На канцэрце Маргарыты Ляўчук у Празе ўся зала спявала «Пагоню»

У рамках Тыдня беларускай культуры ў Празе 7 ліпеня адбыўся сольны канцэрт Маргарыты Ляўчук. 

kancert_3.jpg

Вялікая канцэртная зала касцёла св. Сымона была запоўнена поўнасцю. Перад пачаткам канцэрту выступіў мэр горада Прагі Здэнэк Грыб і арганізатар Аўген Сідорык. Са сцэны верш Янкі Купалы “А хто там ідзе” ў перакладзе на чэшскую мову Макса Шчура вельмі кранальна прачытала пісьменніца Святлана Вранава.
Пачаў канцэрт вядомы чэшскі піяніст Ондрэй Кабрна. У свай час ён быў запрошаны “Радыё Ватыкан”, каб зыграць для Папы рымскага. Піяніст-віртуёз, які граў з шмат якімі вядомымі артыстамі Чэхіі, маэстра Кабрна прыехаў на канцэрт на веласіпедзе, маючы ў заплечніку бутэльку вады і канцэртны дарагі касцюм. Выкананне Кабрной знакамітых “Муроў”, у ягонай жа аранжыроўцы, даводзіла да слёз.

kancert_4.jpg


Калі пачала спяваць Маргарыта Ляўчук, стрымліваць эмоцыі нікому не атрымалася. Гэта было неверагодна.Фантастычная акустыка залі толькі ўзмацняла ўсю моц яе голаса, і здавалася, што гэта нерэальна. У вачах публікі стаялі слёзы захаплення, пасля кожнай кампазіцыі людзі пляскалі ў далоні і крычалі “Брава!” Было нечакана сумна, калі вядучы гэтага вечара Аляксей Знаткевіч аб’явіў апошнію песню. Беларусы доўга не адпускалі Маргарыту, засыпаўшы яе авацыямі і кветкамі. І яна “на біс” падаравала “Пагоню”. Уся зала ўстала і заспявала разам з ёй.