“Дзесяць стагоддзяў” шляху да дасканаласці

27 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі адчынілася выстава “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” — унікальны праект, ініцыяваны Белгазпрамбанкам пад слоганам “Мы ствараем гісторыю разам!”



Наўрад ці можна прыгадаць іншы выпадак, калі над стварэннем экспазіцыі працавалі 27 музеяў краіны, а 500 экспанатаў прадстаўлялі разам з дзяржаўнымі установамі прыватныя калекцыянеры і мастакі, цэрквы і сам ініцыятар падзеі, Белгазпрамбанк — са сваёй карпаратыўнай калекцыі.

Пачыналася ўсё, як неаднойчы падкрэсліваў старшыня праўлення банка Віктар Бабарыка, з адчування запазычанасці перад нацыянальнай культурай і жадання па магчымасці вярнуць ёй назапашаныя даўгі. Агенты банка выйшлі на аўкцыёны аж да нью-ёркскага Sotheby’s, распачалі уласны збор (фундамент будучага музея прыватных калекцый), кіруючыся перад усім цікаўнасцю да выхадцаў з Беларусі і беларусістыкі за мяжой.

У выніку Мастацкі музей ужо атрымаў у падарунак дзьве гравюры Шагала і выставу “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі” ў 2012 годзе, а зараз — магчымасць арганізацыі ўнікальнай імпрэзы. Яе падрыхтоўка пачалася 9 месяцаў таму пад энэргічным кіраўніцтвам шчырага рупліўца беларускай культуры Ўладзіміра Шчаснага, увабраўшы дамоўленасці з мінкультам і музейнымі ўстановамі, напружаную працу спецыялістаў, рэстаўрацыю музейных аб’ектаў, распрацоўку экспазіцыі і шмат іншага.

Размясціць паўтысячы экспанатаў у 5 залах першага паверха музея і на галерэі — справа нялёгкая, як і прадстаўніча адлюстраваць 10 стагоддзяў гісторыі айчыннай культуры, — але музейшчыкі справіліся з ёю выдатна. У экспазіцыі адсутнічае грувасткая акадэмічная перыядызацыя: з залы старажытнага мастацтва глядач трапляе ў збор шэдэўраў часу “ад Рэнесанса да барока”, потым у ХІХ стагоддзе з акцэнтам на сядзібную культуру і артэфактамі з сядзібы Касцюшкі. У апошняй — набыты Белгазпрамбанкам у 2013 годзе “Партрэт Тамаша Зана” Валенція Ваньковіча, адзінае палатно майстра ў Беларусі.

Далей — першая палова ХХ стагоддзя з акцэнтам на чарговыя, але ўнікальныя перліны ад галоўных ініцыятараў выставы: два творы Шагала і “Ева” Хаіма Суціна (1928), якая абышлася пакупнікам ў 1,8 млн даляраў і на сёння — самая дарагая карціна ў Беларусі, карціна на дзіва лагодная і пяшчотная для гэтага звыштэмпераментнага мастака. Не забыта і ўласна Беларусь: прадстаўлены партрэты Янкі Купалы Якава Кругера (1923),  знакамітай акторкі Стэфаніі Станюты, адлюстраванай яе бацькам, мастаком, у 1940, “Аўтапартрэт з музай і смерцю” (1924) Юдаля Пэна, пачынальніка слыннай віцебскай школы.

У зале з кавярняй — некалькі беларускіх кінаплакатаў 1920–1930-х, абсалютна невядомых гледачу, і мастацкае шкло ХХ стагоддзя. На галерэі — экспанаты за апошнія 100 гадоў, размешчаныя не столькі ў храналагічнай паслядоўнасці, колькі тэматычна: “Метамарфозы” (канструктывізм, супрэматызм, мадэрнізм), мастакі Заходняй Беларусі, мастакі і Вялікая айчынная вайна, выкладчыкі і выпускнікі тэатральна-мастацкага інстытута, гістарычны рамантызм, постмадэрнізм. Гэта тэмы і накірункі, якія вылучаюць арганізатары, пазбягаючы просталінейнага паказу.

Прадставіць усю палітру нацыянальнага мастацтва апошніх дзесяцігоддзяў і тут было немагчыма, але гледача ўразяць якасць і разнастайнасць твораў. Прынцып адбору — творы мастакоў,  па словах Уладзіміра Шчаснага, якія маюць прызнаныя і застануцца ў гісторыі, а работы, калі не самыя вядомыя, то выразна характэрныя для мастацкага почырку аўтараў. Пётра Сергіевіч, Міхаіл Савіцкі, Уладзімір Стэльмашонак, Мікола Селяшчук, Уладзімір Савіч — мастакі першага шэрагу толькі адной літары алфавіту, але на галерэі паказаны пераважна ўвесь алфавіт выбітных творцаў Беларусі ХХ ст.

Вытава глядзіцца на адным дыханні менавіта за кошт адбору якасных, цікавых, кампактна прадстаўленых у сваіх раздзелах карцін, гравюр, скульптур, кніг, твораў ужытковага мастацтва. Інфармацыйная насычанасць таксама не дае засумаваць — дзесці можна ўбачыць відэасюжэты, дзесці — пагартаць старонкі старадрукаў на інтэрактыўным маніторы. І ў кожным раздзеле — свае яскравыя акцэнты. Вяртаючыся ў раздзел старажытнасці з захапленнем аглядаем залатыя колты і падвескі з Вішчынскага кладу  ХІІ-ХІІІ стагоддзяў, старадаўнія фігуркі шахмат, ілюмінаванае Шарашоўскае евангелле, вытанчаныя ювелірнай работы манстранцы, келіхі, даразахавальніцы, — залатое і срэбнае царкоўнае начынне, якога малавата ў сталай экспазіцыі Мастацкага музея.

Гэтае багацце кампенсуе наведвальніку адсутнасць копіі Крыжа Ефрасінні Полацкай, прыгожага, але усё-такі паўтору знакамітай страчанай святыні, якое дэманстравалася толькі 27 сакавіка. У зале Рэнесанса і барока — асляпляльная жырандоля урэцкага шкла з ружанскага касцёла, слуцкія паясы, прадстаўнічы шэраг магнацкіх партрэтаў на чале з вобразам Льва Сапегі, унікальныя выданні Скарыны і Казіміра Семяновіча (“Вялікае мастацтва артылерыі”), габрэйскія рэчы: Арон Кадзеш (сінагальны каўчэг) і карона Торы з Пінскага музея. Разнастайнасць і дасканаласць, багацце зместаў, сэнсаў, вобразнасці і мастацкіх увасабленняў — не стамляе, а захапляе. Сказаць пра ўсё — немагчыма, лепш убачыць, а зрабіць гэта можна па 7 ліпеня. Па магчымасці мы яшчэ вернемся да лепшых экспанатаў выставы.

Менавіта пра разнастайнасць, у якой сабранае лепшае з культурнай скарбонкі краіны, сказаў, адчыняючы экспазіцыю, не зважаючы на афіцыёзныя фальшывыя ўмоўнасці, Віктар Бабарыка: “Пакуль у Рэспубліцы Беларусь будзе ідэя, якая можа аб’яднаць нас, такіх розных, з розным мастацкім густа, з рознымі палітычнымі упадабаннямі, узростам, дагэтуль была, ёсць і будзе наша “бел-чырвона-белая”, “сінявокая” Беларусь, Жыве Беларусь!”  

Фота аўтара