Маркс сведчыў, што Міцкевіч свае першыя вершы складаў па-беларуску

У Расіі і Польшчы выйшлі ўспаміны ўраджэнца Віцебска Максымільяна Маркса пра жыццё ў Беларусі і Расіі ў ХІХ стагоддзі.

marks_i_mickey.jpg

У Расіі па-руску, у арыгінале, а ў Польшчы па-польску, у перакладзе, выйшлі ўспаміны Максімільяна Маркса (1816–1893) — чалавека, які пралівае святло на многія забытыя і невядомыя эпізоды гісторыі Беларусі ХІХ ст. Увогуле ж яго кніга — «Записки старика» (Zapiski starca) з'яўляецца важнай крыніцай па гісторыі польска-расійскіх адносін, гісторыі Сібіры і гісторыі гарадоў — Віцебска, Смаленска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кежмы і Енісейска з 1821 года да 1888 года. Менавіта гэты перыяд ахопліваюць успаміны Маркса.

Маркс — паляк з Беларусі, які, аднак, быў вымушаны працаваць у Расіі. Пасля беларускіх Віцебска і Смаленска ён працаваў у Маскве. А пазней стаў вядомым метэаролагам, чыю дзейнасць заўважылі вучоныя ва ўсім свеце. У той жа час ён быў змагаром за свабоду сваёй бацькаўшчыны — Польшчы, у складзе якой ён бачыў і родны край — Віцебск, землі былога Вялікага Княства Літоўскага.

Беларускія матывы не былі чужыя польскаму шляхціцу з Віцебска Максімільяну Марксу. Укладальнікі кнігі яго ўспамінаў — Пётр Глушкоўскі, супрацоўнік кафедры русістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, а таксама Сяргей Лявончык і Адам Яскульскі.

Пётр Глушкоўскі: — Я заахвочваю спадарства пазнаёміцца з «Запіскамі старога» ці па-польску, ці па-руску. З іх вы даведаецеся, як выглядаў Віцебск у пачатку ХІХ ст. І не толькі Віцебск, але шырэй — беларускія землі.

Апрача таго Маркс апісвае дзяцінства Адама Міцкевіча. Маркс падкрэслівае, што са сваёй каханай Марыляй Верашчакай Міцкевіч размаўляў па-беларуску. Яны спявалі разам. Першыя вершы Міцкевіча, не напісаныя, а агучаныя ўслых, былі па-беларуску.

Маркс таксама падкрэслівае, што талент Міцкевіча развіваўся сярод жыхароў былога ВКЛ, прадстаўнікоў эліты гэтай тэрыторыі, якія паступалі на вучобу ў Віленскі ўніверсітэт. Напомню, што ў той час Віленскі ўніверсітэт вельмі імкліва развіваўся. З 1816 года Віленскі ўніверсітэт развіваўся вельмі інтэнсіўна дзякуючы расійскаму імператару Аляксандру І, які выказваў любоў да палякаў і які дазволіў адкрыць Варшаўскі ўніверсітэт.

Адам Міцкевіч, які быў студэнтам Віленскага ўніверсітэта, дзякуючы размовам з Тамашам Занам, дзякуючы такім выдатным выкладчыкам як браты Снядэцкія, Яахім Лялевель і многія іншыя развіваўся. У той час там панавала цікавая атмасфера. У Вільні ў той час чыталі не толькі польскія творы філаматаў, філарэтаў, да якіх належаў Міцкевіч, але і рускія — напрыклад, Жукоўскага, якія на землях Польскага каралеўства не былі вядомы, а калі і былі, то ў слабых перакладах з рускай мовы на польскую.

У той жа час у Вільні жыхары пераважна сучаснай Беларусі, а таксама Літвы, Польскага каралеўства абмяркоўвалі самы вядомы твор Жукоўскага «Святлана», захапляючыся прагрэсам літаратуры, тым, як, не зважаючы на ранейшыя каноны, можна гаварыць простай мовай, карыстацца вопытам народа, фальклорам. Тое самае відаць і па творчасці Міцкевіча.

Вокладка кнігі ўспамінаў М. Маркса Zapiski starca.

Вокладка кнігі ўспамінаў М. Маркса Zapiski starca.

Ва ўспамінах Максімільяна Маркса мы знаходзім ужо вядомыя факты ў яго інтэрпрэтацыі, якія пацвярджаюць даныя іншых сведкаў эпохі. Найбольш карысныя ўспаміны Маркса для даследчыкаў гісторыі Віцебска і Смаленска.

Пётр Глушкоўскі: — Максімільян Маркс нарадзіўся праўдападобна ў 1816 годзе ў Віцебску. Гэта нядаўна высветліў адзін з рэдактараў выдання яго ўспамінаў Сяргей Лявончык, які знайшоў акт аб нараджэнні Маркса. Раней лічылася, што Маркс прыехаў у Віцебск з Галіцыі. Сваё дзяцінства ён дакладна правёў у Віцебску, хадзіў тут у школу.

У сваіх успамінах Маркс паказвае Віцебск не толькі такім, якім яго бачыў, але вельмі часта дазваляе сабе прыводзіць гісторыі, расказаныя старэйшымі асобамі — напрыклад, як Віцебск выглядаў у часы Напалеона, чаго сам Маркс, натуральна, не мог памятаць.

Да 20 год Максімільян Маркс жыў у Віцебску. Гаварыў, натуральна, па-польску. Бо бацькі выхоўвалі яго на гэтай мове. І большасць асоб з мясцовай эліты — шляхты — гаварылі па-польску, а Маркс быў шляхецкага паходжання.

Маркс адчуваў сябе палякам, у той жа час падкрэсліваючы, што яго малой радзімай з’яўляецца Віцебск, землі былога ВКЛ.

Маркс апісвае, як выглядаў Віцебск падчас Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гг. Будучы хлопчыкам ён бачыў, як вялікая расійская армія ішла нішчыць паўстанцаў, бачыў вялікага князя Канстанціна, які ўцякаў з Варшавы (Канстанцін быў намеснікам расійскага імператара ў Польскім каралеўстве. — Рэд.). Маркс вельмі дакладна апісвае, як выглядала знаходжанне Канстанціна ў Віцебску. Таксама апісвае, як выглядалі школы, установы аховы здароўя. Гэта цудоўны матэрыял для гісторыкаў, якія даследуюць Віцебск.

У 1834 годзе Маркс скончыў віцебскую гімназію і паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Аднак універсітэт не скончыў з-за хваробы і вярнуўся ў Віцебск, а потым перабраўся ў Смаленск і зноў у Маскву, дзе ў гімназіях выкладаў геаграфію. Такім чынам, Максімільяна Маркса вабіла перш за ўсё навука. І ў гэтай галіне ён сябе яшчэ праявіць.

У Маскве Маркс сышоўся з польскімі эмігрантамі і іх падпольнымі арганізацыямі «Таварыства студэнтаў-палякаў у Маскве» і інш. У 1863 годзе, падчас Студзеньскага паўстання, быў арыштаваны і змешчаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць у Санкт-Пецярбургу. Праз два месяцы, аднак, яго вызвалілі з-за недахопу доказаў віны.

У 1866 годзе Маркса аднак зноў арыштавалі па абвінавачванні ва ўкрывальніцтве «польскіх палітычных злачынцаў» — і саслалі на пасяленне ў Сібір.

У ссылцы, у Енісейску, Максіміліян Маркс доўгія гады займаўся метэаралагічнымі назіраннямі і заснаваў першую ў Сібіры метэастанцыю, вывучаў побыт народаў Сібіры. Вёў падрыхтоўку экспедыцыі па Енісеі і Паўночным марскім шляху ў Еўропу. Даследаваў радовішчы золата ў Енісейскай тайзе. Склаў маршрутныя карты Енісея і яго прытокаў. За работы па метэаралогіі і даследаванні Енісея Маркс быў узнагароджаны залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. Памёр у Енісейску ў 1891 ці 1893 годзе.

Як расказаў Пётр Глушкоўскі, свае ўспаміны Маркс пісаў па-польску ў 1887-1888 гадах. Яны планаваліся да выдання ў часопісе «Русская старина», таму аўтар пераклаў іх на рускую мову. Але ўспаміны так і не ўбачылі свет. Рукапіс на рускай мове захоўваецца ў бібліятэцы АН Украіны ў Львове. Сёлета ён убачыў свет у друку разам з перакладам на родную мову Маркса — польскую.

Віктар Корбут, www.polskieradio.pl