Генік Лойка: Прымушайце людзей размаўляць з сабой па-беларуску

Вядомы скульптар Генік Лойка, які сёння святкуе свой 53 дзень народзінаў, распавёў чытачам НЧ пра сваё замаганне за адраджэнне нацыянальнай мовы і культуры і пра тое, што трэба рабіць нам усім.



lojka2_logo.jpg

— Вам давялося два гады таму адседзець адміністратыўны арышт за пікет у абарону мовы каля гімназіі №4. Якое там стаўленне да мовы зараз?

— У прынцыпе ўсё засталося па-старому. З’явіліся новыя завучы, настаўнікі. Так бы мовіць, тлумачальную працу з імі трэба пачынаць з нуля. Але ў нас з дырэктарам знайшлося паразуменне. Ён мне давярае. У гэтым плане зрухі ёсць. Настаўнікі мне кажуць: «У нас з мовай усё добра. Мы стараемся!» Але чалавек з вышэйшай адукацыяй не можа патлумачыць, як стараецца, што робіцца ў гэтым накірунку. Я кажу, што мова гіне, памірае, а завуч кажа, што ўсё цудоўна. Калі дайшлі да такога стану, то ці гэта свядомая пазіцыя дзяржавы альбо школы, ці гэта памылкі. Калі настаўнікі ў беларускамоўнай школе размаўляюць па-руску, то, мабыць, гэта і ёсць такая палітыка, менавіта так і хацелі зрабіць, што зрабіць.

— Лукашэнка апошні час публічна выказваецца ў абарону беларускай мовы, міністр адукацыі заявіў пра намер перавесці выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускую мову. Гэта штосьці азначае?

— Гэта была хоць і публічная, але неафіцыйная заява міністра адукацыі. Калі Лукашэнка заявіў пра неабходнасць увядзення сямі гадзінаў беларускай мовы, кожны пачуў, што хацеў пачуць. Я, наадварот, у гэтым бачу небяспеку кшталту таго, што скажуць «языковы вапрос вырашаны аканчацельна».

— У грамадстве апошнім часам істотна павялічылася цікавасць да беларускай мовы, можна сказаць, з’явілася мода на яе. Пашыраюцца і сталі вельмі папулярнымі моўныя курсы і моўныя шоў. На конкурсе грамадзянскай супольнасці, які ладзіла Асамблея НДА, вядоўцы моўных шоў увогуле сталі пераможцамі ў намінацыі «Грамадскі лідар года». Гэта часовая з’ява ці трэнд?

— Гэта адвечны рух беларускага народа да адраджэння мовы і культуры. Незалежна ад рэжыму, ад палітычнай сітуацыі беларусы будуць шукаць свой грунт. Магчыма, што нейкім чынам гэты грамадскі рух па адраджэнні культуры паўплываў на заявы міністра адукацыі пра пашырэнне выкладання на беларускай мове. Гэта трэба толькі вітаць. Нам трэба за гэта ўхапіцца і падтрымліваць. Курсы «Мова нанова» — выдатныя курсы. Магчыма, яны не адыгрываюць вялікай адукацыйнай ролі, але гэта такі зарад энергіі і пазітыву, які падштурхне людзей больш і часцей гаварыць на роднай мове.

— Нядаўна на моўных курсах абмяркоўвалася пытанне «трасянкі». Як вы лічыце, ці варта пачынаць размаўляць па-беларуску, не ведаючы добра мову, па прынцыпе, абвешчаным кіраўніком ТБМ Алегам Трусавым, «лупіце на трасянцы»?

— Я яго цалкам падтрымліваю ў гэтым пытанні. Пачынаючы размаўляць па-беларуску, не трэба баяцца рабіць памылкі. З цягам часу гутарковая мова будзе паляпшацца. З іншага боку, у маладым пакаленні з’явілася такая плынь, калі юнакі ўжываюць трасянку так бы мовіць «па прыколу». Быў цэлы культурніцкі праект «Саша і Сірожа». Мяне гэта трывожыць. Гэта проста лішняе. Аднойчы пісьменніца Марыйка Мартысевіч чытала апавяданне, адмыслова напісанае на трасянцы. Заля качалася ад смеху, але мне было зусім не весела. Фактычна там былі расійскія словы, прамоўленыя з беларускім акцэнтам. Я хачу, каб беларускім акцэнтам ганарыліся, бо там захавалася мелодыка нашай мовы, а не высмейвалі яго! Бо такім чынам мы здзекуемся з моўнай музыкі. І калі на моўных курсах Глеб Лабадзенка прапанаваў Алегу Трусаву прачытаць верш Анкі Упалы, напісаны трасянкай, ён адмовіўся, у чым я яго цалкам падтрымліваю. Мне было вельмі прыемна, што большасць залі яго таксама падтрымала.

— Чым скончылася змаганне за мову з КДБ, калі вы патрабавалі ад іх адказу на свае звароты па-беларуску?

— Скончылася нічым. 0:1 не на маю карысць. Я патрабаваў ад дзяржаўных прадпрыемстваў, устаноў, каб яны адказвалі на звароты па-беларуску. І дзяржаўныя юрысты нават такога ўзроўню як суддзі не дапамаглі мне ў рэалізацыі майго права атрымліваць афіцыйныя адказы на беларускай мове. Я нават заяўляў, што не валодаю рускай мовай, што маю права атрымаць адказ па-беларуску, але і гэта не дало плёну.

— Гэтай зімой Радыё Свабода паведамляла, што ў вашым двары з’явілася скульптура беларускага князя са снегу. Яна дужа падобная да скульптур у межах праекта «Легенды з пяску». Прызнайцеся, вы да яе прыклалі руку?

— Так, сапраўды. Харугвы з надпісам «Легенды з пяску» былі ў іншым месцы, і я не змог абазначыць імі снежную скульптуру. Можна сказаць, што яна цалкам упіваецца ў наш праект «Легенды з пяску», які доўжыўся дзесяць гадоў. У двары бацька аднаго хлопчыка дапамог яму зрабіць снежны домік. На яго аснове я і зрабіў скульптуру: даляпіў нос, вочы, карону. Любая скульптура праекта звязаная з гісторыяй і культурай Беларусі (князі, цмокі, апосталы…) Ідэя «Легендаў з пяску» — паказаць людзям, як Беларусь рассыпаецца, што яна пад нагамі, падыміце яе! Тыя маладзёны, якія робяць скульптуры з пяску, у будучым стануць мастакамі, скульптарамі, якія будуць рабіць манументальныя рэчы з жалеза, граніту, шкла, але зараз мы хочам з дапамогай праекта ўзняць пытанне захавання Беларусі.

Я спадзяюся, веру што ў новым сезоне «Легенды з пяску» адновяцца. Хто такі беларус? Гэта чалавек, які размаўляе толькі на беларускай мове, думае па-беларуску, сніць па-беларуску. Такая абавязковая ўмова для ўдзельнікаў праекта. Я не магу пакуль знайсці 30 такіх апантаных і свабодных маладых людзей.

— Што трэба зрабіць, каб родная мова запанавала ў Беларусі?

— Трэба прымушаць. А што такое прымус? Ён бывае розным. Можна ўзяць аўтамат Калашнікава, а можна ўкленчыць і прасіць-маліць чалавека: «Загавары са мной на беларускай мове». Прымушайце людзей размаўляць з сабой па-беларуску.