За мінулыя суткі ў краіны ЕС не ўпусцілі больш за 250 нелегалаў з боку Беларусі

За мінулыя суткі ў краіны Еўрапейскага саюза не ўпусцілі больш за 250 мігрантаў, якія мелі намер незаконна перасячы мяжу з боку Беларусі.

00066600_9.jpg


Памежная служба Польшчы ў «Твітары» паведаміла, што 20 верасня зафіксавана 220 спроб нелегальнага перасячэння мяжы з тэрыторыі Беларусі. Затрыманы 14 замежнікаў, у прыватнасці, грамадзяне Турцыі (9), Ірака (4) і Руанды (1), астатніх у краіну не ўпусцілі. Акрамя таго, два чалавекі (з Польшчы і Украіны) затрыманыя за дапамогу ў незаконным пераходзе мяжы, пішуць naviny.online.

Навінавы партал «Delfi» са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамляе, што за мінулыя суткі ў краіну не пусцілі каля 20 нелегальных мігрантаў. Адзначаецца, што замежнікі набліжаліся да ўчасткаў літоўскай мяжы, якія адносяцца да Шальчынінскага, Віленскага і Ігналінскага раёнаў.

Дзяржаўная памежная ахова Латвіі паведаміла, што за ўчарашні дзень 16 замежнікам перашкодзілі нелегальна перасячы латвійска-беларускую мяжу. Разам з тым, шасцёра чалавек былі затрыманы: па гуманітарных прычынах ім не перашкаджалі перасячы мяжу. Адзначаецца, што з 10 жніўня, калі ў сумежных з Беларуссю раёнах было ўведзена надзвычайнае становішча, у Латвію не ўпусцілі 1.284 нелегальных мігрантаў. За гэты ж час 38 чалавек былі прапушчаныя па гуманітарных прычынах. Усяго з пачатку года ў краіне затрымалі 390 замежнікаў, якія незаконна перасеклі мяжу.

Праз павелічэнне патоку нелегальных мігрантаў з беларускага боку Літва ўвяла рэжым экстрэмальнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны, Латвія і Польшча — надзвычайнае становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю.