Жанчына адсудзіла кампенсацыю за свой незаконны арышт

Таццяна называе вынік сваёй судовай справы перамогай. Хоць дзяржава ў якасці кампенсацыі за маральныя пакуты прысудзіла спадарыні ўсяго 500 рублёў. Яна распавяла «Белсату» акалічнасці ўласнай справы і дала парады тым, хто трапіў у падобную сітуацыю.

Таццяна з дачкой. Фота з асабістага архіву

Таццяна з дачкой. Фота з асабістага архіву

Таццяну затрымалі падчас жаночага маршу ў верасні мінулага года. Суддзя Алена Капцэвіч пакарала дзяўчыну 9 суткамі арышту (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Такое пакаранне стала нечаканасцю для спадарыні, бо ў яе няпоўнагадовае дзіця і, паводле ч.2 арт. 6.7 КаАП, яе нельга караць арыштам. Аспрэчыць пастанову з турмы яна не магла. Але Таццяна прыдумала перадаць запіску мужу, каб той звярнуўся да адваката, і ўжо адвакат ад імя зняволенай аспрэчыў пастанову.
На другім пасяджэнні суд замяніў меру пакарання Таццяны з арышту на папярэджанне, але да таго часу яна ўжо адсядзела 6 дзён (2 дні ў ІЧУ і 4 дні ў турме). Яна апісала, якім чынам аказвалі псіхалагічны ціск у ІЧУ на Акрэсціна і ў ІЧУ Жодзіна: забіралі матрацы, адключалі ваду, хамілі ды крычалі, пужалі сабакам, пагражалі фізічным гвалтам. Дзяўчыне было млосна, яе трэсла, былі панічныя атакі ды іншыя псіхасаматычныя праявы.
«У сітуацыі міліцэйскай усёдазволенасці я моцна баялася, што мяне павязуць у невядомым кірунку і павесяць, а сваякі не змогуць адшукаць маё цела», — напісала Таццяна ў пазове.
У Жодзіне спадарыня вяла дзённік, дзе фіксавала ўсе парушэнні і катаванні, якія адбываліся з ёю і яе сукамерніцамі:
«Дзяжурны супрацоўнік ІЧУ Жодзіна адабраў у мяне мае запісы, за кожны пункт з маіх запісаў накрычаў на мяне».
Пасля вызвалення ў Таццяны быў такі цяжкі эмацыйны стан, што яна была вымушаная звярнуцца па дапамогу да псіхолага. Таксама яна адзначыла, што арышт цяжка адбіўся на маленькай дачцэ:
«Стрэс, які перанесла мая дачка ў сувязі з маёй доўгаю адсутнасцю, яе моцная постстрэсавая рэакцыя на расстанне прынеслі мне глыбокія маральныя пакуты, бо для мяне няма нічога важнейшага за маю сям’ю».
Таксама пад пагрозу трапіла і прафесійная дзейнасць Таццяны. Яна юрыстка, мусіць кантактаваць з міліцыянтамі. Аднак кожны раз у спадарыні пачынаюцца псіхасаматычныя праявы страху нават ад нядоўгай размовы.
Спадарыня звярнулася ў суд, каб дзяржава скампенсавала 5000 рублёў за маральныя страты; 118,18 рублёў дзяржаўнае мыта; 743,44 рублі — за псіхалагічнае тэставанне, якое выявіла ў Тацяны праблемы з псіхалагічным станам.
Аднак суддзя пастанавіў, што варта вярнуць грошы за псіхалагічнае тэставанне (250 рублёў), а 500 рублёў — дастатковая сума кампенсацыі за маральныя і матэрыяльныя страты. У астатніх патрабаваннях Таццяне адмовілі.
«Для мяне гэта перамога, — прызнаецца Таццяна, бо шмат хто з яе знаёмых юрыстаў меў вялікія сумневы ў паспяховасці гэтай справы. — Закон наўпрост кажа, што я мушу нешта атрымаць. Я разумела, што суму паменшаць у любым выпадку. Звычайна за маральную шкоду ад дзяржавы змяншаюць у дзесяць разоў. У мяне так і атрымалася».
Незалежна ад таго, якое рашэнне прыняў бы суд, Таццяна адчувала б сябе ў плюсе: «Я думала, што калі я не перамагу, то буду мець яшчэ адну нагоду сказаць, што ў нашай краіне прававы дэфолт. А калі перамагу — тады добра, грошы атрымаю. А яшчэ я юрыстка, і мне ў судах цікава».
Адразу пасля агучвання рашэння вялікай радасці ў спадарыні не было: «Я разумела, што мне зменшылі памер кампенсацыі маральнай шкоды так, што ніжэй няма куды. Мне не пакрылі выдаткаў на адваката. Я ўсміхнулася, але праз тое, што была ў масцы, ніхто гэтага не пабачыў. Я выйшла з пачуццём задавальнення».
Юрыстка мае на думцы абскарджваць рашэнне суда, бо грошай за паслугі адваката, калі Таццяна была ў турме і не магла сама абараняць свае правы, ёй не вярнулі: «Я планую яшчэ пазмагацца за гэта».
Інтарэсы ў цяперашнім разборы спадарыня абараняла сама. Яна раіць людзям, якія трапілі ў падобную сітуацыю, звяртацца ў суды па кампенсацыю:
«Я веру, што ў суддзі ідуць людзі з павышаным пачуццём справядлівасці. Вядома, не 100 % такіх суддзяў, але не могуць усе яны ісці супраць справядлівасці, і чалавек можа трапіць на адэкватнага суддзю».
Калі чалавек ніколі не падаваў у суд, наша суразмоўца раіць звярнуцца да адмыслоўца, хаця б каб слушна скласці пазоў. Яна нават гатовая сама пракансультаваць і падзяліцца ўласным пазовам для прыкладу. З Таццянай можна звязацца праз тэлеграм яе сястры — @Olenik9.