«За філосафа працуюць ягоныя ідэі». Як Уладзімір Мацкевіч сядзіць і ў турме, і ў фэйсбуку

Пасля арышту вядомага філосафа Уладзіміра Мацкевіча ягоныя аднадумцы, сябры распачалі кампанію «Філосаф за кратамі» #философ_в_тюрьме #philosopher_in_prison, #філосаф_у_турме. «Каб ідэі Мацкевіча працягвалі працаваць», — так тлумачыць яны сваю мэту, піша Свабода.

c9169148_483b_498d_81cc_bb10b4b086f4_w1023_r1_s.webp


Мацкевіч прызнаны «схільным да экстрэмізму» і сядзіць у адзіночцы

Да вядомага метадолага і філосафа Уладзіміра Мацкевіча 4 жніўня прыйшлі супрацоўнікі КДБ, правялі ператрус, канфіскавалі аргтэхніку і дакументы, змясцілі яго ў ІЧУ на Акрэсціна. Праз 10 дзён перавялі ў СІЗА № 1. Мацкевіч абвінавачваецца ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342). Аднак на Валадарцы ніякіх следчых дзеянняў не праводзіцца. У камеры з 14 жніўня яго трымаюць аднаго. Днямі філосафа прызналі «схільным да экстрэмізму».
Калега Мацкевіча, каардынатарка «Лятучага ўніверсітэту» Таццяна Вадалажская пажартавала, што, можа, гэта і добра, бо ў яго будзе магчымасць працаваць і ў турме.
«Мы перадалі Уладзіміру ў СІЗА шмат сшыткаў і асадак. Ведаем, што ён і ў камеры плённа працуе, піша эсэ. Бо адно з катаванняў — перакрыць яму магчымасць размаўляць», — кажа Таццяна.

«Выносім усе ідэі Мацкевіча на публічнае абмеркаванне»

Пасля арышту Мацкевіча каманда вырашыла, што ягоная інтэлектуальная праца павінна стаць публічнай, і распачала кампанію для папулярызацыі яго ідэй.
«Пакуль метадолаг і філосаф Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца ў зняволенні, мы, каманда Мацкевіча, стварылі гэтую старонку, каб не перапыняць сувязь з жывой думкай, з ідэямі і прапановамі, каб працягваць самае галоўнае і самае важнае для нашага сябра, калегі і настаўніка», — так патлумачыла сваю задумку каманда.
Каманда ставіць перад сабой некалькі асноўных мэтаў, расказвае каардынатарка «Лятучага ўніверсітэту» Таццяна Вадалажская.
«Наша задача, з аднаго боку, падтрымаць Мацкевіча, бо ён за кратамі, у інфармацыйным вакуўме, і нам вельмі важна, каб ён ведаў, што пра яго не забыліся. Нам вельмі важна данесці інфармацыю да яго самога.
А з другога боку, мы дэманструем, што працягваем справу, якой ён прысвяціў жыццё.
Яго задача — дарабіць, скажам так, трансфармацыю Беларусі, з ягонага боку — праца з ідэямі і прапановамі. Таму мы стварылі гэтую старонку замест заблакаваных акаўнтаў Уладзіміра і спрабуем вынесці ўсе ягоныя ідэі на публічнае абмеркаванне, каб не перапыняць сувязь з жывой думкай», — дзеліцца Таццяна.
Гэта ідэі з анансаваным рэферэндумам аб зменах у Канстытуцыі (на старонцы апублікавалі тры тэзісы Мацкевіча, якія ён агучыў на «круглым стале» 2 жніўня), праблемы інтэграцыі і ўвогуле асэнсаванне сучаснага становішча ў Беларусі, пералічвае Таццяна.


«Сапраўды, важна вызначыцца з сітуацыяй. Ацаніць, дзе і ў якім стане мы знаходзімся. Што ў гэтай сітуацыі будзе „нашай гульнёй“, а што не. Гвалт і рэпрэсіі апошняга году патрабуюць наноў разглядаць традыцыйная дзеянні і крокі ў палітычным полі.
Пачалі мы з дыскусіі „Як інтэлектуальныя ідэі працуюць на беларускую рэвалюцыю“, у якой удзельнічалі Таццяна Шчытцова, Гінтаўтас Мажэйкіс, шэраг замежных і беларускіх інтэлектуалаў. Цяпер рыхтуем яшчэ адну змястоўную дыскусію», — працягвае яна.
Каманда Мацкевіча запрашае інтэлектуалаў, палітыкаў, аналітыкаў, журналістаў і ўсіх думаючых людзей да абмеркавання тэкстаў, ідэй, прапаноў, ужо агучаных філосафам, і тых, якія ён яшчэ прапануе.

«У тваёй справе ўсё паводле Оруэла»

Да кампаніі далучыліся філосаф Валянцін Акудовіч, гісторык Алесь Краўцэвіч, іншыя вядомыя асобы. Яны падтрымліваюць сябра і калегу лістамі. Праўда, невядома, ці атрымлівае іх Мацкевіч, бо пакуль ён атрымаў не больш за 5 лістоў, паводле адваката. Таму самыя цікавыя лісты публікуюцца на старонцы.
Прафесар Алесь Краўцэвіч запэўнівае, што іх з Мацкевічам агульныя творчыя задумы і планы не адкладаюцца, а толькі пераносяцца на непрацяглы час.
«У тваёй справе ўсё па Оруэлу — думзлачынства, недаравальнае з прычыны яго агучвання. Ты публікуеш свае думкі, і ворагі ў іх пабачылі пагрозу для сябе. Тваё зняволенне — прызнанне ворагам значнасці небяспекі тваіх думак для ягонага панавання. Пры ўсёй сумнасці і юрыдычнай абсурднасці сітуацыі такое прызнанне, несумненна, дорага каштуе», — піша Алесь Краўцэвіч.


Сам Мацкевіч праз адваката перадаў сваё стаўленне да арышту і абвінавачання.
«У абвінавачанні, якое я атрымаў, не названа ніводнага дзеяння або ўчынку. Я разумею, што падставай для арышту сталі артыкулы, выказванні, ідэі і думкі; гэта значыць, мяне збіраюцца судзіць за „думзлачынства“ паводле Оруэла. Менавіта гэта найлепш характарызуе сённяшні рэжым у Беларусі», — так адказаў філосаф на пытанне Deutsche Welle.
Калегі і паплечнікі Мацкевіча заклікаюць да салідарнасці — дасылаць лісты, ладзіць акцыі ў падтрымку арыштаванага філосафа.
«Пры гэтай блакадзе, калі звычайныя лісты могуць не дайсці да Уладзіміра, мы заклікаем пісаць адкрытыя лісты, а перадаваць будзем праз адваката», — дадае Таццяна Вадалажская.
Напісаць Уладзіміру Мацкевічу можна на адрасСІЗА № 1,вул. Валадарскага, 2,220030, Мінск.