«Паштоўка» з Ню-Ёрку (аўдыё)

Гурт Litvakus з Ню-Ёрку выдаў новую порцыю традыцыйнай музыкі літвакоў, то бок беларускіх габрэяў.

3281_zhamerun_240x240.jpg


Міньён «Паштоўка» (па-ангельску «Postcard», на ідыш «Kartl») уключае «Бабруйскую сюіту», розныя танцы ды аўтарскі твор заснавальніка гурту Змітра Сляповіча. Музыка нарадзіўся ў Мінску, але ўжо працяглы час жыве ў ЗША. Міні-альбом Litvakus выйшаў і ў выглядзе кампакт-дыску, і як сапраўдная паштоўка з фотаздымкам габрэйскага дома ў Бабруйску і адмысловым кодам для спампоўкі. Паслухаць і набыць новы міньён можна на старонцы гурту на Bandcamp.com.
У інтэрвію Tuzin.fm Зміцер так сказаў пра музыку, якую грае: «Яна аднолькава належыць і габрэям, і беларусам, і палякам — усім, хто фармаваў вось гэтую шматкультурную прастору. Таму і пад беларускай музыкай я разумею ня толькі беларускую этнічную, а й усялякую, што рабілася ў Беларусі й атрымала ўплыў мясцовай традыцыі».
Летась гурт Змітра Сляповіча выдаў поўнавартасны альбом «Raysn: The Music of Jewish Belarus», куды ўвайшлі песьні беларускіх габрэяў. Працу ўхвалілі такія зоркі клезмеру й авангарду як Джон Зорн і Фрэнк Лондан, а амерыканскія музычныя эксперты параўналі Litvakus з Gogol Bordello.