10 натхняльных песень гэтай вясны

Адмыслова да пачатку вясны мы склалі для вас падборку песень беларускіх аўтараў. Спадзяёмся, музыка не дазволіць смутку ад апошніх навін пасяліцца ў вашай душы, а наадварот паспрыяе натхненню і добраму настрою, бадзёрасці і аптымізму. 

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas15_logo_1.jpg


IQ48 — Вясна-красна

Мінскі гурт «IQ48» добра вядомы тым, хто сачыў за беларускай музыкай у 2000-х. Пэўна, музыка гурта найбольш адпавядае такой пары года, як вясна, бо яна вельмі бадзёрая і натхняльная. Мае гурт і адмысловую песню «Вясна-красна», прысвечаную гэтаму цудоўнаму часу.


Вольны Хор — Красуня-вясна


Вольны Хор стаў вядомым на віры падзей мінулага года, калі пачаў ладзіць канцэрты ў гандлёвых цэнтрах, дварах і метро. Вялікі попыт на такую музыку паспрыяў таму, што Вольны Хор запісаў некалькі адмысловых альбомаў, якія прэзентаваў у анлайн-фармаце. Сярод іншых была прэзентавана песня «Красуня-вясна» на словы Уладзіміра Некляева і музыку Змітра Вайцюшкевіча. Паслухаць песню можна таксама і ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча.


Neuro Dubel — Свабода


Гурт Neuro Dubel з Аляксандрам Кулінковічам не мае патрэбы ў прадстаўленні. Сваёй энергетыкай і шчырасцю Аляксандр Кулінковіч вядомы амаль кожнаму, хто цікавіцца беларускай музыкай. У гэтай падборцы выбар спыніўся на песні «Свабода», у якой гэта каштоўнасць выступае як найгалоўнейшая ў жыцці, тая, якую нельга забраць альбо прыдбаць.


Brutto — Грай


Гурт «Brutto» з Сяргеем Міхалком часта асацыюецца з пратэснай музыкай. Адна з самых вядомых адмысловых песень «Грай» выконвалася яшчэ тады, калі Сяргей Міхалок выступаў з гуртом «Ляпис Трубецкой». Па стылістыцы тэкст песні можа нагадаць вершы Янкі Купалы, але словы песні належаць Сяргею Міхалку.

Вальжына Цярэшчанка — Гэй, саколы


Голас Вальжыны Цярэшчанка добра вядомы тым, хто застаў беларускую музычную сцэну 90-х гадоў. Потым спявачка амаль цалкам сышла ў адукацыйную сферу і яе канцэрты сталі сапраўднай падзеяй. Верш Ларысы Геніюш «Запяі мне песню» ў выкананні спадарыні Вальжыны ўвогуле можна лічыць адной з самых моцных беларускіх песень у вакальным плане. Але варта звярнуць увагу і на іншыя песні ў выканні Вальжыны Цярэшчанка. Напрыклад, украінская народная песня «Гэй, саколы!».
.

Sounduk — Вясна


Гурт «Sounduk» быў заснаваны ў 2010 годзе, але праіснаваў не надта доўга, бо салістка гурта Ганна Хітрык у 2017 годзе была вымушана з’ехаць у Ізраіль. Тым не менш, за час свайго існавання яны паспелі прыдбаць пэўнае кола слухачоў і былі добра вядомымі — прынамсі, у Мінску. У рэпертуары гурта ёсць песня, прысвечаная вясне, з вельмі надзённымі словамі: «Вясна любіць смелых».


Стары Ольса — Ліцвін


Гурт «Стары Ольса» як папулізатар сярэдневечнай музыкі вядомы і далёка за межамі Беларусі. Па творчасці гурта можна вывучаць беларускую гісторыю, пры гэтым альтэрнатыўную той, што вывучаюць у школе. Нават самы патрабавальны слухач знойдзе нешта сваё, бо «Стары Ольса» мае багаты рэпертуар: ад класічнай музыкі Сярэдневечча да застольных песень, пачуць можна нават аповесць Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы» ў выканні гурта. Але кожнаму варта паслухаць песню «Ліцвін», якая ўмацоўвае ваярскі дух на ўсе 100 адсоткаў. А гэта так патрэбна нам увесну.

Trubetskoy — Воля


Гурт «Trubetskoy» быў заснаваны з музыкаў, што раней гралі ў гурце «Ляпис Трубецкой». Яны не маюць такога кола прыхільнікаў, як меў ранейшы гурт ці новыя праекты Сяргея Міхалка, але тым не менш збіраюць дастаткова вялікую аўдыторыю на сваіх канцэртах — па беларускіх мерках. Не засталіся яны ўбаку і ад беларускіх падзей, запісаўшы адмысловую песню на словы Аляксандра Памідорава. Песню прысвяцілі ўсім беларускім жанчынам, а таксама персанальна Вользе Хіжынковай, якая паўтара месяца знаходзілася ў зняволенні. Атрымалася вельмі натхняльна і жыццесвярджальна.

The Superbullz — Не стрымаць


Гурт «The Superbullz» заснаваны ў 2016 годзе Алесем Францішкам-Мышкевічам і за гэты час выдаў толькі адзін альбом. Тым не менш, яго з’яўленне на беларускай музычнай сцэне была досыць яркім, бо ўдзельнікі гурта ўжо паспелі паіграць у вядомых беларускіх гуртах — такіх, як «J:MORS», «Крамбамбуля», «Trubetskoy». Алесь Францішак-Мышкевіч у дадзены момант з’яўляецца бас-гітарыстам і бэк-вакалістам у гурце «Brutto». Энергічная музыка «The Superbullz» добра пасуе да вясны, бо пасля зімы многім з нас бракуе бадзёрасці. Таму і прапануем вашай увазе песню «Не стрымаць» на верш беларускага паэта Алеся Змагара, што прэзентавалася ў снежні 2018 года. Ёсць у песні і адмысловя радкі, прысвечаныя вясне: «Беларуса гонар‚ уздымайся ўгору! Угару! Да зораў! Насустрач вясне!»

Крамбамбуля — Гэй, ліцьвіны, Бог нам радзіць


Праект Лявона Вольскага, заснаваны ў 2001 годзе, добра вядомы ўсім, хто цікавіцца беларускай музыкай. Пэўна, вы чулі радкі «Госці, госці, госці / Хтосьці ёсць, няма кагосьці». У праекце ў свой час удзельнічалі Сяргей Міхалок і Аляксандр Кулінковіч. У 2015 годзе быў прэзентаваны альбом «Чырвоны штраль», у склад якога ўвайшла і песня «Гэй, ліцьвіны, Бог нам радзіць». У апісанні да альбома можна прачытаць наступныя словы, якія сталі вельмі актуальнымі для жыхароў нашай краіны: «Вось і зьдзейсьнілася. Мы ў лясах. У гушчарах, сатканых імглою. Сярод бярозаў ды соснаў. Бо ўжо ніяк не атрымліваецца трываць усіх гэтых прэдсядацеляў, міліцыянтаў, капітанаў Ягоравых і іншых савецкіх нячысьцікаў, якія, нібы тараканы, распаўзьліся па нашай зямлі, жаруць наш хлеб, п’юць нашае малако і хочуць, каб мы былі іхнімі служкамі. Дык вось не атрымаецца! Мы ведаем нашыя пушчы, бары і лясы. Адсюль мы дастанем кожнага акупанта. І кожны атрымае тое, чаго заслугоўвае. І нашая перамога непазьбежная, бо з намі старадаўні покліч «Гэй, ліцьвіны, Бог нам радзіць!», бо ня мы ўварваліся ў іхнія хаты, а яны ў нашыя. Мы не хацелі гвалту. Яны яго хочуць. Каб мы калі каму чаго, дык мы нікому нічога ніякага. А калі што якое?.. Ды што там якое!».
Гэта суб’ектыўная падборка натхняльных песень, якая ніяк не прэтэндуе на аб’ектыўнасць альбо экспертнасць. Аўтар артыкула хацеў перадаць праз гэтыя песні натхняльную энергетыку ды добры настрой. Спадзяёмся, у яго атрымалася.