Купалаўцы паставілі смелы спектакль пра Беларусь

У Берліне на фестывалі Radar Ost з аншлагам адбылася прэм'ера спектакля знакамітых беларускіх "Купалаўцаў".

Кадр са спектакля "Войцэк"

Кадр са спектакля "Войцэк"

Атмасфера свята і трывогі: адразу два гэтыя адчуванні аб'ядноўвалі ўдзельнікаў міжнароднага тэатральнага фестывалю Radar Ost у Берліне. Свята — з-за таго, што ўпершыню за два гады тэатралы могуць убачыць адзін аднаго не праз экраны манітораў. Трывогі — з-за таго, што адбываецца ў Беларусі. Атмасферу турботы і нават страху перадала беларуская фолк-спявачка Вераніка Круглова, спевамі якой і адкрыўся Radar Ost.
"Мастацтва і канфлікт" — тэма фестывалю ў гэтым годзе. Свае пастаноўкі прадстаўляюць мастакі з некалькіх краін, але Беларусі была адведзена цэнтральная роля. "Мы радуемся таму, што тэатральнае жыццё вяртаецца, але сітуацыя ў Беларусі не дае радавацца на поўную", — заявіла падчас адкрыцця куратар фестывалю Быргіт Ленгерс (Birgit Lengers).

Тэатр і беларусы ў выгнанні

Месца для радасці ўсё ж было больш: многія беларусы, што прыйшлі на фестываль, упершыню за год змаглі трапіць на спектакль таго самага, сапраўднага Купалаўскага тэатра, акцёры якога былі ў авангардзе беларускіх акцый пратэсту, паднялі над будынкам бел-чырвона-белы сцяг і масава звольніліся пасля скасавання кантракту з дырэктарам тэатра Паўлам Латушкам у жніўні 2020-га.
У Беларусі для іх цяпер фактычна абвешчана забарона на прафесію. Перад пачаткам спектакля беларусы — госці фестывалю жартавалі, што дзеля Купалаўскага ім давялося даехаць "аж да Берліна". Праўда, многія з гледачоў і самі апынуліся ў Берліне не па сваёй волі. Сярод іх былі і тыя, каму пагражае крымінальны пераслед у Беларусі ці хто пазбаўлены магчымасці займацца сваёй прафесіяй: напрыклад, журналісты ліквідаваных выданняў, адвакаты, пазбаўленыя ліцэнзіі. Аднак нямала ў перапоўненай зале Нямецкага тэатра таксама было нямецка- і англамоўнай публікі.

З анлайну ў афлайн

Спектакль "Войцэк" у Берліне ўпершыню быў паказаны ўжывую: прэм'ера адбылася яшчэ год таму — у інтэрнэце. Пасля звальнення з тэатра незалежная трупа "Купалаўцы" часам выступае за мяжой і паспяхова асвойвае інтэрнэт і новыя фарматы. Так, паставілі п'есу Янкі Купалы "Тутэйшыя" прама ў YouTube, дзе яна набрала больш за 300 тысяч праглядаў. Таксама з беларускай класікі трупа гуляе "Паўлінку".
"Для акцёра — гэта вельмі складаная сітуацыя. Адна справа — гуляць у інтэрнэце, іншая — рэальная публіка. Тое, што мы паказваем прэм'еру ўжывую ў Берліне — гэта сапраўдная магія і вялікае свята. Тое, што беларусы могуць прыйсці да нас на спектакль — падарунак для акцёраў", — заявіў перад паказам рэжысёр Раман Падаляка.

Як жывецца купалаўцам

Раман Падаляка ў інтэрв'ю DW таксама распавёў пра тое, як жывецца тэатру ў выгнанні. Паводле яго слоў, аб паўнавартасным тэатры за мяжой пакуль казаць не прыходзіцца. "Мы цяпер існуем усё ж такі ў рамках праектнай дзейнасці. Па розных прычынах рэлакацыя немагчымая. Ды і нам гэтага пакуль ніхто не прапануе", — сказаў рэжысёр. Па словах Падалякі, многія з незалежных купалаўцаў знаходзяцца ў Беларусі, некаторыя выехалі за мяжу, адзінага месца для рэпетыцый у тэатра цяпер няма.
Арганізаваць працу ў такіх умовах вельмі складана, але новыя праекты плануюцца, планы ёсць на выступы ў Польшчы, Украіне. "Але галоўная наша мэта — гуляць для беларусаў, захоўваць нашу ідэнтычнасць", — адзначае беларускі рэжысёр. Паводле яго слоў, згуляць спектакль у самой Беларусі цяпер немагчыма.

Што купалаўцы думаюць пра новы тэатр у Мінску?

У трупе "Купалаўцаў" вырашылі не казаць нічога дрэннага пра тых, хто застаўся працаваць у афіцыйным Купалаўскім тэатры, але і папрасілі пакінутых там не выказваць абразаў і абвінавачанняў у свой адрас. "Я жадаю ім толькі радасці, шчасця і ўсё такое. Але свет змяняецца, змяняецца форма. Немагчыма заставацца назаўжды ў савецкай сістэме каардынатаў, немагчыма існаваць ва ўмовах, дзе няма творчасці, прафесіяналізму, няма тых, хто стварае, — мастакоў. Але мы не робім адзін з аднаго ворагаў", — адзначае Падаляка.

Спектакль праз прызму сітуацыі ў Беларусі

Сам спектакль "Войцэк" — даволі смелы эксперыментальны фармат. Пад магутныя дыджэйскія біты акцёры граюць вельмі вольную інтэрпрэтацыю п'есы нямецкага драматурга Георга Бюхнера (Georg Büchner). Логіка падзей спектакля часам ледзь улоўная, але адчуванні жорсткасці і страху зразумелыя ўсім.
Напрамую спектакль з палітычнымі падзеямі не звязаны, але ён з'яўляецца рэфлексіяй на тэкст твора праз прызму сітуацыі ў Беларусі, кажа Падаляка. "Гэта гісторыя простага, маленькага чалавека, які не быў народжаны забойцам, рос слаўным дзіцем. Але сістэма паступова падбіраецца і да яго і жорстка знішчае самае добрае, што засталося ў яго душы. У выніку Войцэк забівае самага блізкага чалавека. Забівае ўсё чалавечае ў сабе", — адзначае рэжысёр.

Кадр са спектакля "Войцэк"

Кадр са спектакля "Войцэк"


Паводле dw.com