Беларускі скульптурны крызіс

Стан сучаснай беларускай манументальнай скульптуры выклікае трывогу, і ўжо даволі працяглы час. Занадта шмат набралася негатыву і горкіх праблем у галіне гэтага віду мастацтва. З відавочнымі памылкамі і недаробкамі мы сустракаемся штодня. І бачым, што пры мінімальных, удумлівых і своечасовых захадах эфект быў бы станоўчы.

Помнік Скарыну каля Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску.

Помнік Скарыну каля Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску.


Цэнтральная фігура Скарыны

Пачнём агляд з самага фундаментальнага твору нашай манументальнай скульптуры — з помніка Францыску Скарыну ў Полацку. Манумент спраектаваны і ўсталяваны ў эпоху стагнацыі, аднак скульптар праекта — вядомы мастак, які фактычна падняў тэму Скарыны на еўрапейскі ўзровень, Аляксей Глебаў — стварыў выдатны праект. Але яму не хапіла часу на ажыццяўленне пластычнай задумы. Завяршалі помнік іншыя скульптары і архітэктары. А для архітэктараў усё адно — што Скарына, што Калінін. П’едэстал Скарыны абліцаваны пліткай. Пастамент не нясе ніякай праграмы, не стварае ніякай падтрымкі помніку, ставіць яго ў агульны шэраг прахадных савецкіх праектаў.

П’едэстал — вельмі важны элемент манументу, гэта яго праграма і развіццё тэмы. У нашым выпадку ў Скарыны цалкам адсутнічае п’едэстал, калі яго разглядаць як важны элемент манумента. Мы ведаем выпадкі, калі праз нейкі час помнікі ўдасканальвалі, нават перамяшчалі ў іншае месца.

Улічваючы набліжэнне 500-х угодкаў вяртання Скарыны на Радзіму, заснавання друкарні і кнігадрукавання ў Вільні, падзея будзе шырока адзначацца ў Беларусі і Літве, і шырэй — у свеце.

Помнік Скаране ў Полацку

Помнік Скаране ў Полацку

Полацкаму гарвыканкаму варта аб’явіць конкурс на стварэнне п’едэстала для манумента Скарыну і цягам 3–4 гадоў правесці рэканструкцыю помніка, паставіць яго перад гасцініцай, пазбегнуўшы эфекту контражуру, які цяпер існуе, і не дазваляе бачыць помнік нармальна асветленым на працягу большай часткі дня. Такія захады неабходныя дзеля ўзвелічэння вобраза Скарыны і яго ролі ў нашай гісторыі і культуры.

З 2006 года помнік Скарыну ўпрыгожвае мікрараён Мінска ля Нацыянальнай Бібліятэкі. Цалкам гэтая кампазіцыя ўдалая. Помнік аказаўся пасаджаным на сваім месцы. Створана сучасная пластычная сітуацыя. Аўтар манумента — скульптар Алесь Дранец. Але ўжо пасля адкрыцця помніка аказалася, што ён нясе ў сабе, як мінімум, тры грубыя памылкі. На п’едэстале паказаны віды ключавых гарадоў, з якімі звязаны жыццё і дзейнасць Скарыны: Полацк, Кракаў, Падуя і Прага. Трэба разумець, што, паказваючы Полацк таго часу, скульптар абавязаны быў падаць самыя вядомыя мясціны горада канца ХV — пачатку ХVI стагоддзя: замак і храм Сафіі. Мастак гэтак і зрабіў. Але Сафію Полацкую скульптар адлюстраваў у выглядзе баракальнага храму, якім яна стала ў другой палове ХVIII стагоддзя. Гэта ўжо базіліка віленскага барока архітэктара Глаўбіца. І зусім іншая эпоха!

Дарэчы, і ў інтэр’ерах Нацыянальнай бібліятэкі нямала выяваў Сафіі ХVIII стагоддзя. Становіцца зразумела, што многія мастакі і не падазраюць, што Сафія ў сваім візантыйскім выглядзе вычарпала сваё існаванне і ў канцы ХV стагоддзя і была перабудаваная ў новы храм. У пачатку ХVI стагоддзя гэта была ўжо святыня абарончага тыпу з рысамі гатычнага стылю. Такой Сафія паказана на гравюрах і малюнках Полацка таго часу. А напачатку ХVIII стагоддзя жаўнеры Пятра І узарвалі гэты храм. І толькі ў 1750 годзе Сафія Полацкая, паводле праекта архітэктара Глаўбіца, была адбудаваная ў выглядзе базілікі.

Ад часоў Скарыны да базілікі віленскага барока было яшчэ 250 гадоў!

Як вядома, Скарына вучыўся ў Вільні ў юным узросце, пазней жыў там. У Вільню Скарына вярнуўся пасля 1521 года і ў 1522 годзе заснаваў першую на Радзіме друкарню, дзе выдаў «Малую падарожную кніжку» і «Апостала». У Вільні Скарына рэдагаваў Першы Статут ВКЛ, які быў уведзены ў жыццё ў 1529 годзе. Вільня была сталіцай ВКЛ і ў ёй праходзілі ўсе найважнейшыя палітычныя, культурныя і навуковыя падзеі не толькі нашай Радзімы, але Усходняй і Заходняй Еўропы. Пра Вільню і Скарыну напісаны тамы кніг, роля Вільні ў лёсе Скарыны — агульнавядомая. Але на п’едэстале помніка нашаму асветніку побач з Полацкам, Прагаю і Кракавам адсутнічае Вільня! Абуральны факт! Мы маем права патрабаваць выпраўлення такой недарэчнасці.

Ці памылка аўтара помніка таму віною, ці іншыя прычыны, але ў большай ступені адказнасць за гэтую недарэчнасць нясуць Міністэрства культуры і мастацкі савет гэтага ведамства, якія далі зялёнае святло праекту менавіта ў такім выглядзе.

І трэцяя праблема. Калі за плячыма Скарыны былі поле і далёкі штрых лесу, помнік меў усе рысы манументальнасці. Сёння ж за Скарынам вырас дом з нахільным фасадам. І такое ўражанне, што будынак падае на Скарыну, а вокны дома ствараюць дробную мітусню, якая адмоўна ўплывае на ўстойлівасць манумента. Цяпер да праблем, узніклых у выніку дзейнасці аўтара і былых Міністэрства культуры і мастацкага савета, дадалася праблема бяздумна спланаванага і збудаванага дома за помнікам.

Надалей так пакідаць сітуацыю з помнікам немагчыма. Яе трэба тэрмінова мяняць. Помнік Скарыну ў Мінску — патэнцыйна адзін з лепшых манументаў у нашай краіне, і мы павінны ліквідаваць недахопы, якія замінаюць яму быць такім на самай справе і стаць сімвалам Беларусі.

Для гэтага Міністэрству культуры і Мінгарвыканкаму трэба прыняць рашэнне пра рэканструкцыю манумента. Калі пакласці яшчэ адзін куб граніту ў п’едэстал, тады ён набярэ сваю неабходную вышыню, можна будзе паправіць і выяву Полацка, і размясціць рэльеф Вільні.

Пры ўсёй праблемнасці фону для манумента, помнік застаецца на сваім месцы. Тут ён ужо вырашыў пластыку горадабудаўнічай, урбаністычнай праблемы. Помнік добра мадэляваны сучаснай пластычнай мовай.

Але для таго, каб яго аддзяліць ад таго дому, які сапсаваў ландшафт горада, варта насадзіць малады дубовы гай, які з цягам часу стане выдатнай зялёнай дубровай і годным фонам для Скарыны. Дзякуй Богу, месца за помнікам пакуль вольнае. Але напачатку трэба спраектаваць дуброву Скарыны. Спадзяемся, што Мінкультуры санкцыянуе рэканструкцыю помніка. А генеральным партнёрам рэканструкцыі манумента стане Беларускі саюз мастакоў.

Полацк. Помнік Ф. Скарыну (А. Заспіцкі, А. Глебаў, І. Глебаў)

Полацк. Помнік Ф. Скарыну (А. Заспіцкі, А. Глебаў, І. Глебаў)


Без пастаменту

Ад нейкага часу ў Беларусі пачалі ўзводзіць помнікі альбо зусім без пастаменту або на мінімальна нізкім узвышшы, што стварае адчуванне незавершанасці аўтарскай задумы.

Гэтак здарылася з помнікам Максіму Багдановічу. Некалі архітэктар, які дапамагаў усталяваць помнік, вырашыў так, практычна без яўна відавочнага пастаменту, без усялякага лейтматыву, без неабходнай праграмы, пусціць у свет вобраз вялікага паэта. Пры яго пераносе ў іншае месца можна было б гэтую памылку выправіць. Пра гэта было сказана ўплывовым скульптарам, ад якіх нешта залежала, але… нічога не змянілася.

Помнік Максіму Багдановчу

Помнік Максіму Багдановчу

Помнік Усяславу Полацкаму паставілі ў выпадковым месцы, на выпадковай падстаўцы, ад чаго і маштаб самога помніка мяняецца, не адпавядае ролі і вазе героя ў гісторыі Полацкага Княства. Дарэчы, ні творцы, ні начальнікі ад культуры, ні ўлады Полацка не ўяўляюць, якім ён быў у Х–ХІІ стагоддзях, і мераюць яго значэнне сённяшнім маштабам райцэнтру.

Полацк — адмысловы горад у нашай гісторыі. Гэта сталіца нашай старажытнай дзяржавы. І мы павінны да яго ставіцца належным чынам, весці адпаведную культурную палітыку. Полацк трэба адбудоўваць, аднаўляць, ствараць адмысловую гарадскую інфраструктуру, культуру, вобраз горада. Ён у часы Усяслава, нават па еўрапейскіх мерках, быў мегаполісам. У ХІ стагоддзі Пскоў займаў 60 га, Кіеў — 120 га, а Полацк — 200 га, і вядомы з VII стагоддзя. Мы павінны ацэньваць ролю кожнага нашага горада за яго рэальную вагу ў нашай гісторыі, а не па тых параметрах, якія характарызуюць іх на момант выхаду краіны з абдымкаў царызму. Таму, дарэчы, на Полацкім замчышчы, як і на іншых гістарычных аб’ектах праектаваць будаўніцтва нейкай спаруды — злачынства. Важна, каб і гарадскія начальнікі былі на вышыні маральнай і культурнай адказнасці.

Помнік Ефрасінні Полацкай у МІнску

Помнік Ефрасінні Полацкай у МІнску

У Мінску, між іншым, ёсць помнік Еўфрасінні Полацкай. Але хто можа яго паказаць? Вобраз прыгожы, канцэптуальна і пластычна вырашаны ўдала. Але помнік зусім без пастамента, не мае аніякага архітэктурнага рашэння, і наогул схаваны ў кусты каля нейкіх выпадковых будынкаў на праспекце Незалежнасці.


Помнік Еўфрасініі Полацкай ля прадпрыемства "Агат" у Мінску. Аўтар А. Арцімовіч

Помнік Еўфрасініі Полацкай ля прадпрыемства "Агат" у Мінску. Аўтар А. Арцімовіч

А на рагу Траецкага прадмесця напачатку 1990 гадоў усталяваны помнік Язэпу Драздовічу. Гэта дыпломная работа Ігара Голубева — значыць, станковая скульптура, або толькі праект помніка. Кампазіцыя, з прафесійнага пункту гледжання, арыгінальная і глыбокая па змесце. Але каб таму праекту быць помнікам, яго трэба павялічыць у 3–4 разы. Месца, дзе ўсталяваны помнік, ні па якіх параметрах не пасуе ні для якога манументу. Тут відавочная непрафесійная праца па ўладкаванні помніка. Яго архітэктурным фонам з’яўляецца ўнутраны падворак квартала, які ў 1975 годзе быў знесены. А потым была дабудаваная камяніца, якая выканана зусім не ў стылі, без разумення гэтай архітэктуры.

Мала гэтых праблем, дык помнік пастаўлены невядома на што, з чаго ўжо асыпаюцца керамічныя пліткі. Пахабная праца, безадказныя адносіны. Над помнікам красуецца рэклама «Кuraje». Ніхто гэтага не бачыць, ніхто не разумее праблемы, і, галоўнае — ніхто не адказвае за стан помнікаў культуры ў сталіцы!

Помнікам Драздовічу, яго лёсам павінен заняцца сам аўтар. Але пачакаем, як будуць адноўленыя (рэстаўраваныя) будынкі ўніяцкага кляштара на рагу вуліц Багдановіча і Купалы. Мяркую, што помнік Драздовічу можна будзе ўсталяваць там. Менавіта з гэтага месца мастак зрабіў свой вядомы малюнак Верхняга места. Але скульптар Голубеў цяпер павінен прайсці гэты неабходны шлях па стварэнні сапраўднага, маштабнага помніка Драздовічу — вартага і неабходнага элемента горада, урбаністычнай культуры Мінска.

Аўтару для гэтага патрэбная дапамога з Мінкультуры і Мінгарвыканкаму. Для гэтага варта хоць раз убачыць помнік разам з «Куражом».

pomnik_jazepu_drazdoviczu__minsk.jpg


Манументы Верхняга гораду

Як вядома, прынята рашэнне пра збудаванне ў Мінску помніка мінскаму князю Глебу (Готлібу) і вызначана для гэтага месца ў Верхнім горадзе. Конкурс адбыўся, і ёсць пераможца. Аднак у гэтай ініцыятыве маецца некалькі невырашальных праблем. Па-першае: князь Глеб — не тая фігура, што можа прэтэндаваць на гэтую пляцоўку. Ён ніяк не звязаны з Верхнім местам — не было яго пры жыцці Глеба. Гэта новая ўрбаністычная пляцоўка, якая пачала складвацца толькі ў ХVI стагоддзі. Князь жыў у гарадскім замку, які знаходзіўся ў Ніжнім горадзе. Таму лагічна ўзводзіць помнік Глебу ў комплексе з аднаўленнем замку (яго важных фрагментаў). Зразумела, калі замчышча забудаванае і праз яго пракладзеная магістраль, трэба шукаць кампрамісныя рашэнні.

Помнік Глебу можна ўзво­дзіць, увязваючы яго толькі з Ніжнім местам, замкам. Верхні горад — месца для помнікаў вялікім князям Альгерду, Вітаўту, Жыгімонту І, канцлеру Мікалаю Радзівілу Чорнаму, найвышэйшым гетманам ВКЛ Канстанціну Астрожскаму, Юрыю Радзівілу, Мікалаю Радзівілу Рудому, Янушу Радзівілу, Яну Хадкевічу, якія мужна баранілі Айчыну ад ворагаў і прынеслі ёй свабоду і славу. У Мінску дагэтуль няма манумента Свабоды. Над гэтым праектам пачынаць працу трэба ўжо цяпер. І месца яму — плошча Свабоды. А пералічаныя вышэй героі нашай гісторыі — па праву галоўныя вобразы ў аснове помніка Свабоды.

Зразумела, пастаўленыя праблемы тычацца кампетэнцыі горада і Міністэрства культуры. Пра гэта ў свой час будзе агучана прапанова ў Міністэрстве культуры. Але ж і самі скульптары не павінны спаць у шапку.

А што ўлады горада нарабілі сёння на плошчы Свабоды — мы бачым, і ўжо спакойна за гэтым назіраць немагчыма. На плошчы хаатычна расстаўленыя прадметы дробнай пластыкі: і помнік безыменнаму войту, і змучаныя коні ва ўпражы, і вагі — экспанаты для невялікай замкнёнай прасторы: альбо для падворку музея, альбо для экспазіцыі музея. Маштабам вылучаецца толькі фігура войта. А ўсцяж гандлёвых шэрагаў (віленчукоў — так яны зваліся ў час іх росквіту) выстаўлены нейкія бляшаныя дэкарацыі. Гэта ўжо поўная недарэчнасць і безгустоўшчына.

Такім чынам Верхняе места ператворана ў пластычны і сэнсавы балаган. Да таго ж у напісанні рэкламы ўжываецца руская мова з выкарыстаннем літары «Ъ», дарэформенны варыянт правапісу, што сведчыць пра імперскую скіраванасць арандатараў рэстаранных устаноў, якія атрымалі чужыя архітэктурныя помнікі ў часовае карыстанне. Беларуская мова, якая магла б стварыць тут адмысловы беларускі каларыт і вобраз, амаль зусім адсутнічае.

Помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку

Помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку


Аўтэнтычная тут толькі беларуская архітэктура, якая чакае сапраўднай рэстаўрацыі і аднаўлення. На плошчы Волі нядаўна ўсталявалі помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку. Помнік наводзіць на добрыя думкі і праменіць душэўнай цеплынёй. Тое наша культура, беларуска-літоўскі дух. Гэтыя героі тут жылі, вучыліся і працавалі; тут зусім блізка стаяў будынак, дзе яны паставілі сваю аперэтку. І гэта вельмі кранальны сюжэт, таму што ён — жывая гісторыя. На жаль, і ў помніку Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку захавалася тэндэнцыя неразвітага п’едэсталу.

Верхні горад у Мінску — унікальная пляцоўка паводле свайго гістарычна-культурнага зместу і, галоўнае, напоўненасці помнікамі архітэктуры, уключна з тымі, якія былі злачынна знесеныя ў 1948–1952 і 1960-х гадах: Дамініканскі касцёл з будынкамі кляштара, вежа-званіца (з гадзіннікам) езуіцкага комплексу, Бенедыктынскі касцёл, знявечаны ў ХІX стагоддзі, але прастаяў аж да сярэдзіны 1960-х.

Гэтыя помнікі былі знішчаны пасля атрымання ад Германіі кантрыбуцыі на іх аднаўленне. Іх цяпер вельмі нестае. Яны пашыралі межы самой плошчы і рабілі яе яшчэ больш змястоўнай. І што таксама важна — помнікі былі сувяззю з хрысціянскім светам, бо належалі хрысціянскім канфесіям. Аднаўленне помнікаў на плошчы Свабоды стане вялікай, важнай і справядлівай акцыяй у дачыненні да пакалечанай, абражанай беларускай культуры, і маральнай кампенсацыяй усёй краіне, якая падвяргалася знішчальнаму царскаму і бальшавіцкаму нашэсцю. Ужо цяпер неабходна складаць праект Генеральнай рэканструкцыі ўзнаўлення і развіцця Верхняга места. Вось тады, у межах гэтага праекту, і будзе вырашацца: дзе і якія помнікі ствараць.

Дзеля справядлівасці варта сказаць, што яшчэ ў пачатку 1980-х гадоў быў створаны праект рэстаўрацыі і ўзнаўлення Верхняга места. Яго грамадскае абмеркаванне адбылося ў Оперным тэатры. Аднак у 1984 годзе мы недалічыліся будынка гарадскога тэатру, дзе была пастаўлена аперэтка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Станіслава Манюшкі ды Канстанціна Крыжаноўскага «Сялянка». А ўжо на пачатку ХХІ стагоддзя не стала дома ў самым цэнтры Верхняга места — узору грамадзянскай архітэктуры. Ніхто не шукаў вінаватых у стратах. А рэстаўрацыя помнікаў Верхняга места — гістарычнага цэнтра Мінска — недаравальна зацягнулася.


«Гарадская скульптура» як дробнатэм’е і пошласць

Маштаб распаўсюду ў Мінску паркавай, дробнамаштабнай скульптуры нагадвае эпідэмію. У гэтай галіне пануе дробнатэм’е і надакучлівая пошласць. Такія помнікі не могуць стаяць на ходніках праспектаў ці плошчах, у ажыўленых месцах горада. Такой скульптуры павінны быць вызначаны месцы, адпаведныя жанру. Мяркую, што скульптура «Гараднічы» належыць да гэтай катэгорыі. Больш за тое — аб’ект за вушы прыцягнуты ў беларускае гарадское асяроддзе. Ён адмыслова прызначаны для ўшанавання памяці пра расійскую каланіяльную палітыку і яе сістэму. У Мінску няма помніка, прысвечанага ахвярам Курлоўскага расстрэлу 1905 года, а царскі жандар красуецца! Лічу, што адлюстраванне ў манументальнай скульптуры царскага мінулага — антыбеларуская дзейнасць: супраць айчыннай гісторыі і культуры, супраць суверэнітэту Беларусі.

А што ў другіх гарадах краіны? У Брэсце і Гродна жыхароў раздражняюць помнік рускім дэсантнікам і прыводзіць у замяшанне мемарыяльная дошка гродзенскаму губернатару Пятру Сталыпіну, які на гэтай пасадзе працаваў усяго 8 месяцаў. (Нікому ж у Вільні не прыйшло ў галаву ляпіць генерал-губернатара Мураўёва, які загадаў павесіць, расстраляць сотні паўстанцаў, і тысячы — саслаў на катаргу). Што ж прывабіла гродзенскіх начальнікаў у вобразе царскага стаўленіка? Задушэнне сялянскага руху ў Саратаўскай губерні? Разгон 2-й Дзяржаўнай Думы? Тое, што ён ініцыяваў масавае перасяленне жыхароў Беларусі ў прасторы Расійскай імперыі?


Між тым, у 1919 годзе ў Гродне працавалі Рада і Урад БНР. Дзе мемарыяльная дошка ў гонар сапраўдных прадстаўнікоў беларускага народа, яго эліты? Рытарычнае пытанне! Мы чакаем усталявання помнікаў і мемарыяльных дошак у гонар вялікага князя ВКЛ Вітаўта, караля Польшчы і вялікага князя ВКЛ Стэфана Баторыя, Антонія Тызенгаўза, Васіля Быкава. З Гродна былі некаторыя жаўнеры і афіцэры Войска Польскага, нават два генералы, якія былі расстраляныя ў 1940 годзе ў Катыні — як Гродна ўшанавала памяць пра сваіх пакутнікаў і герояў? Не відно!

У Брэсце нарадзіўся, вучыўся, жыў і працаваў будучы старшыня Ураду БНР Аляксандр Цвікевіч, які быў расстраляны бальшавікамі ў Мінску ў 1937 годзе. З Брэсту і Брэст-Літоўскай зямлі было шмат жаўнераў, што загінулі ў Катыні. Наогул, і ў Брэсце, і ў іншых гарадах Беларусі дастаткова яскравых старонак уласнай гісторыі. Але для таго, каб выдатныя асобы нашай гісторыі і культуры сталі аб’ектамі манументальнай пластыкі ці жывапісу, патрэбныя воля як цэнтральнай улады, так і, можа, у першую чаргу, жаданне і імкненне рэгіянальнай улады.

Дзеля таго, каб у Беларусі запрацавала адмысловая праграма развіцця манументальнага мастацтва, Саюз мастакоў павінен сам генераваць стварэнне такой праграмы. Да гэтай стваральнай працы будуць далучаны прадстаўнікі іншых творчых саюзаў і грамадскіх арганізацый краіны. Гэта асноўнае мерапрыемства на папярэднім этапе, якое дасць магчымасць пераадолець скульптурны крызіс, які назіраецца ў Беларусі.