«Ва ўменні ствараць сабе нядобразычліўцаў яны не маюць сабе роўных»

Тэлеграм канал «Лісты да дачкі» піша, што агульнага цяпер у каталікоў і індывідуальных прадпрымальнікаў, і чым адгукаецца настойлівы пошук ворагаў.


У беларускіх уладаў рэгулярна што-небудзь ламаецца. То атамная станцыя, то труба на Гродна Азот, то экспарт, разам са знешняй палітыкай. І ёсць адна толькі справа, якая ва ўладаў нязменна атрымліваецца найлепшым чынам. Ва ўменні ствараць сабе нядобразычліўцаў яны не маюць сабе роўных. Ці, прынамсі, ва ўменні падтрымліваць градус непрыязнасці сярод тых, хто і раней адчуваў да ўладаў пачуццё альтэрнатыўнай сімпатыі. Нават дзіўна, наколькі лёгка ім гэта ўдаецца. Усё адбываецца, можна сказаць, само па сабе ў рамках ажыццяўлення працэсаў бягучай жыццядзейнасці.

Я практычна ўпэўнены, напрыклад, што ўлады не хацелі абражаць Рымскую Каталіцкую Царкву. У тым сэнсе, што не праводзілі пасяджэння сітуацыйных штабоў, эксперты не адбіралі эскізы малюнкаў, якія павінны ўразіць пачуцці вернікаў як мага больш балюча.

Але ж атрымалася! Адна карцінка, і любы каталік разумее, што ён для ўлады — вораг да труны. А каталікоў, вернікаў або тых, хто ім спачувае, у краіне ўсё-ткі больш за мільён. І, тэарэтычна, можна было б зрабіць выгляд, што шкадуеш пра тое, што здарылася, каб каталікі маглі зрабіць выгляд, што яны не пакрыўдзіліся. Але практычна, калі прымусіць папрасіць прабачэння аднаго сведку стабільнасці, то ў іншых можа паўстаць кагнітыўны дысананс і няўпэўненасць у межах дазволенага. А душы ў сведак стабільнасці далікатныя. Сумневаў і маральна-этычных дылем не церпяць.

І патрабаванне да ІП абзавесціся касавымі апаратамі да 10 кастрычніка, пры ўсім нясходстве знешніх абставінаў, на самай справе з той жа серыі, што і карцінкі ў мінскай газеце. Гэта пра тое, як падтрымліваць у грамадстве патрэбны градус непрыязнасці. Таму што неабходнасць куплі касавых апаратаў перакладае рэпетытарства або, скажам, дастаўку кветак у зону адмоўнай рэнтабельнасці.

І я нават дапускаю, што ўлады збіраюцца ўшчаміць 270.000 афіцыйна зарэгістраваных на пачатак года ІП не дзеля помсты за праяўленую нелаяльнасць. А проста наводзяць парадак, як яны яго разумеюць. А калі ў працэсе ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі атрымалася пакрыўдзіць лішніх 100 — 200 тысяч чалавек, то гэта такі дадатковы бонус, на які ўлады, магчыма, нават не разлічвалі.

І ты, вядома, можаш сказаць, што ўлада даўно прывыкла жыць у атмасферы ўсеагульнай альтэрнатыўнай сімпатыі. Але ў тым і справа, што, пакуль улады павышаюць градус непрыязнасці ўнутры, звонку расце колькасць ахвотных пахіснуць беларускую стабільнасць. І, скажам, пасля ўчорашняга арышту ў Літве грузу БелАЗа, рэальнасць спынення калійнага транзіту прызнаў ужо нават Беларуськалій.

Вось калі раней словы пра пагрозлівы беларускай стабільнасці Захад былі такім рытарычным прыёмам, спосабам зрабіць ўражанне, то цяпер супраць праўды не папрэш. Пагражае. І нават не лічыць патрэбным гэта хаваць.

І калі знешнія пагрозы растуць, было б лагічна пашукаць апору ўнутры краіны. Памірыцца з народам і паспрабаваць знайсці з ім што-небудзь агульнае. Але замест гэтага ўлада ўвайшла ў раж і б’е па шырокіх плошчах, кранаючы то каталікоў, то ІП, то студэнтаў, то жонак футбалістаў. І, атрымліваецца, што задавальненне ў бягучых абставінах могуць адчуваць толькі поўныя сведкі стабільнасці.

А гэта значыць, што жадаючых падставіць плячо стабільнасці, якая хістаецца, будзе цяжка знайсці. А жадаючых пахістаць шукаць, наадварот, не прыйдзецца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: