Ні дзеля грошай, ні дзеля жанчын, ні дзеля дабра… Рэцэнзія на кнігу "Ланцуг"

Ні дзеля грошай, ні дзеля жанчын, ні дзеля дабра не раіць варушыць і пальцам адзін з герояў кнігі “Ланцуг" Андрэя Федарэнкі. Мяркуючы з агульнага пафасу аповесцяў, сабраных пад адной вокладкай, і сам аўтар не тое што прыводзіць гэтыя словы ў кантрапункт жыццесцвярджальнай філасофіі. Кніга наогул атрымалася не па-дзіцячаму змрочнай, але пры гэтым і па-даросламу магутнай.



rec.png

Томік складаецца з шасці аповесцяў (хаця я б назваў іх апавяданнямі, у скрайнім выпадку навеламі), напісанымі ў перыяд з пачатку 1990-х і амаль да сёння. Праўда, час у Андрэя Федарэнкі вымяраецца зусім не тым, што людзі паспяваюць зрабіць. Наадварот, яго хада заўважная толькі па тым, што яны зрабіць не паспяваюць. Калі ж камусьці ўдаецца крануць неруш часу дзеяннем, дык толькі мярзотным ці прынамсі дурным. Калі па паверхні часу хвалі разбягаюцца і не ад дурасці, на бераг вечнасці яны ўсё адно нічога добрага не прыносяць. А калі ўсё ж выкінуць хвалі на пясок нешта добрае, усім ад гэтага стане толькі горш. А тое, што з’яўляюцца краіны, новыя людзі, плэеры і мабільнікі… няважна гэта, бо ўсе мы памром, і нас закапаюць у зямлю. Так і будзе стаяць нерухомы час да сканчэння вякоў.
Адбіваецца светаўспрыманне аўтара і на сюжэце. Ён у Андрэя Федарэнкі не мае ніякага значэння. Проза яго не пазбаўленая хрыбціны, але цэнтр цяжару перанесены з пытання “Што здарыцца?" на рытарычнае “Чаму так дрэнна?" Напрыклад, у аповесці “Дзікі луг" ужо старонцы на дзясятай робіцца ясна, што малы, дзіця шчаслівых бацькоў, памрэ. Але пытанне “Як ён памрэ?" мала хвалюе, калі чытаеш гэты тэкст. Хочацца запытаць у аўтара: “Што ж мы зрабілі табе? За што ты нас мучыш?" Але адклаўшы кнігу тры разы, усё адно бярэш яе і дачытваеш. І сапраўды, усё так, як ты прыблізна і ўяўляў, толькі ў дваццаць разоў горш. Насамрэч, на бяду расла пры доме гэтая каліна (пра што аўтар шчыра папярэджваў). То бок адказ на пытанне “Чаму так дрэнна?" гучыць прыблізна як “Бо іначай і не бывае".
Або аповесць “Ланцуг", якая дала назву кнізе. Малады непрыемны галоўны герой (сп. Федарэнка аж выпінае ягоную непрыемнасць) робіць скоцтва, каб дасягнуць сваёй мэты. Крадзе грошы, калі дакладней. Ды не проста крадзе, а, скажам так, з абцяжарвальнымі абставінамі. Праходзіць праз пакуты, вяртае грошы і робіцца… зусім не тым мэтаскіраваным чалавекам, якога мы бачылі ў пачатку. Перад намі нейкая “ахвяра жыцця", маленькі чалавек у футарале. Нібыта гуманістычны фінал абарочвацца яшчэ большай трагедыяй.
Апроч таго, у аўтара часам яшчэ і банальна не атрымліваецца падмануць чытача, падсунуць яму што-небудзь нечаканае. Напрыклад, перамяшчэнне з рук у рукі скрадзеных грошай, што сплываюць ад галоўнага героя-злодзея і зноў вяртаюцца да яго, здаецца надуманым, уведзеным толькі для таго, каб падтрымаць героевы пакуты. Сюжэт аповесці “Салдат" таксама прадказальны ад пачатку да канца. Часам здаецца, што гэта здзек. Маўляў, зараз я вазьму ўсім вядомы сюжэт, усім вядомыя душэўныя пакуты, усім вядомыя літары, а вы будзеце чытаць і нахвальваць, і ў чым глыбейшую дэпрэсію я вас заганю, тым больш вы мяне будзеце нахвальваць, а мне і справы да гэтага няма.
Здаецца, аўтар знайшоў адказ на пытанне, як жыць далей, калі ўсё так дрэнна. Ён лічыць, што ўсё, і гэтае пытанне таксама, — несур’ёзна. І калі ён напраўду закідае гэтыя пытанні, абстрагуецца ад іх, тады атрымліваецца штосьці прынамсі нейтральнае, як аповесць “З кошыкам…" (хаця гэта зноў-такі эсэ, так-так, пра грыбы і грыбоўнікаў), дзе аўтар не будуе ніякага сюжэта, а проста расказвае нам пра грыбы і грыбоўнікаў, крыху філасофствуе, крыху дасціпнічае. А часам атрымліваецца нават гумарыстычна, як у тэксце “Пра аднаго пісьменніка", які ўсё ж зразумеў, што калі не кіне спробаў змяніць свет ці прынамсі выжыць, дык дакладна памрэ. А тут перастаў думаць пра вялікі свет і сябе ў ім маленькага — і пакрысе ачуняў. Таксама бывае; праўда, рэдка.
Пры ўсім гэтым кніга Андрэя Федарэнкі вартая прачытання нават тымі, хто з цяжкасцю пераносіць песімістычныя творы. Цяжка аргументаваць, чаму. Не казаць жа: “Бо цікава" ці “Бо ёсць чаму павучыцца пісьменніку", хоць гэта і праўда. Але паспрабую назваць некалькі прычынаў.
Найперш гэта вялікае майстэрства Федарэнкі-дробязепісальніка: аўтар не толькі бачыць і чуе людзей навокал, але і праз згадкі паводзінаў, выгляду і проста праз нешта выпадковае ўмее стварыць аб’ёмныя характары, жывых персанажаў, як, прыкладам, героі апошняй аповесці “Крым": усяго 10 старонак, а на іх — цэлы табар жывых людзей. Тут жа можна адзначыць і выдатную мову сп. Федарэнкі. Безумоўна, ёсць чаму падзівіцца. Нават апісваючы наскрозь фальшывых персанажаў (як аўтарка ўнутранай аповесці ў тэксце “Пра аднаго пісьменніка"), сп. Федарэнка робіць іх запамінальнымі і аб’ёмнымі.
Далей трэба сказаць пра ўсёахопнасць прозы. У кнізе шмат увагі надаецца апісанню жыцця вяскоўцаў. Але вёска (як і горад) у аўтара — гэта не экзістэнцыйная з’ява (да чаго любяць імкнуцца ў нашай прозе і што мала ў каго атрымліваецца), а жыццёвыя абставіны, зразумелыя кожнаму: не толькі беларусу, а любому, хто ўяўляе, што такое нараджэнне, адзінота, смерць. Здаецца, што калі б фразу “Я стаю пры акне, за акном ідзе дождж..." папрасілі скончыць сп. Андрэя Федарэнку, ён бы не напісаў “кроплі пахнуць сенам ці “кроплі пахнуць асфальтам. Ён сказаў бы, што “дождж" — гэта смерць.
Дарэчы, дзякуючы сваёй абыякавасці да фальклору і урбаністыкі сп. Федарэнка можа быць цікавы маладым чытачам, што стаміліся ад размусольвання гэтай тэмы ў старбелліце і сучбелліце.
І яшчэ адно, чаго нельга не закрануць. Ці не варта было б аўтару засяродзіцца на эсэістыцы і перастаць заганяць чытачоў у дэпрэсію сваімі сюжэтнымі аповесцямі? Думаю, што не варта. Здаецца, ягоныя занурэнні ў прыдуманую ці падгледжаную нарацыю толькі і ратуюць яго самога: калі пішаш, не так страшна жыць. Мы ж як-небудзь ператрываем.

Андрэй Федарэнка. Ланцуг. — Мінск: Мастацкая літаратура, серыя "Беларуская проза ХХІ стагоддзя", 2012.