Максім Жбанкоў: Адвечны «гараж». Чаму Sex Pistols — наша ўсё

Прагрэсіўнае чалавецтва адзначыла 40 гадоў брытанскага панк-року. 26 лістапада 1976 года чацвёра шаленцаў у брудных джынсах і падраных цішотках — пазней вядомыя як Sex Pistols — выдалі дэбютны сінгл «Anarchy in the U.K.».

punk2.jpg


Што было потым — скажа, напэўна, кожны, хто быў больш-менш у тэме. «God save the Que-e-e-n and the fascist regi-i-i-me!!!», сцэнічны брутал, рэкламныя істэрыкі, наркатычныя ўлёты, лязом па венах, ботам па фэйсе, Сід ды Нэнсі — самазабойчыя каханкі… І паспяхова засвоены поп-індустрыяй новы стайл: дэкаратыўны шок, кіраваны адвяз, выклік грамадству па рынкавых цэнах. Дык што святкуем? Культурны выбух ці трыумф маркетынгу? Ёсць варыянты. Паўсюль ёсць варыянты. Толькі не тут. Не ў нашым аграгарадку.

 

Айчынны панк атрымаўся тармазнутым і спозненым. Гадоў так на пятнаццаць. Прасунутыя піцерцы пачалі панкаваць з 1981-га, а да нас хваля дакацілася толькі напрыканцы 1980-х. Акурат да перабудовы. Брудны «гаражны» гітарны гук з лямантуючым вакалам, алкагольная шыза ў тэкстах, эпілептычныя скокі на сцэне пачаліся ў сінявокай, калі анамаліі апынуліся ў трэндзе. У той час нефармалаў зрабілі ледзь не сцягам пераменаў, камсамол пачаў ладзіць рок-фэсты і больш не вязалі за падпольныя канцэрты. Вось і атрымалася нешта дзіўнае ды непаўторнае: па ўсім свеце панк — музычная рэвалюцыя сямідзясятых, у нас — гераічная спадчына старту беларускай незалежнасці дзевяностых.

 

Першы панк стваралі штатаўскія рок-н-рольныя радыкалы — гарадскія разумнікі з моцным культурніцкім бэкграўндам, фанаты Velvet Underground і Уільяма Бероўза. Television, Паці Сміт, New York Dolls і, натуральна, The Stooges працягвалі пэўную традыцыю «нязручнай» культуры. Што зрабілі брытанцы? Ператварылі досвед нью-ёркскай альтэрнатывы ў забаўку для дылетантаў і палітычных актывістаў. Легенды пра прынцыповую няздольнасць вакаліста Sex Pistols трапляць у ноты і выгнанне з гурта басіста Глэна Мэтлака за тое, што ён «занадта добра грае», зрабілі сваю справу. Брыціш піпл падаравалі панк дваравым абібокам ды вулічным аўтсайдарам, перманентна пакрыўджаным на жыццё. Стварылі зручную мадэль музычнай самадзейнасці, дзе «горш» чыталася як «лепш». Наш варыянт.

 

Два вымярэнні панку як ментальнага супраціву: эстэтычнае ды палітычнае. «Калі бачыш, як дзясяты тыдзень у топах пануе Bohemian Rhapsody (хіт гурта Queen — аўт.), цягне ці то забіць сябе, ці то заснаваць гурт», — саркастычна адзначаў брытанскі журналіст Нік Кент. Там супраціўнікамі былі грувасткі прагрэсіў-рок, пампезны глэм і пафасны хард. Там панк вяртаў рок да каранёў — стылістычнага прымітывізму, памножанага на інтуітыўнае адчуванне смаку жыцця. З чым было змагацца ў сінявокай? З Віктарам Вуячычам? З Паплаўскай энд Ціхановічам? З філарманічным Мулявіным? Ніхто з іх у 1990-я не важыў амаль нічога. Сабаку мэйнстрыму не трэба было забіваць. Ён сканаў сам.

 

З палітычным таксама склалася інакш. Брытанскі панк быў адным з рухавікоў сацыяльнай нязгоды і з дызайнерскага праекта неўзабаве ператварыўся ў голас неабароненай ад эксперыментаў улады часткі грамадства: «Калі Мэгі Тэтчэр сканае, ніхто не заплача, чувак!» Там гэта было (нягледзячы на камерцыйны поспех панкаўскіх гаджэтаў) з’явай, па сутнасці, антысістэмнай. У нас — дазволенай і зацверджанай. Дзяржава абвясціла — на кароткі час — свабоду стылю і амністыю андэграўнду. Айчынны панк выскачыў на паверхню ў паўзе паміж двума аўтарытарызмамі — савецкім і постсавецкім. Як прадукт самой сістэмы, абавязаны ёй правам на лігалайз. Панк-рок мы атрымалі знянацку. Як незалежнасць.

 

Так і пацягнулася. Так і засталося. Трыумфам дызайну. Сцэнічнай прыгодай. З каляровай фрызурай Лявона Артуравіча і N.R.M. на сцэне ў адным бодзі-арце. Са жвавым алка-драйвам «дзюбялёў», дваровай весялухай «Дай дорогу!» і патрыятычнымі прыпеўкамі «Дзецюкоў». З чыста панкаўскай жыццёвай харэаграфіяй ў стылі пого — энергічнымі скокамі на месцы.

 

Хваля даўно сышла. А панк застаўся — як п’яны госцік. Новая генерацыя правінцыйных герояў накшталт AMAROKA грыміць гітарамі, бо панк — гэта так проста, калі ты малады і злосны. Інваліды пастановачнага экстрыму перакладаюць сваю роспач у новыя «гаражныя» зонгі, бо больш з ёй няма чаго рабіць. Народ мае свае дзве гадзіны адвязу (усё адно дзе, у Вільні, Вілейцы ці Гомелі), каб сябе паважаць цягам наступных трох месяцаў. Да чарговай ін’екцыі свабоды. Айчынны панк стабільна пазбаўлены будучыні — і таму нязменна актуальны.

 

У нашым запаволеным руху невядома куды панк ёсць палітычным алібі і псіхалагічным прытулкам — сховішчам чыстага адрэналіну часоў сацыяльнага рамантызму. Таму ў яго так ахвотна гуляюцца транзітныя генералы рок-н-рола, важкія літаратары ды калумністы «Саўбелкі».

 

…Панкаўскі юбілей сын Малькальма Макларэна — «хроснага бацькі» Sex Pistols — адсвяткаваў як трэба: спаліў на караблі пасярод Тэмзы сваю калекцыю панк-артэфактаў залатой пары 1970-х. У полымя сышло, як кажуць, больш за 6 мільёнаў даляраў. У нас гэткае немагчыма. Бо наш панк — нацыянальны скарб. Нам без яго ніяк. Як не будзе рэвалюцыяў — дайце хоць параўці ў мікрафончык.

 

 

Максім Жбанкоў, budzma.by

 

Дызайн: «Адліга»