Кліп Вольскага аб’яднаў фанатаў і музыкаў з розных краін

Лявон Вольскі прэзентаваў кліп «Спявайце», зняты рэжысёрам Мацеем Сабуравым. У ім аб’ядналіся ўдзельнікі краўдфандынгу альбома «Псіхасаматыка» і музыкі з Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі і Нямеччыны.

volski_photo_spiavajcie.jpg

У краўдфандынгу альбома «Псіхасаматыка», які выйшаў ў лістападзе 2016 года, агулам узялі ўдзел больш за 600 чалавек з 30 краін свету. Паглядзець поўны спіс і паслухаць/спампаваць альбом можна на сайце www.lavonvolski.com. У здымках кліпа «Спявайце» па жаданні ўзялі ўдзел тыя, хто зрабіў найбольшы ўнёсак.

Сярод музыкаў, якія бралі ўдзел у кліпе, разнастайныя прадстаўнікі беларускай сцэны: ад «Akute», «J:морс», «Без билета», «Trubetskoy» да «Gods Tower», «Дай дарогу!», «Re1ikt», «Tonqixod». Акрамя таго свае відэа даслалі гурты «Тартак» (Украіна) і «Biplan» (Літва), лідар гурта «Наив» (Расія) і аўтар-выканаўца Stoppok (Нямеччына).




Так атрымалася, што кліп аб'яднаў тых, хто звычайна знаходзіцца на сцэне і тых, хто перад сцэнаю, — кажа Лявон Вольскі. — Людзі, якія ахвяроўвалі грошы, — яны з розных краінаў, маюць розныя прафесіі, розны ўзрост, розны жыццёвы досвед. Музыкі — таксама з розных гуртоў, з розных краінаў,  граюць у розных стылях. Таму атрымаўся гэткі інтэграцыйны кліп. Мне падаецца, што інтэграцыя — аб'яднанне музыкаў з музыкамі, слухачоў са слухачамі, музыкаў са слухачамі — гэта тое, чаго нам цяпер вельмі бракуе. Гэтая інтэграцыя, узаемаразуменьне — тое, што мусіць усіх нас выратаваць.

8 мая Лявон Вольскі з беларуска-нарвежскім калектывам прадставіць у Вільні вялікую праграму «172», якая ахопіць усе перыяды яго творчасці: ад гурта «Мроя» да найноўшага сольнага альбома «Псіхасаматыка».

Інфармацыя па квітках і аўтобусных турах на сайце www.turmuz.by.