Абвешчаны кароткі спіс Прэміі Гедройца

На атрыманне галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі прэтэндуюць 6 аўтараў.

unnamed_182.jpg

Сябры журы вызначылі кароткі спіс прэтэндэнтаў на сёлетнюю прэмію. У яго ўвайшлі 6 кніг:
Андрэй Адамовіч. Песня пра Цімура. Янушкевіч, Мінск, 2019. Вольга Гапеева. Кэмэл-Трэвэл. Галіяфы, Мінск, 2019. Адам Глобус. Рысы. Логвінаў, Вільня, 2019. Сяргей Дубавец. Тантамарэскі. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, Менск, 2019. Зараслава Камінская. Калядны стол. Галіяфы, Мінск, 2019. Ганна Севярынец. Гасцініца “Бельгія”. Рэгістр, Мінск, 2019.
У журы Прэміі Гедройца сёлета ўвайшлі: Ала Брадзіхіна, літаратуразнаўца, выкладчыца; Наста Грышчук, літаратурны крытык; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Вера Жыбуль, літаратуразнаўца, паэтка, перакладчыца; Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, выкладчык літаратуры; Ціхан Чарнякевіч, літаратуразнаўца, крытык.
Прызавы фонд за першае месца на сённяшні дзень складаецца з дзвюх частак: падставовыя і ўжо традыцыйныя 11 тысячаў беларускіх рублёў, а да іх — унёсак кампаніі “Каррэнсі Ком Бел” у памеры 1000 долараў ЗША ў эквіваленце. Арганізатары заклікаюць іншых спонсараў да супрацы з Прэміяй і падтрымкі беларускіх аўтараў: можна далучыцца да фінансавання прызавога фонда за першае, другое або трэцяе месца ці нават заснаваць спецыяльны прыз для кагосьці з шорт-ліста.
Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы і мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Папярэднія пераможцы Прэміі: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012); Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013); Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014); Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015); Макс Шчур, “Завяршыць гештальт” (2016); Зміцер Бартосік, “Быў у пана верабейка гаварушчы” (2017); Уладзімір Арлоў, “Танцы над горадам” (2018); Ілля Сін “Libido” (2019).
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў кастрычніку.
Паводле прэс-рэліза