За відэа на фоне картэжа Лукашэнкі жыхара Мінска арыштавалі на 15 сутак

Увечары 10 верасня па праспекце Пераможцаў у Мінску праязджаў картэж Лукашэнкі. Паводле слоў 24-гадовага Антона Герасімовіча, каля Палаца спорту да яго з дзяўчынай падышлі міліцыянты і папрасілі іх спыніцца і пачакаць пакуль праедзе картэж, распавядае «Вясна».

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

У гэты момант Антон вырашыў запісаць відэапаведамленне на сваім тэлефоне. Міліцыянты расцанілі гэтае дзеянне як «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП). Але ў пратаколе яны пазначылі, што Антон «чапляўся да грамадзян, гучна крычаў, размахваў рукамі, спрабаваў учыніць бойку, пры гэтым нецэнзурна лаяўся».

Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што хлопца затрымалі менавіта праз яго паводзіны. «Александровіч» не бачыў ні тэлефона ў руках Антона, ні тое, што былі спыненыя рух транспарту і людзі каля праезнай часткі.

Віну Герасімовіч не прызнаў, бо лічыць, што падставай для яго затрымання стаў тэлефон у яго руках. Суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк палічыў віну Антона даказанай і пакараў хлопца 15-сутачным арыштам.