Выведка на месцы

З аднадзённым візітам 14 жніўня Мінск наведаў памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША Філіп Гордан. Па выніках шэрагу сустрэч гучных заяў і высноў зроблена не было. Эксперты губляюцца ў здагадках: ці амерыканскі палітык папросту разведваў абстаноўку, ці ўсё ж зрабіў беларускім уладам важныя прапановы. Аднак адно бясспрэчна: са зменай кіраўніцтва ў Белым доме ўвага да Беларусі не сышла на нуль і пераемнасць у знешняй палітыцы да нашай краіны захавалася.

З аднадзённым візітам 14 жніўня Мінск наведаў памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША Філіп Гордан. Па выніках шэрагу сустрэч гучных заяў і высноў зроблена не было. Эксперты губляюцца ў здагадках: ці амерыканскі палітык папросту разведваў абстаноўку, ці ўсё ж зрабіў беларускім уладам важныя прапановы. Аднак адно бясспрэчна: са зменай кіраўніцтва ў Белым доме ўвага да Беларусі не сышла на нуль і пераемнасць у знешняй палітыцы да нашай краіны захавалася.
Прадстаўнік дзяржаўнага дэпартамента сустрэўся з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімірам Макеем і міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргеем Мартынавым. Афіцыйныя паведамленні гавораць, што падчас гэтых сустрэчаў былі «абмеркаваныя пытанні развіцця беларуска-амерыканскіх адносін, у тым ліку выкарыстання наяўных магчымасцяў па пашырэнні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва», а таксама «грунтоўны абмен меркаваннямі па пытаннях шматбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў сферы міжнароднай бяспекі і раззбраенні. Бакі дамовіліся падтрымліваць рэгулярныя кантакты».
Перад сустрэчай з прадстаўнікамі ўлады Філіп Гордан даведаўся і пра неафіцыйныя пункты погляду на цяперашнюю ўнутраную і знешнюю палітыку Беларусі: памочнік дзяржсакратара ЗША сустрэўся з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Аляксандрам Казуліным, кіраўніком Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам, намеснікам старшыні Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам, кіраўніком Партыі камуністаў беларускай Сяргеем Калякіным, намеснікам кіраўніка руху «За свабоду» Віктарам Карнеенкам, старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатолем Ляўковічам, лідэрам арганізацыі «Маладыя дэмакраты» Міхаілам Пашкевічам, сустаршынёй партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталем Рымашэўскім і праваабаронцам Валянцінам Стэфановічам.
Такім чынам, амерыканскі палітык прыйшоў у Адміністрацыю прэзідэнта і МЗС са свежай інфармацыяй па актуальных пытаннях. Падчас сустрэчы ўздымаліся тэмы свабоды асацыяцый, СМІ, моладзевай палітыкі, палітвязняў. Найперш госця прасілі звярнуць увагу на крымінальныя справы, заведзеныя ў дачыненні да ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Юрыя Лявонава, моладзевага актывіста Арцёма Дубскага, фігурантаў «справы 14-ці», якіх арганізацыя «Amnesty International» прызнала вязнямі сумлення.
Дарэчы, намеснік дзяржсакратара заявіў, што пазіцыя ЗША ў дачыненні да сітуацыі ў Беларусі застаецца нязменнай і ніякага гандлю дэмакратычнымі каштоўнасцямі не будзе. Па меркаванню Гордана, ва ўмовах крызісу беларускія ўлады здзяйсняюць некаторыя крокі ў бок дэмакратызацыі грамадства і прытрымлівання правоў і свабодаў грамадзян, але гэтыя крокі павінны быць больш значнымі.
«Відавочна, што сустрэча з прадстаўнікамі апазіцыі для Філіпа Гордана мела кансультатыўны характар перад асноўнымі сустрэчамі з урадаўцамі, — дзеліцца сваімі ўражаннямі лідэр «Маладых дэмакратаў» Міхаіл Пашкевіч. — Разам з тым, Гордан быў добра абазнаны ў нашых праблемах, адчувалася веданне тэмы. Немалаважна і тое, што не паўтарыўся сцэнар прыезду еўрачыноўнікаў, калі прадстаўнікам апазіцыі даваліся гучныя абяцанні, але ўжо праз пару гадзін яны парушаліся».
Не так даўно кіраўнік Беларусі заявіў, што поўнае зняцце эканамічных санкцый Вашынгтонам будзе ацэнена як сігнал для паўнавартаснага аднаўлення ўзаемнай дыпламатычнай прысутнасці. Тады ж Лукашэнка заўважыў, што новая адміністрацыя ЗША дэманструе накіраванасць на больш адказную ролю ў зменлівым свеце. «Спадзяюся, гэты працэс у пазітыўным рэчышчы закране і Беларусь... Мы прапаноўваем Амерыцы прадметна-канструктыўны дыялог па шырокім коле актуальных пытанняў і першымі гатовыя працягнуць руку для аднаўлення клімату паразумення і даверу», — заявіў беларускі лідэр. Візіт Філіпа Гордана прадставіў шанец прадэманстраваць гэтую саму працягнутую руку. Відавочна, што ва ўмовах эканамічнай нестабільнасці пытанне эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЗША наўрад ці было праігнараванае. Аднак зноў жа афіцыйныя паведамленні не ўтрымлівалі інфармацыі пра канкрэтныя дамовы.
Сам характар сустрэчы паказвае, што Штаты не паставілі крыж на Беларусі і ў прынцыпе гатовыя да падтрымання дыпламатычных адносінаў, але пры ўмове, калі апошняя не будзе заходзіць за «чырвоныя сцяжкі».