Мовы не паміраюць

Прачытаў раман майго калегі Віктара Марціновіча «Мова»  бадай, самы папулярны ў гэтым годзе твор беларускай літаратуры, якім захапляюцца ў сацыяльных сетках і чытаюць у мінскіх клубах.



mova7.jpg

Такая кніга можа, вядома ж, узнікнуць толькі ў краіне, дзе мова аказваецца на задворках і яе носьбіты адчуваюць пакутлівы страх магчымага развітання з уласнай душой. Марціновіч — не першы такі «развітальны» аўтар, але яго развітанне — развітанне ХХI стагоддзя. У інтэрпрэтацыі Марціновіча загінуўшая, але не скораная мова робіць на яе былых носьбітаў ледзь не наркатычнае ўздзеянне — у створаным ім фантастычным свеце ўрыўкамі з беларускіх кніг і гандлююць як наркотыкам, а вось выпадкова выяўлены ўкраінскі ўрывак на беларусаў такога ўздзеяння, зразумела, не робіць.
Дзіўна іншае: тое, што для Марціновіча, які піша на беларускай — вобраз, для мяне, чалавека, які перажыў сапраўднае развітанне з роднай мовай, ідыш — рэальнасць. Я яшчэ памятаю, як размаўлялі паміж сабой мае бабулі. Я яшчэ бачыў апошніх людзей, якія пісалі на мове маіх родных аўтараў і гартаў старонкі кніг, напісаных невядомым мне ў дзяцінстве алфавітам. І я памятаю гэта ап'яняльнае ўздзеянне і шчымлівае пачуццё страты, якое не пакрыць ніякім перакладам. І я дакладна ведаю, што сваяцтва чалавека і мовы — нават калі гэтая мова перастае быць яго быццём — непарыўна. Менавіта таму я да гэтага часу магу жыць на старонках кніг, першапачаткова напісаных на мове ідыш і адчуваць рэальнасць, створаную аўтарамі кніг на іўрыце.
Некалькі дзён таму я выпадкова натыкнуўся ў сеціве на відэазапіс: дзяўчынка чытала верш пра сваю бабулю. Ніколі я не чуў і не чытаў гэтага верша, але па рытміцы, па вобразнасці, па тым, па лятучаму «шагалаўскаму» погляду на свет, адчуў: гэта быў ідыш. І, сапраўды — аўтарам верша аказалася Дора Хайкіна, выдатная габрэйская паэтка, натхненнем і болем якой быў Кіеў. «У Кіеве адзіным маім ніводнай з нас ужо не будзе» — пісала яна некалі іншы габрэйскай паэтцы, непаўторнай і горкай Рыве Баляснай. І насамрэч — нікога няма.
А толькі Віктар Марціновіч цалкам мае рацыю ў сваёй здагадцы: мовы не паміраюць.
espreso.tv