Падарунак рэжымніку: Што здараецца з памерлымі дыктатарамі

Сакартвэлскі фільм савецкага перыяду — «Пакаянне» — вядомага рэжысёра Тэнгіза Абуладзэ, які быў зняты ў 1984 годзе, але ў пракат па тэхнічных і палітычных прычынах трапіў толькі ў 1987, лічыцца пачаткам эпохі перабудовы. Кінематаграфічна рэжысёрам малюецца простая і такая дзівосна-жудасная рэальная гісторыя таго, як жыць дыктатару і яго атачэнню ў бліжэйшай будучыні і, што здараецца з памерлымі дыктатарамі і іх калабарантамі. 

Кадр з фільма

Кадр з фільма

Слова «пакаянне» мела асаблівы сэнс у той час, калі цяжар крывавай савецкай гісторыі не даваў жыцця мільёнам жывых і мёртвых. Але ізноў панятак становіцца актуальным у нашым рэгіёне, асабліва ў Беларусі, бо так ніхто з савецкага часу на афіцыйным роўні не пакаяўся ў нас — не паспелі, не захацелі. Адкуль працяг гвалту і ўхвалы ваеншчыны і дыктатуры. Фільм атрымаў Гран-пры на Канскім фэстывалі ў 1987 годзе, а ў 1988 прэмію «Ніка» ў шасці намінацыях. У ліпені 2021 года фільм быў паказаны ў раздзеле Канская класіка на Канскім кінафэстывалі 2021 года.

kinaafisza_pakajanne_1987.jpg

Афіша фільма «Пакаянне», 1987 год
Фільм бачылі многія, але яшчэ шмат каго ён чакае — напрыклад, беларускіх рэжымнікаў. Бо сюжэт фільма хоць і не абапіраецца на пэўную кнігу, знітаваны з рэальнымі гісторыямі з таталітарнага мінулага, сабраных з кнігі жыцця. Кінематаграфічна рэжысёрам малюецца простая і такая дзівосна-жудасная рэальная гісторыя таго, як жыць дыктатару і яго атачэнню ў бліжэйшай будучыні і, што здараецца з памерлымі дыктатарамі і іх калабарантамі.
І хоць дзеянне фільма адбываецца ў невялікім сакартвэлскім мястэчку, глядацтва лёгка спазнае любое падобнае места, у якім дасюль жывуць сваякі забітых, рэпрэсаваных ці зняволеных па за вушы прыцягнутых абвінавачаннях. І дзе спакойна і з пашанотамі быў пахаваны паважаны гарадскі галава Варлам Аравідзэ. Толькі пасля яго пахавання яго магіла рэгулярна апаганьваецца, а цела выкопваецца.
Злоўленая ўнукам памерлага і прыцягнутая да адказнасці злачынка — найлепшая мясцовая кандытарка — на судзе абараняе сябе, распавядаючы пра тыранічнае кіраванне Варлама ў часы, калі яна была дзяўчынкай. Падзеі развіваюцца на тле барацьбы паміж дзвюма сем'ямі, кланам Аравідзэ, з аднаго боку, і сям'ёй мастака-дысідэнта Баратэлі, з другога. На судзе ўсплывае нават для многіх сваякоў памерлага невядомая ці замоўчаная дасюль праўда — падчас праўлення Варлама Аравідзэ ў горадзе было рэпрэсавана мноства нявіннага люду. У выніку адбываецца канфлікт паміж унукам і сынам памерлага ката. Унуку не ўдаецца прыняць рэчаіснасць і апраўданні бацькі — і ён накладае на сябе рукі. Тады бацька Авэль Аравідзэ сам выкопвае цела свайго бацькі з магілы і скідае яго са скалы.

Афіша фільма «Пакаянне»

Афіша фільма «Пакаянне»

Фільм увабраў у сябе зборны вобраз таталітарных краінаў і дыктатараў сярэдзіны 20 стагоддзя і працягвае апісваць новых дыктатараў і іх калабарантаў. У вобразе Варлама Аравідзэ мы знаходзім вусікі Адольфа Гітлера, форму твару і чорную кашулю Мусаліні, адлюстраванне ў акулярах і самі акуляры, якія насіў Берыя. Да ўсяго фільм працягвае папярэджваць усіх жывых, што можа стацца з памерлымі, не застрахаванымі лёгкай смерцю ад мэтадасягальнай помсты. І пакаянне тут, падаецца, не трэба разумець літаральна — у выключна хрысціянскім прымірэнчым сэнсе: рэжысёр зусім не быў наіўным і не чакаў пакаяння ад саміх дыктатараў, калабарантаў і нават ад іх сем’яў. Пакаянне вінаватых і супакаенне забітых і родных забітых настае не адразу — з цягам часу праз абрыньванне бяды на галовы родных дыктатара, а таксама на ўжо мёртвых дыктатараў і калабарантаў. Своеасаблівае пакаянне, якое праяўляецца часцей за ўсё ў самагубстве і ў выкідванні костак з могілак, наспявае ў другім, трэцім пакаленні родных як катаў, так і нявінна забітых.

Тэнгіз Абуладзэ

Тэнгіз Абуладзэ

Падаецца, выкідванне костак з могілак — не проста вусцішны штучны вобраз, але цалкам рэальная гісторыя, якая ўразіла рэжысёра. Так, адзін бухгалтар з Мегрэліі, вярнуўшыся з Сібіры, насамрэч, выкапаў труп былога чэкіста і кінуў яго перад домам за тое, што той сфабрыкаваў справу, саслаў яго з сям’ёй у Сібір і ўвёў жонку. Зрэшты, ведаючы Тэнгіза Абуладзэ па іншых фільмах, інтэрв'ю, а таксама ўспамінах калегаў, фільм «Пакаянне» бачыцца да ўсяго, як уласнае пакаянне рэжысёра. Хоць і не вінаваты ў злочынах супраць чалавецтва, сакартвэлскі мэтр мастацтва, кінематографу прадэманстраваў смеласць і ўнікальны прыклад іншым — і вельмі вінаватым, і зусім не вінаватым — супольнага пакаяння ў простай ці ўскоснай вінаватасці ў паўторы, неспыненні гвалту.