Аўтар знакамітага рамана «Знахар» быў зоркай: жыў у шыкоўных апартаментах і меў армію прыхільніц

У 1981-м польскі рэжысёр Ежы Гофман зняў пранізлівую меладраму «Знахар» пра няпросты жыццёвы шлях хірурга Рафала Вільчура. Фільм выклікаў такі нечуваны рэзананс у СССР, што яго ў савецкіх кінатэатрах прагледзела больш за чатыры мільёны гледачоў. «Знахара» цудоўна памятае і старэйшае пакаленне беларусаў, але далёка не кожны ведае, што стужку знялі паводле аднайменнага рамана ўраджэнца вёскі Акунёва, што ў Віцебскай вобласці, Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча. Пра жыццё паспяховага пісьменніка, які быў зоркай і дужа заможным чалавекам у міжваенны перыяд, у чарговым выпуску падкаста «Пашпарт грамадзяніна» распавядае перакладчыца Марыя Пушкіна.

0f5699cce7ca67ac6b68e6df8d5da870.jpeg

Нарадзіўся ў заможнай сям'і пад Глыбокім

Шаноўнае спадарства, сёння з трымценнем у душы прадстаўлю вам «Пашпарт грамадзяніна ўсіх чулых сэрцайкаў» — пісьменніка Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча. Чаму чулых сэрцайкаў і чаму з трымценнем? У нашых шыротах Тадэвуш Далэнга-Мастовіч вядомы перш за ўсё як аўтар таго самага меладраматычнага «Знахара», якога экранізаваў і панёс у шырокі свет Ежы Гофман, аднак беларускім слухачам варта (і надзвычай прыемна) памятаць пра беларускі след у біяграфіі і творах літаратара. Але пачнем спачатку.
Тадэвуш Далэнга-Мастовіч нарадзіўся ў фальварку Акунёва на Глыбоччыне. Яго бацька арандаваў зямлю і вёў узорную гаспадарку, якая лічылася адной з найлепшых у акрузе. І меў нечуваную, як на той час на Глыбоччыне, раскошу — аўтамабіль. Прозвішча сям’і — Мастовічы, а Далэнга — герб матчынага роду, гэты прыдомак пісьменнік узяў сабе ў 1920-я гады.

fd189cb330e715c8d3ede29c9fa473f8.jpeg

Дзяцінства пісьменніка прайшло ў атмасферы дабрабыту і дастатку. Як ён пісаў пазней: «Фатальнай уласцівасцю маіх дзіцячых мар і прагненняў было тое, што ўсе яны вельмі хутка здзяйсняліся». Расповеды суседзяў, глыбоцкія легенды і пагалоскі пакінулі свой след у раманах Далэнгі-Мастовіча. З Акунёва сям’я перабралася ў Глыбокае і пасялілася на вуліцы Кракаўскай. Цяпер на месцы іх дома — дом нумар два па вуліцы Савецкай, на якім вісіць памятная шыльда. Марыцца яшчэ і помнік, але будзьма ж думаць, што і ён неўзабаве зʼявіцца.
У 1915 годзе Далэнга-Мастовіч скончыў Віленскую гімназію і паступіў на юрыдычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Падчас вучобы ва ўніверсітэце ён быў членам падпольнай Польскай вайсковай арганізацыі. У 1917 годзе Тадэвуш Далэнга-Мастовіч кінуў вучобу і добраахвотнікам пайшоў у войска, каб прыняць удзел у польска-бальшавіцкай вайне.

Праз востры стыль ледзь не застаўся без жыцця

Пасля вайны Акунёва апынулася за межамі тагачаснай Польшчы, і з 1922 года Мастовіч жыў у Варшаве, зарабляў на сваё ўтрыманне сам, быў аўтарам, а потым і рэдактарам газеты Rzecz Pospolita. Зрабіў сябе сам з нуля, калі можна гэтак сказаць. Далэнга-Мастовіч пісаў вострыя фельетоны пад псеўданімам C. hr. Zan (калі па-нашаму, то «Х. Рэн»), у сваёй публіцыстычнай дзейнасці выступаючы актыўным апанентам тагачасных польскіх уладаў.
І ў верасні 1927 года шпаркае пяро публіцыста заўважылі: невядомыя выкралі Тадэвуша Далэнгу-Мастовіча проста з варшаўскай вуліцы, вывезлі ў лес, збілі і кінулі ў яму. Уратаваў пісьменніка ад смерці выпадковы мінак-селянін. Пазнаеце пачатак «Знахара»? Пасля гэтага пісьменнік закінуў журналісцкую дзейнасць і засяродзіўся на літаратуры. Але градуса актуальнасці не збавіў, пагатоў выкрадальнікаў сваіх ён рэгулярна сустракаў у горадзе, у рэстаране ў гатэлі «Брысталь», напрыклад.
У 1932 годзе ў друку выйшаў самы вядомы ў Польшчы раман Далэнгі-Мастовіча. І гэта не «Знахар», а «Кар’ера Нікадыма Дызмы» — сатырычная гісторыя шляху да ўлады хамаватага хлопца з правінцыі: ад супрацоўніка вясковай пошты да масона і прапановы зрабіць урэшце ласку, уратаваць усіх і стаць прэм’ер-міністрам. Вобраз галоўнага героя быў настолькі маляўнічы, што прозвішча «дызма», само слова, стала сінонімам асобы неадукаванай, нявыхаванай, але адначасова спрытнай і прагнай да кар’ерных поспехаў.

bbbb06ccffa5b38aba7dcb945a6288c0.jpeg

І поспех рамана быў галавакружны. Яшчэ гучнейшы ад таго, што цэнзура расчытала літаратурную помсту і канфіскавала была некаторыя падтрыхтаваныя да друку ў часопісе раздзелы рамана.
Жыў у шыкоўных апартаментах і, паводле чутак, зарабляў больш прэмʼер-міністра1930-я прайшлі ў польскай літаратуры пад знакам Далэнгі-Мастовіча. Ён пісаў кнігі і кінасцэнары, у год выходзіла па некалькі ягоных твораў. Усяго выйшла сямнаццаць раманаў, а да вайны экранізавалі восем твораў. Ва ўсіх фільмах гралі абсалютныя зоркі тагачаснага польскага кінематографа. Упарта хадзілі чуткі пра тое, што правы на ягоныя творы купляе Галівуд. Стыль пісьменніка быў такі пазнавальны, што многія тагачасныя аўтары стылізавалі свае творы «пад Мастовіча», а наступнікі дапісвалі новыя часткі дарагім сэрцу раманам.
Грошы за аўтарскія правы і роялці дазволілі літаратару жыць бязбедна, ён пасяліўся ў шыкоўных апартаментах на першым паверсе Рэмбелінскага палаца ў цэнтры Варшавы. Казалі, што месячны даход пісьменніка сягае 15 000 злотых, долар у той час мянялі па курсе 5 злотых, сярэдні заробак складаў 350 злотых, заробак ваяводы — 950 злотых, а прэм’ера краіны — 1850 злотых. У дом Мастовіча прыносілі мяхі лістоў, і кажуць, што ён знаходзіў хвілінку, каб адказаць усім.
У 1933 годзе выйшаў раман «Пракурорка Аліцыя Горн», у 1936 годзе — дзве часткі «Доктара Мурка», а праз год — той самы «Знахар». Меладраматычны раман апавядае пра зорку варшаўскай медыцыны, хірурга Рафала Вільчура, які пасля страты памяці і шматгадовых бадзянняў пад іменем Антонія Касібы трапляе парабкам на млын у мястэчку на Браслаўшчыне, дзе нечакана выяўляе ў сябе невытлумачальную здольнасць лячыць людзей. Твор з самага пачатку ствараўся як кінасцэнар, але не зацікавіў кінастудыю, таму Мастовіч перарабіў яго ў раман. Кінастудыя перадумала вельмі хутка, і першая экранізацыя з’явілася ўжо ў тым самым 1937 годзе. У 1938 і 1939 гадах з’явіліся наступныя часткі гісторыі.
Шалёна папулярная ў нас экранізацыя 1981 года рэжысёра Ежы Гофмана зроблена з надзвычайнай увагай да сюжэта кнігі, і пільныя гледачы арыгінальнай версіі могуць ацаніць цёплы і лямпавы акцэнт беларускай сям’і млынара Пракопа, якога, дарэчы, сыграў славуты оперны спявак родам з Вільні, бас-барытон Бернард Ладыш. А ўсё чаму?
Таму што падзеі адбываюцца ў мясцінах дзяцінства пісьменніка, на Глыбоччыне. Калі будзеце чытаць раман у арыгінале, а ён ёсць у адкрытым інтэрнэт-доступе, як аўдыякніжка, так і літаркамі пачытаць, то пазнаеце ў гаворцы млынаровай сямʼі і сялян беларускі каларыт. Вядомы глыбоцкі краязнавец Уладзімір Скрабатун сцвярджае, што прататыпам загалоўнага знахара з’яўляецца народны лекар Міхал Алег Нагушча, які быў чалавекам з інваліднасцю (у яго быў пратэз на адной назе), але надзвычайнай сілы духу і таленту, да ягонай хаты хворыя збіраліся з усёй ваколіцы, прыходзілі самі пешкі, або іх прывозілі на падводах. Міхал Алег Нагушча загінуў у 1941 годзе: спачатку трапіў у глыбоцкую турму, а потым, калі НКУС пагнаў зняволеных на Улу, каб ліквідаваць нядобранадзейных элементаў, калону атакавала нямецкая авіяцыя.
Апошнім апублікаваным раманам Мастовіча стаў лёгкі, поўны гумару і самаіроніі «Дзённік пані Ганкі» — гісторыя жонкі саліднага дыпламата, якая падазрае мужа ў здрадзе і, спрабуючы дакапацца да падрабязнасцей, ублытваецца ў шпіёнскую аферу. З пэўных крыніц маю пэўныя звесткі, як казаў Янка Купала ў пʼесе «Тутэйшыя», што беларускі пераклад гэтага рамана ўжо ёсць, будзем чакаць у друку.
Калі выбухнула Другая сусветная вайна, Тадэвуш Далэнга-Мастовіч як рэзервіст пайшоў у войска. Ёсць некалькі версій смерці пісьменніка. Ён загінуў паблізу румынскай мяжы ў мястэчку Куты, дзе кіраваў патрулём, які забяспечваў ахову парадку. Паводле адной версіі, ён паехаў па хлеб у пякарню. У гэты ж час савецкія войскі ўвайшлі ў горад, і машыну з польскімі салдатамі абстралялі танкі. Іншая версія сцвярджае, што пісьменнік быў забіты, калі марудзіў са здачай зброі. Ёсць таксама меркаванне, што нейкія вайскоўцы зацікавіліся ботамі Мастовіча і забілі яго. Дакладная дата смерці невядомая: гэта або 20, або 18 верасня 1939 года. Аднак вядома, што ў маленькіх Кутах усе ведалі, хто такі Далэнга-Мастовіч. На пахаванне сабраўся сапраўдны натоўп.

Ніколі не быў жанаты, хаця меў армію прыхільніц

Тадэвуш Далэнга-Мастовіч ніколі не быў жанаты, нягледзячы на стракатае кола прыхільніц. Ён закахаўся і заручыўся, маючы ўжо 40 гадоў. Яго нарачонай Катажыне Піўніцкай не было 18 гадоў, і яны вырашылі пачакаць са шлюбам да паўналецця дзяўчыны – да лістапада 1939 года.
Першапачаткова Далэнгу-Мастовіча пахавалі ў Кутах, пра магілу клапаціліся мясцовыя палякі і армяне, і толькі ў 1978 годзе парэшткі пісьменніка перапахавалі ў Варшаве ў катакомбах Павонзкаўскіх могілак.

Пахаванне Далэнгі-Мастовіча на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве

Усе творы Далэнгі-Мастовіча, акрамя «Кар’еры Нікадыма Дызмы», чыю папулярнасць нельга было перабіць, у 1951 годзе трапілі пад цэнзуру і былі выкінутыя з бібліятэчных паліц. І трыумфальна вярнуліся ў васьмідзясятыя і дзевяностыя. Тадэвуша Далэнга-Мастовіча абвінавачвалі ў празмернай меладраматычнасці і патуранні безгустоўнасці, на што ён адказваў, што пакуль яшчэ не піша, пакуль толькі зарабляе, а сапраўдную літаратуру пачне пісаць пазней. На жаль, аніякага пазней не было. Пазней наступілі вельмі цёмныя часы, у якія раманы Мастовіча выявіліся вельмі дарэчнымі. І дагэтуль яны лекуюць чулыя сэрцы чытачоў, захапляюць гледачоў і рэжысёраў, натхняюць перакладчыкаў і краязнаўцаў.

Што чытаць і што глядзець?

Вядома ж, «Знахара». Узброіцца хустачкай, чытаць і параўноўваць даваенную і гофманаўскую экранізацыі. Гэта меладраматызм, але ў неразбаўленым, гаючым выглядзе. Дарэчы, чытаючы «Знахара», можна не проста занурыцца ва ўтульнае жыццё міжваеннага беларускага мястэчка, але і пашукаць на мапе яго рэальны адпаведнік. Беларускі пераклад рамана — Марына Казлоўская, Марыя Пушкіна, Марына Шода і Ганна Янкута з асобнай падзякай рэдактарцы Марыі Мартысевіч.
Параўнаўшы «Знахараў», можна перайсці да «Кар’еры Нікадыма Дызмы». Польскі кінематограф прапануе нам тры экранізацыі: 1956, 1980 і 2002 года. Класічная версія — серыял 1980 года з Раманам Вільгельмі ў галоўнай ролі, расцягнуты на цытаты і дэталі. Беларускіх перакладаў два: Інесы Кур’ян і Наталлі Кучмель, другі — Алеся Емяльянава-Шыловіча.
Варта чытаць таксама «Пракурорку» ў беларускім перакладзе Веранікі Бандаровіч, пераклад з’явіўся ў часопісе «Полымя». Яркі жаночы вобраз у суворай судовай мантыі, а таксама разбітыя сэрцы і таямнічыя грахі мінуўшчыны. Дэтэктыўная міжваенная камедыя.
У 2021 годзе ўбачыла свет першая літаратурная біяграфія Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча, аўтар — польскі літаратуразнаўца Яраслаў Гурскі. Гэта магутнае выданне на 450 старонак. Беларускага перакладу пакуль няма, але і пра глыбоцкі след у знахарскай справе даследчык не згадвае.

Куды бегчы?

Творы Далэнгі-Мастовіча настолькі багатыя на цудоўныя побытавыя дэталі, што вам, цалкам магчыма, захочацца новы капялюшык, пірожанку з цукерні Загадзіньскага на вуліцы Вольскай або клубніц з сада пробашча. Ці прынамсі салодкай, як уз’яднанне каханых сэрцаў, глыбоцкай згушчонкі. Адгукніцеся на гэты справакаваны літаратурай покліч, не стрымлівайце сябе, і будзе вам крыху гаючага сентыментальнага шчасцейка.
onliner.by