Канчаткова: Купалаўскі тэатр сёння не адкрые сезон

Купалаўскі тэатр у Мінску не будзе адкрываць сезон і сыходзіць у просты з 21 жніўня. Гэтую інфармацыю пацвердзіў выконваючы абавязкі дырэктара тэатра Валерый Грамада.

03_01_01_81.jpg


Па яго словах прычына прастою — «немагчымасць арганізацыі паказу спектакляў», піша tut.by. Дата заканчэння прастою не вызначана. «Да асаблівых распараджэнняў», — сказаў Грамада.

Як распавялі супрацоўнікі тэатра, увесь гэты час яны будуць атрымліваць 2/3 ад акладу. Будзе працаваць толькі адміністрацыя і аддзел рэалізацыі, які будзе займацца вяртаннем квіткоў.

Працоўны кодэкс Беларусі (частка 1, Артыкул 34) вызначае пад прастоем “часовую (тэрмінам не больш за шэсць месяцаў) адсутнасць працы па прычыне вытворчага або эканамічнага характару (выхад з ладу абсталявання, механізмаў, адсутнасць сыравіны, матэрыялаў, электраэнергіі і г.д.)».

З раніцы 19 жніўня Купалаўскі тэатр быў заблакаваны: супрацоўнікі і акцёры не могуць трапіць у будынак. Афіцыйная версія — санітарны дзень. 19 і 20 жніўня абвешчаныя выходнымі днямі. Учора, 20 жніўня, выконваючы абавязкі дырэктара Купалаўскага тэатра Валерый Грамада заявіў, што прычынай такой сітуацыі сталі афіцыйныя звесткі Міністэрства аховы здароўя аб наяўнасці хворых.

«[У тэатры] 9 чалавек хворых на covid-19, і 18 чалавек — кантакты першага ўзроўню. Таму была неабходнасць правядзення маштабнай дэзінфекцыі. Учора [19 жніўня] яна была праведзеная, сёння ідзе ўборка» — заявіў Грамада.

Купалаўскі тэатр павінен быў адкрыць сезон сёння, 21 жніўня спектаклем «En souvenir de Шагал», прысвечанаму Марку Шагалу. Ужо ўчора гэты спектакль быў адменены.

Акцёры тэатра пацвердзілі, што плануюць сёння падаць заявы аб звальненні. Раней яны ўжо пісалі іх, пасля чаго іх завізаваў мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін. Заявы былі напісаныя на імя аднаго з намеснікаў Паўла Латушкі, які быў прызначаны выконваючым яго абавязкі пасля яго адстаўкі.

Нагадаем, што 17 жніўня Латушка быў звольнены з пасады дырэктара Купалаўскага. Але да таго часу Міністэрства культуры ўжо прызначыла на гэтую пасаду Валерыя Грамаду. Таму гэтыя дакументы страцілі юрыдычную сілу.

Як падкрэсліваюць акцёры ў каментары, іх пазіцыя не змянілася. Яны гатовыя сысці з тэатра ў выпадку, калі не будуць задаволеныя заяўленыя раней патрабаванні аб вяртанні Латушкі і аб пакаранні людзей, якія дапускалі гвалт. Супрацоўнікі, якія заявілі пра салідарнасць са звольненым дырэктарам, гатовыя напісаць новыя заявы. Яны лічаць немагчымым на дадзены момант граць спектаклі.

Гэтую пазіцыю акторы Купалаўскага пацвердзілі ў размове з журналістамі і раніцай 21 жніўня.