«Застаюся ў Беларусі». З ІЧУ нечакана вызвалілі гомельскага праваабаронцу Васіля Палякова

Пасля сямі дзён у ізалятары часовага ўтрымання палітык і праваабаронца Васіль Палякоў выйшаў на свабоду. Яго затрымалі 8 ліпеня, падазравалі паводле часткі 2 артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу як «саўдзельніка ў тэрарызме», піша «Свабода».

Фота «Свабоды»

Фота «Свабоды»

Васіля Палякова выпусцілі без прад’яўлення абвінавачання.

«Мяне затрымалі ў мінулы чацвер. Спачатку прайшоў вобшук. Яго праводзілі супрацоўнікі Савецкага РАУС, але па патрабаванні следчага КДБ Баравіка. Потым мяне завезлі на допыт у КДБ як сведку. Потым следчы КДБ сказаў: «Ведаеце, мы вас арыштуем як падазраванага» — пасадзілі ў аўтазак і завезлі ў ІЧУ. Пытаўся следчы пра планаваны тэракт у Вілейцы, ці ведаю я тых людзей, якія яго меркавалі ўчыніць — я першы раз чую тыя прозвішчы», — распавёў Васіль Палякоў.

Умовы, у якіх ён утрымліваўся ў ІЧУ, праваабаронца называе катаваннем. Яму не далі матрац, бялізну, не дазвалялі ляжаць днём, будзілі сярод ночы на «праверку». «Са мной сядзелі крымінальнікі — яны мелі і бялізну, і матрац, маглі і спаць, і што хацелі рабілі. Ноччу я не мог спаць, а днём мне не дазвалялі нават галаву пакласці на стол. Я казаў канваірам, што гэта — катаванні, і яны за іх адкажуць, бо ніхто не будзе шукаць таго чалавека, які даў ім такую інструкцыю. Яны толькі адказвалі, што маюць загад зверху», — дадаў Палякоў.

Сёння каля 18.00 яго раптам выпусцілі. Далі пастанову следчага, што «адпала неабходнасць трымаць пад вартай».

«Я нікуды не з'еду, я застаюся ў Беларусі. Па такому артыкулу, як мяне, маглі ўзяць мільёны беларусаў. Першая мэта майго затрымання — зачыстка трэцяга сектару, другая — акт застрашвання», — зазначыў ён.