго, што міліцыянт знаходзіцца на службе, з'яўляецца форма. Калі міліцыянт зняў форму і апрануты у цывільную вопратку, ён такі ж грамадзянін, як і ўсе астатнія, і ў яго няма права на гвалт, ні на легітымны, ні на нелегітымны. І абарона ад гвалтаўніка ў цывільным ёсць права кожнага грамадзяніна Беларусі.

Па-мойму, гэта павінен ведаць кожны грамадзянін Беларусі і, тым больш, кожны міліцыянт, уключаючы міністра МУС.

11. Грамадзянін, які знаходзіцца на службе ў міліцыі, мае пасведчанне МУС. Некаторыя службовыя абавязкі супрацоўнік міліцыі можа выконваць без формы, гэта нават мэтазгодна. Але грамадзянін без формы, нават з пасведчаннем у кішэні, не мае права на гвалт. І гвалт з яго боку з'яўляецца нелегітымным ў любым выпадку. Калі для выканання службовых абавязкаў супрацоўніку міліцыі ў цывільнай вопратцы неабходна ўжыць гвалт, яму патрабуецца памочнік ў форме. Напрыклад, участковы, ці іншай супрацоўнік міліцыі. Без гэтага пасведчанне МУС не дае права на гвалт.

Па-мойму, гэта лагічна, хоць і не відавочна. Але гэта варта ўзвесці ў закон, і менавіта ў нашай краіне, дзе міліцыя раз за разам перавышае свае паўнамоцтвы і з'яўляецца галоўным парушальнікам правоў іншых грамадзян.

12. Я не быў на судзе над Святаславам Барановічам. Але лічу яго годным ўзнагароды за мужнасць і грамадзянская паводзіны, а не пакарання.

Па-мойму, гэта магло б стаць і грамадскай думкай.

13. Я не быў на судзе над Святаславам Барановічам. Але лічу гэты суд няправым, неправавым, і злачынным.

Па-мойму, да такой высновы грамадская думка павінна была прыйсці даўно.