Фантастычныя прыгоды кантрабанднай мовы

Раман Марціновіча — сентыментальна-яхідная сацыяльная фантастыка, беларуская антыўтопія — і лінгвістычны баявік. У свеце антыўтопіі Слова губляецца і глохне, але што вы хацелі ад антыўтопіі?



mova6.jpg

Мінск, 4741 год па кітайскім календары. Часы Смутку скончыліся, надышла эра ўзвышэння Саюзнай дзяржавы Кітая і Расіі, бесклапотнага насалоджвання, Шопінг-рэлігіі i cold sexy.

Кантрабандыст Сярожа рэгулярна возіць з-за мяжы сама забаронены — несубстанцыйны — наркотык, за адно захоўванне якога прадуглеждана смяротнае пакаранне (адпаведна “арт.264 Крымінальнага кодэкса Паўночна-Заходніх тэрыторый”).

Але гэтым разам у рукі гандляра трапляе нешта звышмагутнае, і цяпер на героя палююць кітайская мафія пад кіраўніцтвам загадкавай Цёткі — дый ўсюдыісны Дзяржнаркакантроль.

Таямнічы наркотык, як вы здагадаліся, — мова.

Мова як наркотык

Мова звычкі не выклікае. “Моўны псіхоз” — выдумка Дзяржнаркакантролю, каб месцічы паболей куплялі дазволеныя канабіс, алкаголь і медычныя апіяты. Але “мова”, вычытаная ў кантрабандных паперках, дзейнічае чамусьці толькі на жыхароў Паўночна-Заходніх тэрыторый. Наркотык з забароненымі літарамі “і”, “ў” спараджае моцныя галюцынацыі дый прыносіць нечуваную асалоду.

Раман Марціновіча — сентыментальна-яхідная сацыяльная фантастыка, беларуская антыўтопія — і лінгвістычны баявік.

Як антыўтопія, “Мова” сябруе з “451 па Фарэнгейце”, дзе таксама пераследуюць кнігі (на Паўночна-Заходніх тэрыторыях беларускія друкаванкі так пільна забароненыя, што лічацца немагчымымі). Але беларускія кнігі і палілі, і вынішчалі, так што моўныя рэаліі прышлага Мінска — наркатычны працяг сталінскіх 1930-х гадоў.

У сваяках у “Мовы” і “О, дзіўны новы свет” Олдаса Гакслі з культам пажады і спажывецтва. Але ў новай Еўропе Віктара Марціновіча пажада атабарылася ў храмах шопінг-рэлігіі, дзе спакушаюць і выратоўваюць новымі гальштукамі і гарнітурамі. А сэкс у гэтым “дзіўным свеце” стаміўся — дый безнадзейна адчужаны ад прыязнасці і кахання. (Затое палкая сцэна “гарачага” сэксу, злучаная з кітайскаю кулінарнаю практыкай, прымусіць захлынуцца сліной.)

Падобна героям “Дзюны”, падсаджаным на галактычны наркотык, персанажы кнігі палююць за каштоўным рэчывам — і правальваюцца ў трызненні (праўда, не такія “гістарычныя”, як у “Чорным замку Альшанскім”).

Ломка і прасвятленне ахайна чаргуюцца, Транс беларускай Інтэрзоны — памяркоўны,  на два галоўныя галасы. Раздзел “Барыга”, напісаны ад імя гандляра, раз за разам змяняецца “Джанкі”, — споведдзю “моўнага наркамана”.

Зваба наркаманскай “мовы” — у фантастычных дэталях, дасціпных і шчодрых: помнік Мао Цзэдуну на плошчы Залежнасці, Вялікі кітайскі мур з боку Тэрэспаля, пастар-пачатковец у храме “Boss Hugo Boss”; знайшлося месца нават для “задрыпаных францужанак”, якія выдаюць сябе за гарачых афганак. Асобнае пашаноўнае апісанне — для Шанхаю (на месцы Нямігі) і плошчы Мёртвых (дзе калісьці гарэў Вечны агонь).

Мова як улада

Але мова — гэта не толькі наркатычная метафара. І не толькі нагода для прыгод з пагонямі, выбухам, турмамі і сачэннем (гэта ўсё на паверхні).

Мова — гэта яшчэ і ўлада. Ценявыя гаспадары гораду — кітайскія трыяды — гавораць на мове. Вядуць допыт на мове і ўсемагутныя агенты Дзяржнаркакантролю.

Мова як забароненасць — стаецца падставай і крыніцай улады, патаемнаю сілай, каб валадарыць. Пра такую сітуацыю марыў Адольф Гітлер у “Карніках” Адамовіча (знішчыць народ і забраць ягоную мову). Падобна, у прыпавесці Быкава “Тры словы нямых” мова забаранялася, паўставала зноў — і  прысабечвалася акупантамі. У кнізе Марціновіча мова — экстатычны наркотык апошніх абраных — маргіналаў-творцаў і генералаў, што іх пасуць.

Спроба прарвацца да шырокіх масаў — гэта канфлікт загнаных у падполле кніг дый тэлевізіі (вайна, прадказаная ў дзіцячым фільме Леаніда Нячаева “Прыгоды ў горадзе, якога няма”: назва пасуе і да “Мовы”). Марціновіч бязлітасны да атупляльных відовішчаў і нават па старой памяці падстрэльвае “прадусара інфармацыйнага вяшчання з тварам хлопчыка, вусікамі вычварэнца і сівымі валасамі старога — вы гэтае брыдоцце добра ведаеце, калі глядзіце скрыню”.

Але мова — гэта не толькі ўлада.

Мова як магія

Мова ёсць магія. Гэта было традыцыйнай тэмай беларускай літаратуры. Мова — у шэптах дрэў і ў яблыках, у музыцы і курганах, у маланках і зорным небе, у забытым і знойдзеным зерні, што прыносіць багаты плён.

Магія мовы — у замовах, што ведалі знахаркі, і што было апрабавана ў “Сфагнуме” — папярэдняе кнізе Марціновіча.

Але ўзяты ў палон сваімі героямі, аўтар пазбаўлены паўнаты моўнай магіі. Затое ён можа на гэтую магію намякнуць: праз абрывы, недамоўленасць, цытаванне Геніюш і Дубоўкі.

Мова — гэта чароўны смак, як на сучасных мінскіх плакатах: “Агрэст — смак беларускай мовы”, “Ажыны — смак роднай мовы”. Плакаты гэтыя — кропля ў моры бязмоўя — пекныя і зваблівыя, як рэкламныя чары высокастатуснага тавару.

І такімі ж чарамі забаўляюцца героі “Мовы”, па-зухвацку пераіначыўшы на замову акупацыйнага Дзяржнаркакантролю енк Францішка Багушэвіча: “Не памірайце ж мовы беларускай, каб не ўмерлі!”

У гандлярска-спажывецкім свеце мова — гэта гламур, загрувашчаны рэчамі.

Нарэшце, ёсць апошняя тайна мовы.

Мова як Слова

Мова — гэта імя Бога, гэта — Слова ўвасобленае.

Імя Божае — гэта слова, якое з’яўляецца таямніцай (яго вымаўляць нельга), але гэта слова — стварыла свет і ёсць ягонай падставай. У кнізе Марціновіча героі таксама шукаюць адно Слова, слова згубленае і пазабытае, якое пазначае любоў.

Слова ўцелаўлёнае мае імя — і ўвасабляе любоў. У свеце антыўтопіі сустрэча з такім Словам выклікае глыбокае непаразуменне. Агаломшаны заўзятар шопінг-рэлігіі і халоднага сэксу, сутыкнуўшыся з ісцінай, прызнаецца: “Хрысціянства я ўспрымаў як кранальную гісторыю пра аднаго  закатаванага габрэя, якую брэндавалі сярэднявечныя італьянскія дызайнеры. Барвовыя хітоны, аголенае цела на крыжы, Марыя ў блакітнай хустцы, барадатыя апосталы — вінтаж, хламіды, просты і лёгкі абутак — гэта ўсё састарэла і не выглядала актуальна.”

Актуальнымі былі рэчы. Актуальная ў антыўтопіі — мова, што канчаткова сталася стодам. Свет антыўтопіі — гэта суцэльныя памылкі і скрыўленні мовы, чужыя коды, вірусы, адмысловыя аперацыі.

Увасобленыя моўныя выкрыўленні — гэта не толькі храмы-буцікі і наркатычны экстаз, але і агрэсія падполля (паказальная фігура — Сварог, накачаны і неразумны, з суцэльнаю кашаю ў галаве). Правакацыйная постаць апошняга выпісаная Марціновічам з яўнай іроніяй, хаця і не ўсе яе прачытаюць.

У свеце антыўтопіі Слова губляецца і глохне, але што вы хацелі ад антыўтопіі?

Варта падзякаваць аўтару за час, праведзены з захапляльнаю кнігай.

Антыўтопія надыходзіць.

Віктар Марціновіч, Мова, Мінск: Кнігазбор, 2014, 264 с. 62.000 р.

Виктор Мартинович, Мова, перевод на русский Лидии Михеевой,  Минск: «34Mag.net»,

Кніга Online: http://34mag.net/piarshak/post/mova/