Віцебскі аблвыканкам прынцыпова не ўжывае беларускую мову на ўласным сайце

Актывіст Партыі БНФ Канстанцін Смолікаў напісаў электронны зварот: прапанаваў, каб на інтэрнэт-сайце аблвыканкаму была беларускамоўная версія. Адказ ад ідэалагічнага аддзелу быў кароткі: сайт быў і будзе толькі на рускай мове. Бо гэта не супярэчыць заканадаўству. А інтарэсы грамадзянаў ніхто ўлічваць не збіраецца.



vieciebski_ablispalkam.jpg

Будынак Віцебскага аблвыканкама. Фота evitebsk.com.
Паводле Канстанціна Смолікава, грамадзяне маюць права на тое, каб карыстацца той мовай, якая ім бліжэй, а таксама маюць права на тое, каб для гэтага былі створаны адпаведныя ўмовы:

"Сайт Віцебскага аблвыканкаму — агульнадаступны інтэрнэт-рэсурс. Ён створаны так, каб грамадзяне маглі скарыстацца пэўнымі тэхнічнымі магчымасцямі, прыкладам, маглі накіраваць уладам электронны зварот. Дык чаму б не зрабіць беларускамоўную версію сайту? У нас шмат людзей, якія ў дастатковай ступені валодаюць роднай мовай, і нямала тых, хто імкнецца стварыць вакол сябе беларускамоўны асяродак. Дык чаму б не дапамагчы ў гэтым? Тым болей, што беларуская і руская мова юрыдычна маюць у нашай дзяржаве роўны статус. Таму я лічу дыскрымінацыйным падыход, які мне патлумачылі ў лісце з аблвыканкаму".

У гэтым лісце, падпісаным намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі П. У. Гнуценкам, гаворыцца: "згодна з падпунктам 1.3 пункту 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2010 года №60 "Аб мерах удасканалення нацыянальнага сегменту сеткі інтэрнэт" сайты дзяржаўных органаў і арганізацый фармуюцца на рускай і (або) беларускай мовах, а пры неабходнасці — на адной ці некалькіх замежных мовах. Такім чынам, выкарыстанне рускай мовы… не супярэчыць дзеючаму заканадаўству".

Сайт Віцебскага аблвыканкаму мае толькі 2 версіі — рускую і англійскую, прычым на старонцы па англійску працуюць не ўсе спасылкі. Што да старонак аблвыканкамаў у іншых рэгіёнах, то беларускамоўную версію мае толькі сайт Гродзенскага аблвыканкаму.

 
spring96.org