Ноч, сабакі і трасянка: галоўныя падзеі белліту-2018

Канец года заўжды мае бухгалтарскае адценне: трэба рабіць падрахункі. Вось, напрыклад, літаратурныя дзесяць пунктаў, якія вызначылі сабачы 2018 год. Парадак — храналагічны.

5c221be7_5e02_42cd_b16b_32e78d7e4d54_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg


1. «Дэбют» і першыя плады

Прэмія Максіма Багдановіча сама па сабе не навіна. Але 2018 год адзначыўся тым, што ўпершыню ў конкурснай праграме ўдзельнічалі кнігі выпускнікоў Школы маладога пісьменніка. У самой школе ходзіць жарт (ці не) пра тое, што для таго яна і заснаваная: каб было каму прэміі даваць.

48393657_399628567449742_8406548860079439872_n.jpg


Калі раней выпускнікі пісалі кагальны дыплом у выглядзе зборніка («Параходзік сучаснасці», «Казкі майго горада», «Вешчуны ідуць на Беларусь»), то сёлета з’явіліся дыпломнікі-хутаране. «Они» Сяргея Шаматульскага і «Переведи меня» Веры Філенка апынуліся за бортам прэміі праз моўны бар’ер. «Ген зямлі» Аліны Длатоўскай і «Каханні» Ніны Лістоты саступілі ў выніку Зараславе Камінскай з кнігай «Русалкі клічуць». Гэтым разам абышлося без скандалаў і выклікаў на батл, дый кніга вартая сваёй узнагароды. Самае пацешнае абвінавачванне на ейны конт: біяграфія Алены Кіш не раскрытая. Гэта пры тым, што такога на мэце не ставілася. Драматычны вобраз мастачкі — толькі адзін сярод іншых жаночых вобразаў. У мяне асабіста былі пытанні па стылістыцы, але пытанняў да прысуджэння перамогі спадарыні Зараславе не ўзнікла.

2. Новы кніжны фэст «pradmova»

49014005_219534075590403_6502036756169228288_n.png

Праходзіў напрыканцы траўня ў культурніцкім інкубатары ОК16. Пазіцыянаваўся як «фестываль інтэлектуальнай кнігі» і «крытычны агляд зробленага на беларускім кніжным рынку за апошнія гады». Таксама казалася пра пляцоўку для інтэнсіўнай камунікацыі паміж усімі, хто піша ды выдае (а магчыма, нават крытыкуе). Фестываль меў 14 інфапартнёраў. На вялікай пляцоўцы размясціліся некалькі зонаў для ўсялякага роду актыўнасцяў і выставачныя плошчы. Карацей, мусіла паўстаць альтэрнатыва дзяржаўнай кніжнай выставе, што ладзіцца ў лютым.
Але. Продажы кніг ад незалежных кнігарняў і выдаўцоў былі. Прэзентацыі і дыскусіі — былі. А фестывальная атмасфера неяк не спраўдзілася. Магчыма, справа ў кепскім інфасуправаджэнні. Напрыклад, пасля цікавых (ва ўсялякім разе, па заяўленых тэмах) дыскусій усталёўвалася тыпова беларуская ціша. Пра пакупніцкі анабіёз сведчылі асобныя кнігагандляры. Тым не менш, новы фестываль — несумненная падзея, і я вельмі чакаю яго ў 2019-м.

3. Наш любімы Гедройц

Прэмія Гедройца, што даецца за лепшую кнігу прозы, — галоўны пастаўшчык літаратурных мемаў. Іх нязменны герой — Альгерд Бахарэвіч. Гэтым разам ён зноў не атрымаў запаветнае першае месца (мае чатыры срэбры і адну бронзу). Але нават не ў тым цымус! Пасля абвяшчэння пераможцам Уладзіміра Арлова з «Танцамі над горадам» прыхільнікі «Сабак Еўропы» абвясцілі збор сродкаў на альтэрнатыўную прэмію Бахарэвічу. Чым гісторыя скончылася? З тэхнічных прычынаў, як паведамілі арганізатары праекта "Чытацкая прэмія для «Сабак Еўропы»", збор сродкаў быў прыпынены. Да паўнаты карціны: «Сабакі Еўропы» сёлета сталі «Кнігай года», якую абіраюць уласна пісьменнікі.

4. Ура, у нас ёсць масліт!

Чарга па аўтограф Віктара Марціновіча. Фота Алены Ляшкевіч

Чарга па аўтограф Віктара Марціновіча. Фота Алены Ляшкевіч

Гэта сапраўды цудоўная навіна. Яна набліжае нас да тае рэчаіснасці, у якой па-беларуску размаўляюць усе, у тым ліку гопнікі ў падваротнях і прастытуткі. Пра існаванне масліту бескампрамісна (і не ўпершыню) заявіла новая кніга Віктара Марціновіча «Ноч». Пішучы пра яе, журналісты зазвычай ставілі акцэнт на вялізных чэргах па аўтограф (кшталту «так нават айфоны не бралі»). Штопраўда, сам Віктар прыналежнасць да масліту адмаўляў. Што сталася нагодай для канфлікту паміж крытыкамі і незразуметым, калі не сказаць — абражаным, аўтарам. Але гэта лірыка. Даеш масліт!

5. Нерасстраляная літаратура

Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах. Фота Арцёма Лявы

Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах. Фота Арцёма Лявы

Вечарыны, прысвечаныя памяці рэпрэсаваных пісьменнікаў, праводзяцца штогод. І не толькі ў «крывавую ноч». Напрыклад, была адмысловая імпрэза ў межах Стральцоўскага фэсту ў лютым. Чым жа адметны год 2018?.. Уласна кантэкстам. «Поедем поедим», варта ў Курапатах, ганебныя судзілішчы — усё гэта не толькі сучаснае грамадскае жыццё, але і працяг тае самай расстрэльнай гісторыі. Працяг самы непасрэдны. Асабліва адчувальная гэта сувязь была на чытаннях уноч 29 кастрычніка. «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах сабрала пісьменнікаў, навукоўцаў, акцёраў, грамадскіх дзеячоў… Як на мяне, гранічна важна разумець, што Курапаты — месца, дзе літаратура як від мастацтва і жыццё як шэраг несправядлівасцяў перакрыжоўваюцца. Гэты крыж — агульны, незалежна ад таго, любіце вы «Сабак Еўропы», тусоўкі на Зыбіцкай ці сусвет Марвэл.

6. Талака як цуд

2018 год расставіў тлустыя кропкі над «і» ў пытаннях кшталту «а каму гэты ваш белліт патрэбны?». Два паспяховыя кніжныя праекты спраўдзіліся ў межах краўдфандынгу. Спачатку — пераклад на беларускую мову пяцікніжжа Святланы Алексіевіч «Галасы Утопіі». Праект сабраў 580% ад патрэбнай сумы. «Лішнія» грошы пайшлі на дадатковы наклад (яго вы і сёння можаце бачыць у кнігарні «Логвінаў» — як кажуць у народзе, «сцяна Алексіевіч», топавае месца для сэлфі).
А пад канец года яшчэ адзін стрэл па сумніўцах: паэтычная «Сарматыя» Марыі Мартысевіч «сабрала рэвалюцыйную суму 1968 руб. — гэта 177% ад неабходнага».

48969766_2138581976205073_1249135536610738176_n.jpg


Што тут яшчэ сказаць?.. Хіба «я выбіраю сокала пры ягоным плячы».

7. Лупіце трасянкай!


Калі ў нашую невялікую затоку ўпаў камень пад назвай «Я прыду за табой у аўгусце», паднялося цунамі пад назвай «рукі прэч ад цнатлівае мовы». Нават загадка — хто ж такая Каміла Цень? — адступіла на другі план. На авансцэну выступілі абаронцы «прыгожай і мілагучнай». Здавалася б, і містыфікацыя, і трасянка ў мастацкай літаратуры — з’явы зусім не новыя. Але штораз знаходзяцца ваяры святла, якія бачаць у трасянцы пагрозу беларускай мове. Як на мяне, галоўную «пагрозу» ўяўляюць якраз не да меры сур’ёзныя лінгвафілы. Але гэта зусім іншая гісторыя… Пакуль што застаецца канстатаваць, што дэтэктывы Камілы Цень «Я прыду за табой у аўгусце» і «Сакрэт фірмы» — удалы літаратурны праект, які нікога не пакідае абыякавым. І які працягваецца (Каміла працуе над трэцім дэтэктывам).

44376086_10215335465772083_182048897579876352_n_1.jpg


8. Крытыкі таксама людзі

Пасля гарачых разборак вакол «Начы» Марціновіча і сабачых непаразуменняў ачомалася ад сну іншая балесная тэма: літаратурная крытыка ў Беларусі. Танюткі пульс гэтага вечна хворага намацаў Ігар Бабкоў, які тут жа склікаў кансіліум. Ці так: Беларускі Калегіюм распачаў серыю дыскусій, прысвечаных літаратурным пытанням. Пачалося з размовы пра «новую літаратуру» (трэба разумець гэта як шэраг кніг, што нечакана карыстаюцца вялікім попытам у чытача). У адказ на размову слова запатрабаваў Максім Жбанкоў, якому хочацца «вострых, як нож, тэкстаў» (і не яму адному, трэба сказаць). Урэшце, БК і Саюз беларускіх пісьменнікаў сабраліся пагаварыць пра ўласна крытыку, якой нікому не трэба, але вечна мала. Вялікая публікацыя па выніках дыскусіі плануецца ў часопісе «Дзеяслоў» (калі пашанцуе, нават з крамольнымі выказваннямі Акудовіча).
Тэма, здавалася б, вузкая, але крытычнай яна аказалася для ўсіх: рэдкая птушка на берагах фэйсбука пакінула яе без каментарыя. Мажліва, нешта з гэтага будзе. Але не меншая верагоднасць і таго, што чарговая дыскусія тым і застанецца — размовай. Гадоў праз пяць пачнём па новай.

9. Перазапуск Bookster

Падзея такая ж важная, як новы кніжны фестываль, і гэтак жа пакінутая ў ценю. Пра рэанімацыю кніжнай платформы было заяўлена напрыканцы лістапада. З таго часу на сайце, які збірае кніжныя навінкі, рэцэнзіі прафесійных крытыкаў і водгукі чытачоў, з’явіўся шэраг свежых матэрыялаў: інтэрв’ю з Марыяй Мартысевіч, пяцёрка кніг ад Кацярыны Зыкавай, разгляды кніг Рычарда Гавяліса «Віленскі покер», «На заснежаны востраў» Анкі Упалы, а яшчэ — першага нумара часопіса «Мінкульт». Патэнцыял платформы — бязмежны. Запатрабаванасць (судзячы па апошніх і вышэйзгаданых дыскусіях) — вялікая. Пакуль на сайт пішуць два-тры аўтары, вядзе гэтую справу Аляксандра Дорская. Пра больш пэўны і «чоткі» план невядома.

10. Новы часопіс прозы «Мінкульт»

Свежая снежаньская навіна: Сяргей Календа заснаваў і нават выдаў першы нумар часопіса «Мінкульт». Сродкі збіралі, зноў жа, талакой. Імёны ахвярадаўцаў пералічаныя ў самім часопісе, і па ўсім бачна, выпадковых няма: спрычыніліся альбо тыя, каму няма дзе друкавацца, альбо тыя, каму нечага чытаць (у тым ліку крытыкі). Канцэпт часопіса просты: толькі проза. Праўда, пад прозай гэтаксама разумеюцца публіцыстычныя жанры і драматургія. Як патлумачыў заснавальнік, кожны нумар будзе змяшчаць роўна 15 аўтараў. Склад першага нумара моцны: Арлоў, Бахарэвіч, Брава, Глобус, Пістончык, Шчур… Вёрстка лаканічная, на вокладцы — рэбус (кожны малюнак азначае пісьменніка, можаце паламаць галаву).

48361777_1183212738526101_6828146231315791872_n_3.jpg


І напрыканцы традыцыйнае назіранне: самы багаты на прозу месяц — снежань. Назіраецца захапляльны бег на злом галавы, у якім удзельнічаюць празаікі: трэба паспець у апошні вагон цягніка, што ідзе на станцыю «Гедройц». Анансуем у 2019-м незабыўнае спаборніцтва Марціновіча, Бахарэвіча і Горвата.