«Забралі разам з сабакам». Адар’я Гуштын — пра тое, як затрымлівалі мужа і як падтрымаць «Нашу Ніву»

Жонка галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча, журналістка Адар’я Гуштын расказала «Свабодзе» пра тое, як затрымлівалі яе мужа, патлумачыла, чаму яна непакоіцца за яго стан здароўя, і параіла, як можна ў гэтай сітуацыі падтрымаць «Нашу Ніву» і ўсе незалежныя СМІ Беларусі.

46bd8509_b440_4d51_bf90_2e84085adc59_w1023_r1_s.webp

Адарʼя Гуштын непакоіцца за стан здароўя мужа, якому падчас допыту ў Следчым камітэце выклікалі хуткую дапамогу. Паводле жонкі, Ягор не меў праблем са здароўем і ў такой сітуацыі можна меркаваць пра магчымыя катаванні.

Журналістка расказала пра абставіны затрымання Ягора Марціновіча. Паводле яе, гэта адбылося, калі ён выгульваў сабаку Альму. Яго ў кайданках разам з сабакам пасадзілі ў спецтранспарт і павезлі ў рэдакцыю.

«Затрыманыя сумленныя людзі, патрыёты», — такім чынам яна пракаментавала арышт супрацоўнікаў «Нашай Нівы». «Трэба трымацца праўды і закону», — такім было жыццёвае крэда яе мужа, падкрэслівае журналістка.

Сёння тэлефон Ягора Марціновіча быў перыядычна актыўны ў інтэрнэце. Адарʼя кажа, што паролі на тэлефоне былі вельмі надзейныя, і калі нехта ў яго заходзіў, то, магчыма, мужа прымусілі іх назваць, мяркуе Адарʼя.

На частае пытанне, якое ёй задаюць сёння — «Чым можна дапамагчы?» — Адарʼя заклікае людзей працягваць чытаць «Нашу Ніву» і іншыя незалежныя СМІ на розных платформах. «Назад дарогі няма, у нас сумленне чыстае. Журналісты Беларусі павінны працаваць», — лічыць яна.