Зняволеным у СІЗА пачалі рабіць прышчэпкі ад каранавіруса

У зняволеных у следчых ізалятарах (СІЗА) з'явілася магчымасць вакцынавацца супраць COVID-19, напісала Адар’я Гуштын, жонка журналіста і палітвязня Ягора Марціновіча.

vac_15_09_2.png


«Пачалі рабіць прышчэпкі ад COVID у СІЗА (у калоніях рабілі яшчэ раней) — кітайскую або расійскую», — цытуе Гуштын Еўрарадыё.

Гуштын звяртаецца да родных зняволеных, просіць іх расказаць пра такую магчымасць блізкім, якія аказаліся ў СІЗА. На яе думку, «знаходзячыся ў такім вялікім калектыве, абавязкова рабіць прышчэпку». Яна спасылаецца на свае назіранні: «Тыя, хто прайшоў Акрэсціна са "Спутником", не падчапілі вірус».

Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча і яшчэ трох супрацоўнікаў выдання затрымалі 8 ліпеня па падазрэнні ў «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ), аднак абвінавачанне было высталенае па ч. 2 ст. 216 Крымінальнага кодэкса («Нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання»). Прэтэнзія заключаецца ў тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання аплачваліся не па тых тарыфах.

Пазней дваіх — галоўнага рэдактара «Нашай гісторыі» Андрэя Дынько і бухгалтарку выдання Вольгу Раковіч — адпусцілі. А Марціновіча і кіраўніка аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурко перавялі ў СІЗА №1 па вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Нагадаем, што магчымасць прышчапіцца ад COVID у СІЗА была і раней. Напрыклад, вядома, што ўжо знаходзячыся ў СІЗА атрымаў дзве дозы вакцыны супраць COVID-19 старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Аднак 1 верасня адвакату палітыка паведамілі, што той усё роўна падхапіў каронавірус.