Вярхоўны суд ліквідаваў «Гавары праўду»

Рэспубліканскае даследча-асветніцкае грамадскае аб'яднанне «Гавары праўду» ліквідавана. Такое рашэнне прыняў 8 кастрычніка Вярхоўны суд, паведамілі Reform.by ў арганізацыі.

facebook.com/ZaprauduBY

facebook.com/ZaprauduBY

Ініцыятарам ліквідацыі быў Мінюст. У ліпені ён пачаў пазапланавую праверку ў арганізацыі, а затым падаў пазоў аб ліквідацыі.
«І нібыта ўсё загадзя ясна, але непазбежна ўнутры жыве надзея "а раптам зараз будзе да законаў" і ўпэўненасць, што пры любым рашэнні суда мы застаёмся і будзем працягваць», — пісаў сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў перад пачаткам суда 5 кастрычніка.
«Гавары праўду» — беларуская грамадская арганізацыя. Ёй папярэднічала кампанія з аналагічнай назвай, распачатая 25 лютага 2010 года даследча-асветніцкай установай «Рух наперад» і падтрыманая шэрагам грамадскіх дзеячаў. Першапачаткова лідарам «Гавары праўду» быў беларускі паэт Уладзімір Някляеў. Кампанія стала базай для вылучэння Уладзіміра Някляева кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года і працягнулася пасля іх завяршэння. 20 мая 2020 года Цэнтрвыбаркам Беларусі зарэгістраваў ініцыятыўную групу аднаго з лідараў арганізацыі Андрэя Дзмітрыева, кандыдата ў прэзідэнты.
15 ліпеня 2021 года ў офісе аб'яднання і дома ў сустаршыні Таццяны Караткевіч прайшлі ператрусы, канфіскавана тэхніка. Ператрусы праводзіліся ў рамках артыкулаў 293 КК («Масавыя беспарадкі») і 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). 12 жніўня другога сустаршыню Андрэя Дзмітрыева затрымалі сілавікі. У той жа дзень яго адпусцілі.