За наезд на машыну ДАІ падчас леташніх пратэстаў мінчук атрымаў пяць гадоў калоніі

У судзе Маскоўскага раёна 7 верасня за наезд на аўтамабіль ДАІ падчас жнівеньскіх пратэстаў да пяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі 49-гадовага кіроўцу «Nissan» Аляксея Шчытнікава. Яго дзеянні, піша «Вясна», кваліфікавалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 218 («Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, якон здзяйснялася агульнанебяспечным спосабам або пацягнула за сабой нанясенне шкоды ў буйным памеры») і арт. 364 («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

12_august_2020.png

Як адзначаў Шчытнікаў падчас працэсу, ён ненаўмысна наехаў на аўтамабіль ДАІ, гэта адбылося пасля таго як закрычала яго жонка, якая сядзела побач: яна ўбачыла, як збіваюць чалавека каля дарогі. Ад нечаканасці кіроўца «Nissan» наехаў на аўтамабіль ДАІ.

Шчытнікава пасля затрымалі і, паводле яго слоў, збілі ў Маскоўскім РУУС, з чэрапна-мазгавой траўмай яго даставілі ў ізалятар на Акрэсціна. Крымінальную справу супраць мінчука разглядала суддзя Таццяна Пірожнікава, дзяржабвінавачванне падтрымліваў Фёдар Сініцкі.

Што адбылося на праспекце Незалежнасці 12 жніўня і ў чым вінавацілі Шчытнікава?

Сам інцыдэнт трапіў на відэа, якое размясцілі на YouTube «Cілавікі пратаранілі грамадзянскі аўтамабіль». Шчытнікава жорстка затрымалі каля гандлёвага цэнтра «Глоба» на вуліцы Уманскай у Мінску адразу некалькі экіпажаў ДАІ і міліцыі. Патрульныя аўтамабілі заблакавалі белы «Nissan». Спачатку супрацоўнікі спрабавалі паразмаўляць з кіроўцам, потым пачалі біць дубінкамі па кузаве, выцягнулі мужчыну і павезлі яго на службовым аўтамабілі.

У МУС Беларусі паведамілі, што інцыдэнт адбыўся 12 жніўня каля 20.10. Супрацоўнікі ДАІ Мінска «праводзілі разбіральніцтва» на праспекце Незалежнасці і ў гэты момант кіроўца аўтамабіля «Nissan» мэтанакіравана наехаў на службовы аўтамабіль, а потым паспрабаваў уцячы. Міліцыя пачала пераслед, у гэты момант кіроўца «Skoda» заблакаваў супрацоўнікам дарогу сваім аўтамабілем. Кіроўцу «Nissan» затрымалі каля ГЦ «Глоба», яго даставілі ў Маскоўскае РУУС для далейшага разбіральніцтва.

«Парушальнікам аказаўся 48-гадовы мінчук. У тлумачэнні ён напісаў, што не здолеў даць рады кіраванню аўтамабілем. Матэрыялы ў дачыненні да кіроўцы былі перададзеныя ў Следчы камітэт, які па выніках праверкі дасць прававую ацэнку яго дзеянням», — расказалі ў прэс-службе МУС Беларусі.

Паводле версіі абвінавачання, Аляксей Шчытнікаў каля 20 гадзін 12 жніўня на аўтамабілі «Nissan» на праспекце Дзяржынскага наўмысна пагражаў ужываннем гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў ДАІ Дзмітрыя Літвіновіча, І.Самусева і яшчэ двух супрацоўнікаў міліцыі. У мэтах выказвання сваіх публічных інтарэсаў, выказвання свайго стаўлення з нагоды падзей грамадска-палітычнага жыцця, у мэтах перашкаджэння законнай дзейнасці супрацоўнікаў ДАІ здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 364 Крымінальнага кодэкса («Пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

Пацярпелым па справе прызнаны супрацоўнік ДАІ Дзмітрый Літвіновіч.

Паводле версіі абвінавачання, Шчытнікаў нанёс шкоду транспартнаму сродку ДАІ ў памеры 3 813 рублёў 35 капеек — пашкоджанне лакафарбавага пакрыцця. Тым самым здзейсніў злачынства паводле ч. 2 арт. 218 («Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, якое здзяйснялася агульнанебяспечным спосабам або пацягнула за сабой нанясенне шкоды ў буйным памеры»). Нанесеную шкоду абвінавачаны кампенсаваў.

Аляксей Шчытнікаў прызнаў віну толькі па ч. 2 арт. 218 КК, па арт. 364 КК — не.

З 28 снежня 2020 года па 14 мая 2021 года Шчытнікава ўтрымлівалі пад хатнім арыштам, пасля гэтага яго ўзялі пад варту да суда.

Што гаварыў на судзе сам абвінавачаны?

На судзе Аляксей Шчытнікаў расказаў сваю версію здарэння. 12 жніўня ён з жонкай ехаў па праспекце Дзяржынскага з боку вуліцы Шчорса ў кірунку праспекта Жукава. У нейкі момант яго жонка закрычала. Ён націснуў на тормаз і пабачыў, як затрымліваюць і збіваюць кагосьці побач: чалавек ляжаў на зямлі і два чалавекі зверху яго збівалі. У гэты момант Шчытнікаў выпусціў з-пад увагі кіраванне аўтамабілем — той занесла ў бок, і ён убачыў аўтамабіль ДАІ. Паводле слоў абвінавачанага, ён не адразу апазнаў гэты аўтамабіль як аўто ДАІ. Ён пачаў тармазіць, аднак машына ўжо дакранулася і падрапала службовую машыну.

Затым з боку пасажыра падышоў чалавек у чорным і ў бронекамізэльцы [супрацоўнік ДАІ Самусеў], ірвануў за ручку дзвярэй і пачаў біць па машыне, патрабаванняў ніякіх не выстаўляў. Як распавёў Шчытнікаў на судзе, толькі пасля гэтага ён рушыў з месца і другі раз закрануў машыну ДАІ, у выніку чаго пашкодзіў правыя дзверы службовага аўтамабіля.

Як апісваў тут сітуацыю абвінавачваны, ён не да канца ўсведамляў у той момант, што адбываецца. Шчытнікаў сказаў, што яму складана апісаць той стан, але ён быў як «панічны». Толькі праз дзве-тры хвіліны ўбачыў, што за ім рухаецца машына з уключанымі маячкамі, пазней ён спыніўся, і яго затрымалі, і «ўжылі фізічны гвалт». Паводле абвінавачанага, яго даставілі ў Маскоўскае РУУС, збівалі там, быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, а затым з чэрапна-мазгавой траўмай адправілі на Акрэсціна.

Няма ніякіх прэтэнзій. Што сказаў пацярпелы на судзе?

На судзе пацярпелы супрацоўнік ДАІ Дзмітрый Літвіновіч сказаў, што 12 жніўня на дарозе былі заторы: то пешаходы не сыходзілі з пераходу, то кіроўцы ехалі па 5-10 км/г. Згодна з яго словамі, яны з калегамі ў той дзень затрымалі аднаго кіроўцу, які некалькі разоў ездзіў сюды-туды павольна. У нейкі момант ён адчуў удар па аўтамабілі, машыну хіснула. Затым ён убачыў, што машына абвінавачанага ад'язджае назад, і Літвіновіч зразумеў, што той спрабуе ўцячы з месца здарэння, і па інэрцыі таксама рушыў з месца — у гэты момант і адбылося другое сутыкненне.

Супрацоўнік ДАІ на судзе сцвярджаў, што наезд быў наўмысны, таму што машына абвінавачанага моцна завярнула ў бок: «Так не перастройваюцца».

Літвіновіч затрымаў Шчытнікава пазней. Паводле яго слоў, абвінавачаны падчас затрымання выйшаў з машыны сам. На судзе заявіў, што ў яго няма ніякіх прэтэнзій да абвінавачанага.

Як паведаміў пацярпелы на судзе, аўтамабіль ДАІ ўжо быў адноўлены ад пашкоджанняў, але ён не ведае, за чый кошт.

Адвакат Шчытнікава спытаў у пацярпелага, ці моцныя пашкоджанні мог нанесці аўтамабіль, які ўрэзаўся, калі ўлічваць, што яго хуткасць была 10 км/г. На гэта пацярпелы супрацоўнік ДАІ сказаў, што ён не эксперт.

На судзе былі дапытаныя сведкі, а таксама эксперт, які сказаў, што Шчытнікаў у момант здарэння мог усведамляць характар і грамадскую бяспеку сваіх дзеянняў.

Чым усё скончылася?

Пракурор Сініцкі запатрабаваў у суда для Шчытнікава пакарання ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У апошнім слове Аляксей Шчытнікаў выказаў свае «шчырыя шкадаванні» з нагоды таго, што стварыў нязручнасці здзейсненым.

«Разам з тым хачу адзначыць, што ў маіх дзеяннях адсутнічаў які-небудзь намер. Усё адбылося праз маю неасцярожнасць. Хачу адзначыць таксама, што асновай майго жыцця з'яўляюцца любоў, гуманізм. І паняцці як нянавісць, агрэсія адсутнічаюць у маім жыццёвым шляху», — сказаў у апошнім слове Шчытнікаў.

7 верасня суддзя Таццяна Пірожнікава прызнала Аляксея Шчытнікава вінаватым па ч. 2 арт. 218 («Наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, якія здзяйсняліся агульнанебяспечным спосабам або пацягнулі нанясенне шкоды ў буйным памеры») і арт. 364 («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў») Крымінальнага кодэкса і прысудзіла яму пяць гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму.