Зміцер Галко знайшоў сына, які 4,5 месяца быў у рабстве пад Адэсай


5 ліпеня беларускі журналіст Зміцер Галко нарэшце сустрэўся з сынам Андрэем, які знік у лютым.
Зміцер Галко з сынам Андрэем

Зміцер Галко з сынам Андрэем



Калі каротка пераказваць, то ў сына журналіста і блогера Змітра Галко Андрэя ўзніклі праблемы з алкаголем, яго хацелі ў Беларусі змясціць у ЛПП за шматлікія прыводы ў міліцыю. Бацька вырашыў звазіць сына ва Украіну, каб змяніць абстаноўку і неяк на яго паўплываць.

Аднак праз нейкі час тыя самыя праблемы агаліліся і ва Украіне. У ноч на 5 лютага Андрэй сышоў з рэабілітацыйнага цэнтру ў Жытомірскай вобласці. З таго часу Зміцер Галко шукаў сына і нічога не ведаў пра яго лёс. Так было да мінулага тыдня.

«Галоўнай маёй памылкай было меркаваць, што ён можа знаходзіцца толькі ў Кіеве, — пачынае аповед Зміцер Галко. — Як знайшлі? Спрацавалі абвесткі, якія я распаўсюджваў у Кіеве. У адной з начлежак для бамжоў такую аб’яву пабачыў чалавек. Ён нават яшчэ не прачытаў нічога, калі сказаў: «О, дык гэта Андрэй».

Высветлілася, што з Андрэем разам яны былі ў вёсцы Вялікі Дальнік пад Адэсай.

Гэты чалавек збег адтуль яшчэ ў красавіку месяцы, тады ён апошні раз там і бачыў Андрэя. Мне ён адразу сказаў: «Нават не думайце сунуцца туды без зброі».

Канечне, было крыху страшна ад такіх перасцярог. Я стаў пісаць у Адэскую абласную адміністрацыю, пракуратуру, шмат у якія інстанцыі, але ніхто не даваў мне адказ. Адгукнуўся толькі ўчастковы гэтага сяла, ён паабяцаў дапамогу.

Я не ведаю, што менавіта падзейнічала: ці ўчастковы, ці абвесткі, якія я даваў у групах Вялікага Дольніка Укантакце, ці мой зварот да «Правага сектара», але Андрэя адпусцілі.

Гэта было фактычна рабства. Людзей вербавалі на пятачку каля вакзалу ў Кіеве, абяцалі добрую працу і заробак, а потым завозілі ў Вялікі Дольнік і трымалі пад аховай. Там трэба было працаваць на палях, плантацыях, а таксама на гароднінавай базе. Сартавалі буракі, цыбулю, палолі ўсё гэта, апрацоўвалі хімікатамі. У Андрэя цяпер усе рукі і ногі сінія ад гэтай «хіміі». Увогуле, выглядае не дужа добра. Можа, траціна засталося ад яго ранейшага.

Сярод рабочых не было вольнага перамяшчэння, іх трымалі ў закінутай вайсковай часці. Вядома, ніякіх грошай не плацілі. Толькі кармілі і давалі цыгарэты. Нехта час ад часу спрабаваў уцячы, у кагосьці — атрымлівалася, у Андрэя не атрымалася. Яго дагналі, пагражаючы пісталетам, прымусілі вяртацца назад.

Зрэшты, сын кажа, што да яго там ставіліся лепш, чым да многіх. Прынамсі, ніколі не білі.

Гэтым «бізнэсам» валодае грузін Цімур, «наглядчыкамі» ў яго працуюць цыганы. Калі пачаўся шум з пошукамі, то Цімур паклікаў да сябе Андрэя, даў яму адзенне і грошы і адпусціў. Сказаў, што не хоча лішніх праблем.

5 ліпеня Андрэй на цягніку з Кіева прыехаў да мяне ў Марыупаль, можна сказаць, што нарэшце адбылося ўз’яднанне сям’і».

Запісаў Зміцер Панкавец, “Наша Ніва”


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: