«Gavarun.by»: мультфільмы, дзе героі размаўляюць па-беларуску

Як часта вы глядзіце фільмы і мультсерыялы па-беларуску? А ведаеце, што ўжо некалькі гадоў над іх агучкай працуе студыя «Gavarun.by», якая не проста перакладае стужкі на беларускую мову, але і стварае ўласны кантэнт?

Лагатып студыі дыктарскага агучвання па-беларуску Gavarun.by. Фота  Яна Трусіла

Лагатып студыі дыктарскага агучвання па-беларуску Gavarun.by. Фота  Яна Трусіла


«Чаму б не рабіць нешта сваё?»


Стваральнікі і дыктары ў агучаных «Гаваруном» стужках — гэта сужэнцы Павел і Таша Бычковы. У запасе ў «Гаваруна» ўжо больш за 85 гадзін матэрыялу, сярод якога — поўнаметражныя фільмы і мультфільмы, серыялы і мультсерыялы. На выраб такога кантэнту сышло чатыры з паловай гады працы.
Як бывае досыць часта, нараджэнне «Гаваруна» было збегам абставін. Таша расказвае, што заўсёды хацела займацца ўласнай творчасцю, бо скончыла тэатральную ВНУ: «Калі Паша як гукарэжысёр пачынаў усё з нуля, то я ведала, што, прынамсі, агучыць фільм у мяне атрымаецца. А галоўным штуршком для нас стала нараджэнне сына. Мы вырашылі гадаваць дзіця па-наску і самі перайшлі на беларускую, бо адразу падумалі: хто навучыць сына роднай мове, калі не мы»?
Да таго ж, Павел і Таша заўжды любілі глядзець якасныя фільмы і ім стала цікава: што можна паглядзець па-беларуску анлайн? Аказалася, на той момант гэта былі адзінкавыя фільмы: «Мы падумалі: чаму б не паспрабаваць зрабіць нешта самім?»

Наталля і Павел Бычковы. Фота — Яна Трусіла

Наталля і Павел Бычковы. Фота — Яна Трусіла

На платформе «Баравік» сужэнцы знайшлі раздзел «Фільмы з субцітрамі» і сталі намагацца іх агучваць. Ні досведу, ні адпаведнага абсталявання для агучкі кіно ў іх не было: гук спрабавалі запісваць на відэакамеру, пасля купілі патрыманы мікрафон. Першым агучаным фільмам стаў «Беглы па лязе».
«Гаваруны» сталі самастойна адукоўвацца і пакрысе набываць патрэбнае тэхнічнае абсталяванне, зрабілі гуказапісвальную кабінку ў звычайнай кватэры.
— Мы ўцягнуліся ў гэтую справу, — кажа Паша. — Я разумеў, што на пару месяцаў нам хопіць нашых назапашванняў, таму можна цалкам засяродзіцца на працэсе. І мы сталі «лупіць» адзін фільм за другім. Неўзабаве сужэнцы агучылі такія сусветна вядомыя фільмы, як «Інтэрстэлар», «Хтосьці любіць гарачае», «Фантастычныя істоты і дзе іх адшукаць», «Поўнач у Парыжы», «Падынгтан-2», «Нябачны госць», «Зямля. Адзін дзівосны дзень»…

Павел Бычкоў, псеўданім — Адам Трыпутнік. Фота — Яна Трусіла

Павел Бычкоў, псеўданім — Адам Трыпутнік. Фота — Яна Трусіла

Аднак даволі хутка стала зразумела, што грошай гэтая справа прыносіць асабліва не будзе.
— Сто разоў кідалі гэтую агучку, — кажа Таша. — Грошай з гэтага мы не мелі, пастаянна бралі нейкія падпрацоўкі… Быў такі час, што нават распрадавалі свае рэчы, тую відэакамеру, дарэчы, таксама прадалі.

Наталля Бычкова, псеўданім — Таша Мурзэнштольц. Фота — Яна Трусіла

Наталля Бычкова, псеўданім — Таша Мурзэнштольц. Фота — Яна Трусіла

— Былі такія моманты, калі ты ідзеш у краму і ў цябе грошай хапае або на кефір, або на малако, — узгадвае Павел.
Каб атрымліваць хаця б нейкі прыбытак ад агучвання фільмаў, сям’я пачала збіраць грошы праз краўндфандынгавыя платформы. Гэта былі разавыя зборы пад канкрэтныя праекты. Так, напрыклад, беларусы сабралі грошы на агучку мультфільмаў пра Мікі Маўса і Хамфа, лакалізацыю серыяла «Вядзьмар». Збор сродкаў і рэліз агучаных стужак адбываліся на легальных платформах, з дазволу праваўладальнікаў.
Аднак хутка Павел і Таша пабачылі замкнёнае кола беларускамоўных лакалізатараў кіно: фільмаў, якія б былі агучаны па-беларуску, катастрафічна мала. Так адбываецца таму, што пасля агучкі іх досыць цяжка данесці да гледача — няма анлайн-кінатэатраў, легальных ці пірацкіх — і немагчыма атрымаць грошы за працу.

Ггалоўная старонка сайта Gavarun.by. Фота — Яна Трусіла

Ггалоўная старонка сайта Gavarun.by. Фота — Яна Трусіла

 «Гаварун»: не толькі форма, але і змест

Як апошняя спроба перад закрыццём студыі, сужэнцы вырашылі паспрабаваць зрабіць сістэмны праект для дзяцей, дзе малыя маглі б глядзець бясплатна мультфільмы і развівальна-забаўляльнае відэа анлайн. Для гэтага стварылі ютуб-канал «Гаварун — мультфільмы па-беларуску».
— Я пабачыў, як дзеці глядзяць цікавыя ім відэа ды мультфільмы з ютуба і зразумеў: вось тая платформа, якая нам патрэбна! — узгадвае Павел. — Тады я зашыўся на тыдзень у ютуб, каб знайсці мультсерыялы, што можна з дазволу праваўладальнікаў перакласці на беларускую і «зарэлізіць». Мы хацелі не проста зрабіць беларускую форму — мы хацелі зрабіць пазнавальны кантэнт, які, да таго ж, вучыць дзяцей дабрыні, сумленнасці, адказнасці, сапраўднаму сяброўству.

Павел Бычкоў у студыі аўдыёзапісу. Фота — Яна Трусіла

Павел Бычкоў у студыі аўдыёзапісу. Фота — Яна Трусіла

Праект займеў як сваіх гледачоў, так і фундатараў. І вось ужо год рэгулярна выходзіць новы матэрыял, а фінансаванне штомесяц збіраецца па падпісцы на «Талацэ». На канале ўжо выкладзены такія агучаныя мультсерыялы, як «Пэтсан і Фіндус», «Рабакар Полі. Дарожная бяспека», «Хамф», «Папірус», «Любімчыкі (Tiny Love)»…
 «Гаваруны» ганарацца мультсерыялам «Маленькае каралеўства Бэна і Холі», у агучцы якога бяруць удзел дзеці. Справа ў тым, што практычна ва ўсіх беларускіх лакалізацыях мультфільмаў за дзіцячых персанажаў гавораць дарослыя акцёры.

Падстаўка пад гарачае з лагатыпам студыі дыктарскага агучвання па-беларуску Gavarun.by. Фота — Яна Трусіла

Падстаўка пад гарачае з лагатыпам студыі дыктарскага агучвання па-беларуску Gavarun.by. Фота — Яна Трусіла

Зараз сужэнцы працуюць над стварэннем уласных мультсерыялаў. Так, Гаварун — цяпер не толькі брэнд, але і герой пластылінавых мультфільмаў, якія робіць сястра Ташы. Гэтыя мультфільмы дапамагаюць дзецям вучыць колеры, геаметрычныя фігуры, засвойваць інфармацыю пра жывёл.
Аднак не ўсе папулярныя мультфільмы дазваляюць агучваць іх праваўладальнікі. Большасць вядомых мультсерыялаў на ютубе нельга выкласці на свой канал. Тое сталася, напрыклад, з мультфільмам «Paw Patrol (Пухнаты патруль)», які беларускія дзеці глядзяць у асноўным па-руску.
— Я стамілася ад моўнай дыскрымінацыі, — дзеліцца Таша. — Чаму дзеці глядзяць мультфільмы і па-руску, і па-ўкраінску, а па-беларуску паглядзець іх не могуць?
Таму, каб дзеці маглі прагуляцца па-беларускамоўным сусвеце гэтага мультфільма, Таша пачала ствараць адмысловыя відэакоміксы па яго матывах. Ужо выйшлі дзве гісторыі па серыях і ўводная частка, дзе расказваецца пра шчанюкоў гэтага серыяла: як яны выглядаюць, што гэта за пароды, іх звычкі і ўлюбёныя фразы…

Павел Бычкоў з сабакам па мянушцы Хлоя. Фота Яны Трусіла

Павел Бычкоў з сабакам па мянушцы Хлоя. Фота Яны Трусіла

Агучка — доўгі і складаны працэс

Разам з сужэнцамі ў камандзе «Гаваруна» працуюць рэдактар-перакладчык Леў Глушыцкі і перакладчыца Ксенія Капіца. Калі-нікалі далучаецца да рэдактуры Сяргей Матырка. Праца над новай стужкай выглядае наступным чынам. Перакладчык стварае субцітры і перакладае мультфільм, дасылае тэкст рэдактару. Апошні пасля вычыткі вяртае тэкст перакладчыку. І толькі пасля субцітры ідуць у агучку.
— Па субцітрах мы запісваем галасы персанажаў і дасылаем іх Ксеніі і Льву на праверку, — расказвае Павел. — У перакладзе кіно ёсць свае асаблівасці: важна ўкласціся па даўжыні. На англійскай мове фраза можа быць кароткай, а на беларускай — доўгай».

Павел Бычкоў за працай. Фота — Яна Трусіла.

Павел Бычкоў за працай. Фота — Яна Трусіла.


— Калі персанаж закрыў рот, то агучка мусіць скончыцца, — дадае Таша.
Пасля Паша апрацоўвае і вычышчае запіс, робіць таймінг, ў неабходных момантах накладвае гукавыя і прасторавыя эфекты. Гатовая беларуская дарожка далучаецца да відэа, і мультфільм выкладваецца на канале. «Гаваруны» перакананы, што робяць максімальна добрае закадравае агучванне.
Мне таксама прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі дыктара. Што сказаць, на агучванне некалькіх фраз сышло безліч высілкаў і часу… Прытым, што «Гаваруны» намагаюцца выпускаюць некалькі серый на тыдзень для дзяцей рознага ўзросту. Проста каб у дзяцей была магчымасць пазнаваць наваколле і па-беларуску.

23.04.2021._sabaka_pa_mjanuszcy_hloja._fota___jana_trusila__2__logo.jpg