Журналіст Аляксандр Івулін стаў падазраваным па крымінальным артыкуле (дапоўнена)

Журналіст Tribuna.com Аляксандр Івулін стаў падазраваным па крымінальным артыкуле. Ён будзе пераведзены ў СІЗА.

photo5402532095286424848__1_.jpg


Нагадаем, журналіст і футбаліст «Крумкачоў» Аляксандр Івулін разам з мантажорам праекта «ЧаснОк» Яраславам Пісарэнкам былі затрыманыя ў кватэры, якую здымаюць, людзьмі ў цывільным 3 чэрвеня. У іх правялі ператрус і потым павезлі на Акрэсціна.
На абодвух журналістаў (іх судзілі асобна) склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП: нібыта на акне ў іх кватэры вісеў бел-чырвона-белы сцяг і такім чынам яны ажыццяўлялі несанкцыянаванае пікетаванне. Абодва не прызналі віну.
Аляксандр Івулін распавёў, што ў яго сапраўды меўся сцяг, але на акне кватэры падчас ператрусу ён вывешаны не быў, і наогул у гэтым годзе ні ён, ні Яраслаў сцяг не вывешвалі ні разу. У матэрыялах справы было фота акна кватэры са сцягам. Івулін хадайнічаў аб допыце панятых, якія маглі б пацвердзіць яго словы пра адсутнасць сцяга пры вобшуку, але суддзя Юлія Блізнюк адхіліла хадайніцтва.
Пры гэтым у рапарце аб затрыманні, складзеным оперупаўнаважаным падпалкоўнікам міліцыі Дзёміным, значылася, што ён з іншым міліцыянтам, прыйшоўшы ў кватэру, убачылі на акне сцяг, і нібыта Івулін і Пісарэнка самі заявілі ім, што вывесілі яго ў чэрвені 2021 года для «прыцягнення ўвагі пратэстуючых грамадзян, якія зноў пачалі з'яўляцца ў Мінску, а таксама каб паказаць грамадзянам, што такім спосабам можна выказваць пратэст дзеючаму ўраду».
Івулін на судзе заявіў, што ні ён, ні Пісарэнка пры затрыманні такіх паказанняў не давалі. Але Дзёмін у судзе пацвердзіў свой рапарт. А з нагоды выкліку панятых ён заявіў, што сцяг з акна кватэры быў зняты да прыходу панятых, «каб іх не бянтэжыць».
Акрамя таго, міліцыянт распавёў, што ператрус у кватэры Івуліна і Пісарэнкі праводзіўся ў межах крымінальнай справы аб арганізацыі масавых беспарадкаў у жніўні-верасні 2020 года і ў іх знайшлі «шмат пратэснай сімволікі: кубкі, бранзалеты, бел-чырвона-белыя палотны і майкі апазіцыйнай скіраванасці». Таксама Дзёмін заявіў, што Івулін нібыта актыўна ўдзельнічаў у пратэстах у жніўні-верасні і «на сваім Youtube-канале размяшчаў відэаролікі з апазіцыйна настроенымі грамадзянамі і спартсменамі».
Івуліна асудзілі на 30 сутак арышту па ч. 3 арт. 24.23, бо ўвосень яго ўжо арыштоўвалі на 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту. Яраславу Пісарэнку па ч. 1 гэтага ж артыкула далі 15 сутак арышту.
Дапоўнена:
Аляксандра Івуліна падазраюць па 342-м артыкуле КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Максімальнае пакаранне па ім — тры гады пазбаўлення волі.
На дадзены момант Івулін знаходзіцца ў статусе падазраванага. На працягу 72 гадзін яму павінна быць прад'яўлена абвінавачанне. У адваротным выпадку Івулін будзе вызвалены з-пад варты.