Галасы Новай Беларусі

Ва Украіне ў рамках 23-га Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Мельпамена Таўрыі» ў горадзе Херсон адбылася прэм'ера новай дакументальнай п'есы Андрэя Курэйчыка «Галасы Новай Беларусі».

1_467.jpg


П'еса складзеная з лістоў, інтэрв'ю і судовых дакументаў людзей, якія сталі ахвярамі рэпрэсіўнай машыны ў Беларусі ў перыяд з мая 2020-га па верасень 2021-га. Маналогі Марыі Калеснікавай, Сцяпана Латыпава, Мікалая Статкевіча, Марыны Золатавай, Вітольда Ашурка і многіх іншых ахвяр рэжыму прачыталі акцёры Акадэмічнага тэатра Міколы Куліша ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Сяргея Паўлюка. У прадстаўленні прыняў удзел выбітны грузінскі рэжысёр і акцёр Каха Гогідзэ, які чытаў маналог беларускага барда і паэта Анатоля Кудласевіча, а ліст блогера Ігара Лосіка, які 42 дні трымаў галадоўку ў беларускім СІЗА, агучыў сын драматурга — 14-гадовы Глеб Курэйчык. Адначасова трансляцыя чыткі вялася на канале «Альтэрнатыўнага Блогабачання» Андрэя Курэйчыка, дзе яе глядзелі ў жывым эфіры больш за 4 тысячы гледачоў з Беларусі.

2_433.jpg


Аўтар п'есы на прэзентацыі праекта паведаміў: «Гэта першая мая п'еса, у якой я цалкам адмовіўся як ад аўтарскага тэксту, так і ад любых спроб стылізацыі або інтэрпрэтацыі фактаў, пакладзеных у аснову тэксту. Часам праўда не патрабуе нічога, акрамя таго, каб быць сказанай. Часам ніхто не можа сказаць лепш і дакладней, чым самі прататыпы, якія прайшлі праз нешта, што не здольная ахапіць ніякая фантазія. Мая аўтарская праца ў гэтым тэксце заключалася толькі ў тым, каб, адгледзеўшы і прачытаўшы шмат соцень сведчанняў ахвяр палітычнага тэрору ў Беларусі, выбраць тыя 15 галасоў, мазаіка якіх складзецца для мяне ў адзіную цэласную карціну таго, што адбылося. Гэты тэкст — калектыўная споведзь збітай, згвалтаванай, якая прайшла праз прыніжэнне і смерць, краіны».

3_387.jpg


Найбуйнейшы ва Украіне тэатральны фестываль «Мельпамена Таўрыі» не першы раз становіцца стартам праектаў салідарнасці з Беларусамі. У верасні 2020 года менавіта тут упершыню пачаўся праект «Пакрыўджаныя.Беларусь(сія)», які стаў адным з самых маштабных праектаў тэатральнай салідарнасці ў свеце дзякуючы намаганням John Freedman. Больш чым 200 чытак і спектакляў у 39 краінах і на 29 мовах свету. Геаграфія праекта тады была ад тэатраў Ганконга да Шведскага Каралеўскага тэатра, ад усіх нацыянальных тэатраў Румыніі, Балгарыі, Малдовы, да Малога тэатра Рымаса Тумінаса, ад Бельгіі, Нідэрландаў да Нігерыі. Пры гэтым больш за 40 чытак правялі тэатры ЗША: Бостан, Нью-Ёрк, Лос-Анжэлес, Філадэльфія, Новы Арлеан. Усе чыткі суправаджаліся дыскусіямі пра сітуацыю ў Беларусі.  

4_369.jpg


«Галасы Новай Беларусі» пачынаюць свой шлях. Гэта дакумент, дакумент гістарычнага значэння пра тое, што адбылося ў Беларусі, — сцвярджае Андрэй Курэйчык. — Наперадзе прэм'еры ў Польшчы, Славакіі, Фінляндыі і ЗША. Як драматург я працягну мовай Тэатра распавядаць праўду пра нашу краіну».

5_342.jpg


Нагадаем, Андрэй Курэйчык, аўтар касавых фільмаў «Рух угору», «Каханне-Морква», «Ёлкі», нашумелых і паспяховых у айчынным кінапракаце карцін «ГараШ» і «PARTY-ZAN фільм», спектакляў для нацыянальных тэатраў Беларусі, быў вымушаны з'ехаць з Беларусі. 

6_236.jpg

       Паглядзець чытку можна на канале «Альтэрнатыўнага Блогабачання» Андрэя Курэйчыка.
Паводле прэс-рэлізу.