Журналістка Іна Студзінская галадуе на Акрэсціна чацвёрты дзень

Журналістка «Свабоды» Іна Студзінская трымае галадоўку ў ізалятары на Акрэсціна з панядзелка, 19 ліпеня.

Іна Студзінская. Фота «Радыё Свабода»

Іна Студзінская. Фота «Радыё Свабода»

Іна Студзінская чацвёрты дзень галадуе ў знак пратэсту. На праблемы са здароўем яна не скардзіцца, а трымаецца бадзёра, паведамляе тэлеграм-канал БАЖ.

Пра гэта сваякам распавяла жанчына, якая сядзела з Інай у адной камеры. Яна таксама распавяла, што факты гвалту супраць зняволеных у камеры, дзе знаходзіцца Студзінская, ёй невядомыя, але бытавыя ўмовы кепскія.

Студзінская папрасіла перадаць ёй у ізалятар цёплыя рэчы і прадметы гігіены. Па начах у ізалятары бывае холадна, матрацаў не выдалі, а святло на ноч не выключаюць.

Сёння Іна чакае прыходу адваката, магчыма, ёй аддадуць перадачу.

Пакуль адвакат трапіў толькі да аднаго зняволенага журналіста «Свабоды» Алеся Дашчынскага — сустрэча 21 ліпеня доўжылася 1,5 гадзіны.

Ветэранаў «Свабоды» Іну Студзінскую, Алега Груздзіловіча і Алеся Дашчынскага затрымалі 16 ліпеня.