Дзеці, кухня, царква

Гэты суботні дзень пачаўся ў Алены як заўжды з бліноў. Ілля ўжо аддаваў перавагу падлеткавым гульням на тэлефоне перад дапамогай маці, а вось чатырохгадовы Антон з задавальненнем замешваў цеста і дапамагаў здымаць бліны з патэльні.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

— Антось, ідзі кліч тату снедаць, — і сын хутка пабег на балкон, дзе Саша ўжо другія выходныя спрабаваў сабраць гімнастычны куток.
Есці не хацелася, ды Алена прымусіла сябе праглынуць тры бліны і выпіць кубак какавы.
— Значыцца так: вячэра — курыца, вінегрэт і пюрэ — у халадзільніку, у маразільніку — замарожаныя абеды і вячэры, мусіць хапіць дзён на дзесяць, потым назакупляеце сасісак, піцу закажаце.
— Як трэ’ будзе, разбяромся!
Сашаў голас нават пасля шаснаццаці гадоў шлюбу гучаў упэўнена і цвёрда. І Алене раптам захацелася застацца дома, сядзець на канапе ў абдымку, піць гарбату і глядзець які-небудзь скандынаўскі серыял, цалкам аддаўшыся пошуку серыйнага забойцы.
— То і добра. Я — фарбавацца і апранацца.
У ваннай Алена паглядзела ў люстэрка і нацягнута ўсміхнулася. Яна хутка нафарбавала вейкі, падвяла бровы і прыпудрылася. Потым зняла гадзіннік, бранзалет і завушніцы, акуратна склала ўсё ў шафку.
На ложку ляжала прыгатаванае зранку адзенне. Алена надзела двое трусоў, нацягнула чырвоныя нагавіцы, белую блузку, паклала ў кішэню стары кнопкавы тэлефон.
— Так нармальна? — ужо стоячы ў калідоры, спытала яна Сашу.
— Анягож!
— Я гатовая, — сказала Алена, завязваючы шнуркі на красоўках. — Ілля, Антон, цалавацца і развітвацца не будзем, слухайцеся тату, ён неўзабаве прыедзе, а я — пазней! — яна паспрабавала перакрычаць тэлевізар.
— Шчасліва, мам!
У машыне ніхто не хацеў загаворваць першым, і Алена глядзела на паўпустыя гарадскія вуліцы ды спрабавала прыдумаць тэму для кароткай размовы.
— Карацей…
— Ален, праўда, не трэба. Тэлефануй мне ў любым выпадку, ну і, калі скончыцца ўсё, таксама тэлефануй — я адразу ж прыеду.
— Я ця-бе ка-ха-ю, Са-шка, — разбіваючы фразу на склады, вымавіла Алена.
— І я цябе, заяц! Поспехаў, і — рыбна вам!
— Хоць не рыбна, затое юшна!

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Алена ўздыхнула з палёгкай, калі на другім баку плошчы ўбачыла людзей. Яна хутка спусцілася ў пераход і падышла да шапіка з кветкамі. У шэрых пластмасавых вазах на цэментнай падлозе стаялі сінія анатамічныя касачы, аранжавыя, у леапардавую крапінку, лілеі, строгія жоўтыя ружы і мноства іншых бэзава-фіялетавых кветак.
— З чырвона-белых засталася толькі архідэя, — пачуўся пракураны голас прадавачкі. — Пяцьдзясят рублёў.Алена стала хутка перабіраць вачыма кветкі ў шапіку, спрабуючы знайсці хоць нешта адпаведнае і не такое дарагое.
— Ладна, бяры за дваццаць, па сабекошце. Мо’ і зменіце што-небудзь, а то даняло ўжо!
Алена паклала дваццаць рублёў на сподачак, узяла архідэю, сказала «Дзякуй» і пайшла наверх.

p1430384_logo_1.jpg


Наверсе, у няроўнай лініі, што абгінала клумбы, газоны і лаўкі, стаялі жанчыны і дзяўчаты. Зусім юныя, з заплечнікамі, маладыя, у брэндавай вопратцы, старэйшыя, дагледжаныя, і прыгожыя пажылыя. Усе апранутыя ў чырвона-белае, з такімі ж хрызантэмамі, гваздзікамі, ружамі. За іх спінамі ўпэўнена ўздымаўся Чырвоны касцёл.
Алена, нібы адзіночны квадрацік з тэтрыса, арганічна ўвайшла ў жывую лінію і стала адной з матак, жонак, дачок, сясцёр, бабуль. Яна не ведала, што рабіць з архідэяй у гаршку, і проста паставіла яе перад сабой на плошчу. Дзяўчына з кучаравымі валасамі апусцілася перад кветкай на калені і павязала на сцябло чырвоную стужку.
Аркестр з розных галасоў і фраз закруціў Алену.
— Можа, школу памяняем. Але не надта хочацца яго тузаць — усё ж такі дзясяты клас…
— Пенсію ўчора ўсю з карткі зняла. Купіла пяцьдзясят даляраў, астатняе — на жыццё…
— Я да яго на пары не хаджу. Не ведаю, як залік здаваць буду…
— А гэтую чула? Адбіць хлопца — гэта не сорамна, гэта ганарова!..
— Я з Ганцавічаў прыехала, на электрычцы. У цёткі спынілася, сказала, што па крамах…
І тут грымнула «Жыве Беларусь!», і ўсе падхапілі:
— Жы-ве Бе-ла-русь! Жы-ве Бе-ла-русь!
Архідэя, нібы дырыжор, стаяла перад жаночым хорам, і Алене падалося, што яе кветкі ківаюць у такт лозунгу.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


А потым раптам запанавала цішыня. Як перад чарговай бамбёжкай у кнігах пра вайну — цішыня, якая пранізвае да касцей. І сярод гэтай цішыні Алена і ўсе, хто стаялі ў ланцугу, нібы па камандзе «Раўнуй!» павярнулі галовы направа. З боку Дома ўрада на іх трушком рухалася чорная калона амапаўцаў ва ўсім абмундзіраванні.
— Становімся ў счэпку! Трымаем счэпку! — пачулася з усіх бакоў.
Алена схапіла сваю архідэю і ператварылася ў звяно ланцуга. Рукамі, моцна сціснутымі з абодвух бакоў, яна адчула сілу і ў той жа час жывёльны страх. Электроды страху праходзілі праз пазваночнік, праціналі кожную костачку яе арганізма і скрозь пальцы знаходзілі выхад у гаршку з белай архідэяй.

img_6793_1_logo_1.jpg


Чорныя касманаўты за два метры ад Алены сфармавалі паралельную лінію і, нібы іх нехта перастаў тузаць за вяровачкі, спыніліся. Насупраць Алены стаяў амапавец з вялікімі карымі вачыма і доўгімі чорнымі вейкамі, ён нагадваў Алене стрыечнага брата, з якім яна ўжо не мела зносін больш за месяц, з пачатку жніўня. Амапавец вытарашчыўся на Алену і на яе архідэю. А Алена глядзела яму ў вочы і ўяўляла, што ён чыйсьці сын, муж, брат, бацька і сёння ён прыйдзе дадому. Яна спрабавала ўбачыць у яго вачах страх, адчай, раскаянне, але, акрамя цемры, не знаходзіла там нічога. І цемра гэтая спараджала бяссілле і забірала веру, і Алена яшчэ мацней сціскала сваю архідэю. А потым яна ўбачыла, як амапавец усміхнуўся, спачатку вачыма, а потым і рот разышоўся ва ўсмешцы, пасля чаго ён прашаптаў, і Алена змагла прачытаць па вуснах: «Су-ка».
І ў гэты момант Алена разарвала счэпку і, моцна сціснуўшы гаршчок з архідэяй абедзвюма рукамі, занесла яго над галавой і шпурнула ў амапаўца з вялікімі карымі вачыма. Яна бачыла, як архідэя стукнулася аб яго шлем, бачыла, як ва ўсе бакі разляцеўся гаршчок, зямля і галька. Алена не паспела ўгледзець, як на плошчу ўпала белая архідэя — у гэты час яна што моцы імчала ў бок касцёла. Яна ўляцела ў адчыненыя дзверы, прабегла касцёл наскрозь, укленчыла перад алтаром і ўслых стала шаптаць малітву:
— Ойча наш, каторы ёсць у небе! Свяціся Імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая як на небе, так і на зямлі…
Алена пачула, як да яе падбягаюць ззаду, і захіліла галаву рукамі.

img_6798_logo_1.jpg


красавік 2021
Пераклад з рускай мовы – Антось Уласенка