Улады Пружан распавялі, калі за БЧБ-вопратку пакараюць і чаму пасля фота з парасонам у сям'ю прыйшла апека

У якіх выпадках бела-чырвонае адзенне і парасон могуць стаць падставай для пратакола па артыкуле за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства, патлумачылі жыхарцы Пружан у мясцовым райвыканкаме.

devushki_guliajut_20201224_b_phsl_tutby_photo_2020_12_24_16_34_57_8.jpg

У лютым жыхарка Пружан Алёна патэлефанавала на гарачую лінію намесніка старшыні райвыканкама Руслана Супруновіча. Жанчына спытала, ці з'яўляюцца бела-чырвоныя колеры «забароненай сімволікай» і ці можна насіць адзенне такой расфарбоўкі, не баючыся атрымаць пратакол.

Адказ жанчыне прыйшоў пісьмовы — і 1 сакавіка. У лісце (копія ёсць у рэдакцыі TUT.BY) паведамляецца, што ў кампетэнцыю мясцовых улад «не ўваходзіць рэгуляванне колеравай гамы адзення і аксесуараў».

«Разам з тым адзначаем, што пры наяўнасці іншых фактараў, якія могуць быць вытлумачаны як публічнае выказванне грамадзянінам грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў альбо пратэсту з выкарыстаннем атрыбутыкі, названыя вамі прадметы (адзенне, парасон чырвона-бел-чырвонай расфарбоўкі) могуць атаясамлівацца з сімволікай пратэстнага руху і ў адпаведнасці з "Законам аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" расцэньвацца як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, што ўтварае склад адміністрацыйнага правапарушэння па артыкуле 24.23 (у старой рэдакцыі КаАП гэта "народны" артыкул 23.34, па якім судзілі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. — Заўв. рэд.)», — паведамлялася ў лісце.

Алёна таксама папрасіла растлумачыць, чаму пасля таго, як яна з дзецьмі трапіла на фота з бела-чырвоным парасонам, яе сям'ёй зацікавілася апека.

Як высветлілася, падставай сталі два паведамленні з міліцыі ў дачыненні да Алены і яе мужа, якія паступілі ў аддзел адукацыі райвыканкама 14 снежня мінулага года і 11 студзеня 2021. У іх паведамлялася, што бацькі «ўцягваюць сваіх малалетніх дзяцей ва ўдзел у мерапрыемствах, накіраваных на выраз нязгоды з дзеючым палітычным ладам у Рэспубліцы Беларусь» — і тым самым грэбуюць ускладзенымі на іх абавязкамі па выхаванні і «ажыццяўленні мерапрыемстваў, накіраваных на фізічнае, духоўнае і маральнае развіццё дзяцей, іх здароўе, вучобу і падрыхтоўку да самастойнага жыцця».

«Паколькі інфармацыя аб выяўленні неспрыяльнай для дзяцей абстаноўкі ад аддзела ўнутраных спраў райвыканкама паступала двойчы ( ... ), з такой жа перыядычнасцю ажыццяўлялася вывучэнне сітуацыі ў вашай сям'і шляхам наведвання па месцы жыхарства, што правамерна. Па выніках вывучэння сітуацыі ў вашай сям'і ўстановамі адукацыі, якія праводзілі гэтую працу, фактаў, якія паказваюць на наяўнасць неспрыяльнай для дзяцей абстаноўкі, крытэрыяў і паказчыкаў сацыяльна небяспечнага становішча не выяўлена», — гаварылася ў адказе на зварот.