Падарунак рэжымніку: Хан Канг, «Надыходзіць хлопец»

Многія галасы сусветнай літаратуры, на жаль, у нас часта застаюцца непачутымі і таму, што не заўсёды даступныя ў перакладзе, і таму, што забараняюцца, і таму, што не ўсе даюць веры ў мацату літаратуры.

Хан Канг

Хан Канг


Так, імя карэйскай (варта дадаць, паўднёвакарэйскай) пісьменніцы Хан Канг вядомае ўсяму свету — перадусім дзякуючы раману «Вегетарыянка» (2007), які атрымаў у 2016 годзе Букераўскую прэмію. Але яшчэ да перакладу твору на іншыя мовы раман прынёс славу пісьменніцы ў самой Паўднёвай Карэі. Раман пра тое, як жанчына рашуча адмовілася ад ужывання мяса і пра тое, як гэта выклікала руйнавальныя наступствы ў сям’і і на працы, узрушыў многіх. На сёння яна з’яўляецца аўтаркай шматлікіх тэкстаў: вершаў, эсэ, раманаў, зборнікаў кароткай прозы і нават музычных кружэлак.

Для сучаснай Беларусі асабліва актуальным і важным тэкстам пісьменніцы ёсць іншы раман — «Надыходзіць хлопец» (소년이 온다, Sonyeani onda, 2014). Па-англійску назва раману зыначыная — «Human Acts» (Чалавечыя дзеянні). Па-француску назва больш-менш захаваная — «Celui qui revient» (Той, хто надыходзіць). У польскім перакладзе назва вытрыманая даслоўна, як і ў арыгінале «Nadchodzi Chłopiec» (Надыходзіць хлопец). Па-беларуску тэксты пісьменніцы не даступныя, але многія беларусы чытаюць яе тэксты ў іншых мовах.

Раман «Надыходзіць хлопец» — складаны, балючы тэкст. Гэта не раман, які многія бяруць у адпачынак. Гэта цяжкае, часам змрочанае, часам тэрапеўтычнае інтэлектуальнае чытво. Да ўсяго яно цалкам зразумелае сучасным беларусам, якія жывуць у падобнай масакры апошнія год і некалькі месяцаў. Без перабольшвання і пафасу, карэйскі раман яднае не толькі паўднёвых карэйцаў, але і беларусаў. З’явіўшыся ў 2014 годзе, раман ускалынуў грамадства: ўсе карэйскія газеты, за выняткам правых і скрайніх правых, напісалі шчодрыя і станоўчыя водгукі. Кніга вярнула грамадства ў 1980 год, калі дыктатура ўсталявалася ў Паўднёвай Карэі. Дасюль тая траўма да канца не прапрацаваная, не прааналізаваная, таму спроба пісьменніцы прааналізаваць гвалтоўнае мінулае і даць галасы мёртвым, забітым, а таксама засталым жывымі, выклікала незадаволенасць кансерватыўных, правых сілаў, часткова знітаваных з ваеннай хунтай 1979-1987 гадоў на чале з генералам-дыктатарам Чон Ду Хванам.

vokladka_knihi_nadyhodzic_hlopec.jpg


У цэнтры рамана — сумна вядомая масакра ў Кванджу ці паўстанне ў Кванджу, буйным карэйскім месцы, якое ўслед за Сеулам узняла рокаш супраць хунты ў траўні 1980 году. Хунта гвалтоўна задзейнічала войскі і паліцыю супраць мірных дэманстрантаў, у выніку чаго загінулі каля 2000 чалавек. Паводле тагачасных афіцыйных паўднёвакарэйскіх дадзеных, загінулі сотні мірных людзей.

Галоўны герой кнігі – забіты пятнаццацігадовы хлопец Донг-хо, які блукае па крываваму месцы ў пошуку сваіх таварышаў. І нічога дзіўнага з будысцкага пункту гледзішча няма ў тым, што хлопец дасюль блукае і вяртаецца некалькі дзесяцігоддзяў счакаўшы ў сучасную Карэю. Гістарычнасць падзеяў, насамрэч, не ператварае раман у выключна гістарычны: мінулае не завершанае, пакуль адкрытыя раны і траўмы таго часу ў жывых людзях, якія зведалі масакру і згубілі блізкіх. Іншая пратаганістка раману — маладая жанчына, якая працуе ў выдавецтве і рэдагуе цэнзураваны тэкст. Часткова ў гэтай пратаганістцы спазнаецца сама пісьменніца, якая правяла шмат часу ў архівах у пошуку інфармацыі аб забітых, успамінаў ацалелых і афіцыйных хронікаў. А таксама пратаганістамі твору з’яўляюцца многія засталыя ў жывых пасля масакры ў Кванджу і душы забітых, якія шукаюць спакой. Варта адзначыць, як заўважае ў шматлікіх інтэрв’ю сама пісьменніца, душы забітых не нагадваюць злых монстраў з карэйскіх жудаснікаў, а, наадварот, з’яўляюцца хутчэй станоўчымі, мірнымі і нагадваюць цені ці хонаў (нешта накшталт здані) — істотаў карэйскага фальклору.

Цікава, што кніга пачынаецца і заканчваецца запаленай свечкай за памерлых – адзіным даступным спосабам, на думку пісьменніцы, аб’яднаць мёртвых і жывых. Такім парадкам, раман з’яўляецца прыватнай, вельмі інтымнай данінай памяці пісьменніцы пакутнікам за карэйскую дэмакратыю.

Раман напісаны ў рафінаваным і незямным стылі, уласцівым будысцкай манеры наратыву, блізкаму пісьменніцы. Хан Канг разважае не толькі пра жудаснае і забытае бальшынёй мінулае, але засцерагае сучаснікаў ад вяртання аўтарытарнай ідэалогіі ў Паўднёвай Карэі і ў свеце. Пасля ўсталявання дэмакратыі ў Паўднёвай Карэі ў 1987 годзе краіна рэгулярна сутыкаецца з аўтарытарнымі тэндэнцыямі. Так, падчас прэзідэнцтва Пак Кын Хэ (2013-2017) імя пісьменніцы Хан Канг фігуравала ў чорным спісе разам з іншымі 10 000 імёнамі артыстаў і дзеячаў культуры, «варожых да ўладаў». Гэта азначала, што за імі сачылі і пазбаўлялі дзяржаўнай падтрымкі.

Цэнтральным месцам раману можна назваць і пытанне адказнасці ўсіх жывых (вінаватых у забойствах і не) за тое, што адбылося, за душы забітых. Пісьменніца апісвае ў кнізе такі свет, дзе пасля смерці няма ані бога, ані выратавальніка, а таму душы – хоны – мігцеюць над сваімі целамі, безупынку ўзгадваючы свае жыццё і смерць. Іх супакой, на думку пісьменніцы, натхнёнай будысцкай традыцыяй, залежыць ад нас, жывых. Дарэчы, пісьменніца апісвае не толькі бок забітых, але безупынку, хоць і ўскосна, ставіць пытанні вінаватым у масакры 1980 года. Варта нагадаць, што дыктатар Чон Ду Хван, аўтар забойстваў, так і не быў пакараны паўнавартасна — памілаваны ў 1998 годзе і адбывае пажыццёвае ўвязненне.

Працуючы над раманам дваццаць год таму, у чарнавіках і дзённіках пісьменніца шукала адказы на глабальныя пытанні, пастаўленыя ў будысцкай манеры: Ці можа сучаснасць выратаваць мінулае? Ці могуць жывыя выратаваць мёртвых? Насамрэч, для нас, заходнікаў, пытанні пісьменніцы ўспрымаюцца ў адваротнай форме: Ці можа мінулае выратаваць сучаснасць? Ці могуць мёртвыя выратаваць жывых? Хоць, у існасці, гэта адное і тое ж.

Няма сумневу, пераклад на беларускую мову раману «Надыходзіць хлопец» стаўся б не проста падарункам для беларусаў, але і вытанчаным абвінавачваннем усё яшчэ не пакараных рэжымнікаў.