З Леўчанка і Сныцінай былі б медалі

Актыўная падтрымка дыяспары з БЧБ-сцягамі. Сенсацыя на старце і добры імпэт пасля. «Верым, можам, пераможам!» ад аднаго з лідараў на прэс-канферэнцыі. Стома напрыканцы і выніковае безмедалле. Беларускія баскетбалісткі скончылі ўдзел у чэмпіянаце Еўропы, заняўшы пачэснае чацвёртае месца.

Зборная Беларусі: лебядзіная песня? Фота fiba.basket

Зборная Беларусі: лебядзіная песня? Фота fiba.basket


Як гэта было і чаму так завяршылася — у расповедзе НЧ.

Свае сярод чужых

Адразу адзначым, што ў чэрвеньскім спартыўным жыцці бабулі Еўропы жаночы Еўрабаскет топавай падзеяй не стаў. Бо занадта шмат наклалася абставін, якія адцягнулі ўвагу да іншага. Тут і пандэмія каронавіруса, праз што ў Валенсію і Страсбург замежныя заўзятары амаль не прыехалі і гледачоў на трыбуны запускалі ў абмежаванай колькасці. Тут і летняя гарачыня, якая пацягнула тамтэйшы люд далей ад асфальта і бліжэй да вады. Тут — і гэта галоўнае — доўгачаканы футбольны EURO, які накрыў густым ценем любы іншы спорт на кантыненце.
Але ўвесь гэты фон выдатна спрацаваў на падтрымку зборнай Беларусі. Бо такія ўжо цяпер у нас часы: дыяспары гуртуюцца, множаць салідарнасць і генеруюць сапраўдны патрыятызм.
Так і сталася, што дзясятак валенсійскіх беларусаў аказаўся ці не ў цэнтры ўвагі падчас матчаў суайчынніц. Бел-чырвона-белыя сцягі і іншая «несанцыянаваная» сімволіка, воклічы з трыбун, якія на радзіме лічацца ледзь не экстрэмісцкімі, усялякія іншыя актыўнасці — хто-хто, а наша зборная на ЧЕ без прыкметнай падтрымкі не засталася.
Вядома, кіраўніцтву беларускай дэлегацыі БЧБ-афарбоўка фанацкага згуртавання паўстала папярок горла. Генсек федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна разам з супрацоўнікамі амбасады, якія рэгулярна наведвалі гульні, неяк спрабавалі «зачысціць» прастору ад «дэструктыўных» колераў. Тэлевізійшчыкі на БТ імкнуліся маніпуляваць карцінкай, каб сцягі і іншая «Пагоня» не траплялі ў кадр жывых трансляцый. Старшыня БФБ (і па сумяшчальніцтве буйны дзяржаўны чыноўнік) Максім Рыжанкоў даваў агню з Мінска, называючы заўзятараў ледзьве не ворагамі айчыннага спорту, якія зычаць сваім баскетбалісткам няўдач. Аднак усе гэтыя высілкі аказаліся марнымі.
Канчаткова ясна гэта стала пасля паўфінальнага матча з францужанкамі, калі баскетбалістка Таццяна Ліхтаровіч на прэс-канферэнцыі выказала шчыры рэспект заўзятарам. Прычым яна не толькі падзякавала БЧБ-гледачам, але і заклікала падтрымліваць каманду надалей, і скончыла свой кароткі выступ ёмістым слоганам «Верым, можам, пераможам!».
Зрэшты, агульнае стаўленне да зборнай падчас чэмпіянату было даволі стракатым, не наўсцяж адназначным. Бо гэта з аднаго боку аранжавым мячом грукалі аб паркет Таццяна Ліхтаровіч, Аляксандра Тарасава і Ганна Брыч — дзяўчаты, якія ў жніўні падпісаліся пад адкрытым лістом за сумленныя выбары і супраць гвалту. З боку другога гуляла Юлія Рыцікава — падпісантка за Аляксандра Лукашэнку і жонка міліцыянта, які ўдзельнічаў у падаўленні пратэстаў. А паабапал — баскетбалісткі-маўчунні, якія наконт сітуацыі ў краіне ўвогуле аніяк не выказаліся.
Таму скажам па праўдзе: хапала і тых, хто ў такім кагнітыўным дысанансе вырашыў наогул абстрагавацца ад Еўрабаскета, каб не рваць душу. Зразумець не цяжка: маральныя камертоны ў сучаснай Беларусі зараз настроеныя так, што найперш узрушаюць рэпрэсіі, палітвязні, дзівосныя суды і паранармальныя выракі, і толькі потым — усё астатняе: ад спартыўных вынікаў да навінак літаратуры і намінантыў на «Оскар».

Каля п’едэсталу

Месца, якое занялі беларускі на ЧЕ, лічыцца ў спорце самым крыўдным. Чацвёртае, каля самай прызавой тройкі, — як кажуць, «драўляны медаль». Аднак не ў становішчы сённяшняй зборнай скардзіцца на лёс. Таму што перад пачаткам турніру чаканні былі нашмат больш песімістычнымі. У гульні каманды хапала хібаў, вынікі кантрольных спарынгаў былі адмоўныя, дый задачу кіраўніцтва ставіла больш сціплую — выйсці хаця б у чвэрцьфінал.
Але ўжо ад самага старта беларускі газанулі так, што густы выхлап ахінуў не каго-небудзь, а дзеючых чэмпіёнак Еўропы іспанак. Беларускі перамаглі адных з галоўных фаварытак — і гэта сталася сапраўдным цудам, які дагэтуль складана асэнсаваць.
Па гамбургскім рахунку, тая вікторыя і адчыніла беларускай зборнай дзверы наверх, бо далей гулялі ўжо ў сваю сілу. Саступілі славачкам — прыкра, але па справе. Потым перамаглі Швецыю — упэўнена і з буйным лікам. Па выніках групавога раўнду гэтыя поспехі дазволілі заняць першае месца ў адборачным квартэце і напрамкі выйсці ў чвэрцьфінал.
Там на шляху патрапіліся старыя знаёмыя — тыя ж шведкі, якія аказаліся ў топ-8, перамогшы на адмысловай дадатковай стадыі 1/8 фінала. Другі раз у тую ж раку беларускі зайшлі цвёрдым крокам і зноў патапілі скандынавак.
Так, на гэтым радасці скончыліся — у паўфінале зборная капітулявала перад магутнай камандай Францыі, а потым не дала рады і бельгійкам у гульні за трэцяе месца. Такі фініш падпсаваў баскетбалісткам настрой, але як па цвярозым розуме, то агулам адысея на Еўрабаскет атрымалася для каманды паспяховай. І па вышэй згаданых прычынах, і яшчэ таму, што на такую вышыню беларускі жаночы баскетбол узняўся ўсяго чацвёрты раз у гісторыі. Дагэтуль былі бронза-2007 і такое ж чацвёртае месца ў 2009-м і 2015-м.
Ну, і яшчэ на адзін бонус нельга забыцца: патрапленне ў чацвёрку мацнейшых у Еўропе аўтаматычна дазволіла каманде кваліфікавацца ў адборачны турнір на чэмпіянат свету-2022.

Абмежаваны кантынгент

Падпісантак ліста супраць гвалту ў складзе зборнай на чэмпіянаце Еўропы магло быць болей — калі б з кантэксту не выпалі Алена Леўчанка і Кацярына Сныціна. Гэтая гісторыя занадта вядомая, каб цытаваць старажытныя папірусы.
Леўчанка яшчэ да выбараў у каманду запрашаць перасталі — праз розныя прычыны, уключаючы прынцыповасць характару адной з лепшых цэнтравых сусветнага жаночага баскету. Сныціна ж сышла нядаўна — у сакавіку, — перад гэтым зрабіўшы важкі ўнёсак у выхад зборнай на ЧЕ падчас кваліфікацыі. Аргументацыя рознабаковая: ад рашучага адмаўлення падпісваць дадатак да кантракту (там прадугледжвалася ўзгадненне з кіраўніцтвам любых кантактаў з прэсай) да агульнага эмацыйнага стану («Не хачу прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне у той час, калі мой народ пакутуе ад катаванняў і рэпрэсій»).
Усё гэта зразумела, як зразумела і іншае: Алены і Кацярыны беларускам на Еўрабаскеце ой як не хапіла. Можна сцвярджаць з упэўненасцю: з дапамогай гэтага тандэму вопытных майстроў зборная пэўна б заскочыла на п’едэстал.
Бо ў Валенсіі мы ўбачылі ўсё тую ж старую праблему, пазбыцца якой наш жаночы баскетбол не можа доўгія гады. Абмежаваны кантынгент кваліфікаваных гульцоў, крытычна кароткая лава запасных — ад гэтага бедаваў яшчэ легендарны трэнер Анатоль Буяльскі, чыімі шчыраваннямі наша зборная і выбілася ў сусветныя «топы».На ЧЕ кадравы дэфіцыт кідаўся ў вочы настолькі яўна, што нават каментатары «Беларусь 5» адзначалі: каманду цягнуць наперад усяго тры баскетбалісткі — Настасся Верамеенка, Марыя Папова і натуралізаваная амерыканка Алекс Бэнтлі. Сцвярджэнне, канешне, спрэчнае, бо стараліся паддаваць пары і Таццяна Ліхтаровіч, і Аляксандра Тарасава, і Вікторыя Гаспер… Але ж, па сутнасці, вялікая праўда ў тым ёсць — і яна, як той казаў, у вочы коле.
Мы ўжо згадвалі ў ранейшых артыкулах гэты фактар — поруч з відавочнымі высновамі. З падрыхтоўкай рэзерву ў жаночым баскетболе такая ж бяда, як і ў многіх іншых відах спорту. А рэзервы — гэта ці не галоўны паказчык дабрабыту і развіцця. Моладзь падштурхвае, стварае канкурэнцыю, забяспечвае новай энергетыкай і новымі ідэямі. Моладзь — гэта будучыня, а цяперашняя сітуацыя хутчэй намякае, што файнай будучыні ў беларускай зборнай няма.
Дый сучаснасць ужо задае непрыемныя пытанні. Дзяўчаты, вядома, малайцы, але ці можна было зачапіцца за медалі, калі з матча ў матч на пляцоўку выходзілі толькі сем-восем баскетбалістак? Еўрабаскет — турнір хуткацечны і са шчыльным графікам, ён патрабуе гарманічнага размеркавання сіл.
А тут жа яшчэ і ўзрост. Ці варта патрабаваць подзвігаў ад каманды, чые гульцы масава перасягнулі знакавы ўзрост у 30 гадоў? Канешне, зазіраць жанчынам у пашпарт — не самая прагрэсіўная ідэя, аднак з песні слоў не выкінеш. Вользе Зюзьковай 38, Юліі Рыцікавай — 34, Настассі Верамеенка, Таццяне Ліхтаровіч і Вікторыі Гаспер па 33, Аляксандры Тарасавай — 32, Алекс Бэнтлі — 30… Можаце праверыць, але рызыка памылкі мізэрная: зборная Беларусі на чэмпіянаце Еўропы была самай узроставай камандай.
Добра, што гэтая каманда выдала на ЧЕ гучны пераможны спеў. Але ці не было гэта лебядзінай песняй?..
МАТЧЫ ЗБОРНАЙ БЕЛАРУСІГрупавы раўнд17.06. Беларусь — Іспанія — 53:51.18.06. Беларусь — Славакія — 54:58.20.06. Беларусь — Швецыя — 78:54.Чвэрцьфінал23.06. Беларусь — Швецыя — 58:46.Паўфінал26.06. Беларусь — Францыя — 61:73.Матч за трэцяе месца27.06. Беларусь — Бельгія — 69:77.ФІНАЛ27.06. Францыя — Сербія — 54:63.