Каб сказаць — і пачулі

У выдавецтве «Харвест» выйшла кніга мініяцюр «Каб сказаць… і пачулі» Валянціны Доўнар. У кнізе змясціліся каля тысячы абразкоў. Эпіграфам да іх аўтарка выбрала такія словы: «Не жаночая гэта справа — маўчаць. І таму — што бачу». Яна так і робіць: піша пра тое, што навідавоку, скрозь і ўсюды — у кватэры, пад’ездзе, у двары, на вуліцы, у аўтобусе, тралейбусе, метро.



dovnar.jpg

Доўнар не гоніцца за яскравымі сюжэтамі ці ўразлівымі дзеяннямі, не намагаецца зачапіць чытача нейкай незвычайнай дэталлю, не імкнецца дэманстраваць сваё дачыненне да вядомых і вялікіх, каб потым выказаць глыбакадумную банальнасць з прэтэнзіяй на неўміручасць. Яна піша пра тое, што кожны дзень здараецца з кожным з нас, але на што далёка не кожны звяртае і нават не хоча звяртаць увагу, да чаго ўсе мы ўжо пачалі прызвычайвацца. Пэўна, менавіта гэтым Валянціна Доўнар у першую чаргу адрозніваецца ад іншых, хто піша мініяцюры.

 

У кнізе Доўнар сабраныя амаль усе сацыяльныя тыпы жыхароў нашай краіны — ад бамжоў да вытворцаў, чыноўнікаў, бізнэсоўцаў сярэдняй рукі ў іх шматлікай разнастайнасці. Пяшчотных і злых, цвярозых і нападпітку, сквапных і змыслых, нядбайных і памяркоўных, лайдакоў і працавітых, нахабных і ветлівых, ганарлівых і сціплых, балбатлівых і маўклівых, прыстойных і, канешне ж, дужа талерантных, памяркоўных, цярплівых. Карацей — усялякіх.

 

Асабліва прыцягваюць увагу аўтаркі выпадкі неадпаведнасці формы і зместу, чаканага і сапраўднага ў нашым жыцці. Калі ў краме «Всё для вас» для сябе не знаходзіш анічога. Або ў прыгожай, прыстойна і дыхтоўна апранутай дзяўчыне раптоўна выяўляеш развязную хамку, як толькі яна адкрывае рот. Калі афіцыянтка кафэ не хоча бачыць наведвальнікаў, а наведвальнікі — яе.

 

Усё спазнаецца ў параўнанні. Так і ў Доўнар: клапатлівыя працавітыя бацькі і эгаісты, лайдакі дзеці, якім дай усё і зараз, а потым — хоць трава не расці. То абсалютна жаночы погляд на праявы нашага жыцця і побыту, нашы звычайныя, быццам бы дробязныя, учынкі, з-за якіх мы далёка не заўсёды выглядаем у прывабным свеце. Аўтарка да такіх учынкаў ставіцца адпаведна: то з лёгкім гумарам і нават здзекам, то з абурэннем, перасцярогай, а то і з папярэ­джаннем. Таму што вельмі многа негатыўнага ў нашым жыцці, да чаго мы ўжо прызвычаіліся, але да чаго прывыкаць нельга, небяспечна. Ва ўзаемаадносінах стала вельмі мала павагі адзін да аднаго, узаемапаразумення, добразычлівасці, спрыяльнасці і зусім няма салідарнасці ні ў чым. Нават у двухмоўі не хочам, не жадаем паразумецца паміж сабою. Акрамя сваіх турбот і праблем іншых. Мы губляем у сабе чалавечнасць, перастаём быць грамадзянамі.

 

Аўтарка звяртае ўвагу, што «вырасла новае пакаленне людзей, якія «сэнсу не бачаць», каб нешта рабіць у хаце», «на кухні парыцца». Іхнія дзеці будуць з бальніц не вылазіць, у чым бацькі будуць вінаваціць усё і ўсіх, толькі не сваю неахайнасць. Доўнар абураюць людзі, якія ўмудраюцца жыць і не бачыць праблем сваёй краіны. «Жыць, адгарадзіўшыся, жыць, схаваўшы галаву ў пясок… Так (па вялікім рахунку) зручна… — Піша яна. — Адзінае — ненармальна, нават для страуса… рана ці позна, а галаву з пяску давядзецца выцягнуць, вочы — расплюшчыць. І — не выключана — горка пашкадаваць, што зрабіў гэта позна, калі шмат што ўжо не паправіць».

 

Мова абразкоў не вельмі сакавітая і квяцістая. Яна нават сухаватая, «рэпартажная», «рубленая» — звычайная для невялікіх твораў. Але ў кнізе трапляюцца і сапраўдныя разынкі.

 

У адным з абразкоў аўтарка заклікае «ўсіх, хто хоча спасцігаць жыццё», кіравацца парадай Антона Чэхава: самім назіраць за жыццём і ўдумвацца, імкнуцца зразумець сутнасць. Можа таму і сваю кніжку яна назвала так: «Каб сказаць… і пачулі». Не хапае толькі відавочнага дадатку — «і задумаліся».