Пятроў дзень і легенда пра матрыярхат

У католікаў 29 чэрвеня — Дзень святых апосталаў Пятра і Паўла. Праваслаўныя адзначаюць яго 12 ліпеня. У беларускай вёсцы царкоўнае свята «абрасло» народнымі элементамі, у тым ліку дужа цікавымі з пункту гледжання міжпалавых адносінаў.

Пятрок у вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна. Фота Альфрэда Мікуса

Пятрок у вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна. Фота Альфрэда Мікуса

У некаторых мясцовых традыцыях Пятроў дзень успрымаўся як працяг Купалля ці нават яго замяшчаў. Шмат дзе купальскія і пятроўскія песні спявалі на адзін матыў і не адрознівалі іх між сабой. Часта пяецца, што «пятрова ночка невялічка» (а самая кароткая ноч года прыпадае на Купалле). Бываюць словы «Іван ідзе, Пятро вядзе», «Пятро з Янам встрачаюцца».
Пятроў дзень успрымаўся як каляндарны рубеж, але не толькі як абстрактны пік лета, пасля якога яно ішло на спад, а і мяжа пэўных відаў гаспадарчых работ. Да свята трэба было паспець навязаць венікаў, надраць ліпы на лыка для лапцей, апрацаваць капусту матыкай, перасадзіць расліны ў гародзе, пасадзіць свойскую птушку на яйкі так, каб яна вывела птушанят да Пятра.

Пятроўскія песні



Вельмі часты песенны сюжэт — дзяўчына не выспалася ў кароткую пятроўскую ноч, задрамала і не чула, як да яе прыехаў хлопец. Зрэдку замест дзяўчыны, паненкі, фігуруе ўдава. Часта пяюць пра падбор пар, прыроўніваючы хлопца і дзяўчыну да качкі з селезнем. Казалі «Дзеўка хітра да Пятра», маючы на ўвазе, што імкнецца спадабацца хлопцам, бо ў гэты дзень гулялі вяселлі, а наступны перыяд, калі засылалі сватоў, наступаў толькі ўвосень, пасля збору ўраджаю.
Шлюбныя матывы пятроўскіх песень у нейкай ступені могуць быць абумоўлены Пятроўскім пастом (Пятровіцай), што цягнуўся ад Тройцы да Пятрова дня і накладаў на паводзіны моладзі некаторыя абмежаванні. Напрыклад, у песні з Любанскага раёна:
Цяжка да важка Пятра ждаць, Ды на дзевак паглядацьЦягнецца хлопцам Пятровіца, гардовіца.Сядзелі хлопцы ў балотцы, на калодцы,Ды злавілі жабку, блупіліДы пашылі шапку, мералі.Адзін кажа: «Шапка!»Другі кажа: «Жабка!» 

Выяава зёлкі-гардовіцы. Выцінанка Вольгі Бабурынай

Выяава зёлкі-гардовіцы. Выцінанка Вольгі Бабурынай

Гардовіца — горкая трава. У песні Пятроў пост параўноўваецца з гэтымі зёлкамі, каб падкрэсліць, наколькі хлопцам цяжка вытрымліваць забарону на супольныя гулянні з дзяўчатамі. У тэксце фігуруе шапка, у традыцыйнай карціне свету — сімвалічны займеннік самога мужчыны, як і любы прадмет мужчынскага адзення.

fota_1_5.jpg

Пятрок у вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна. Фота Альфрэда Мікуса
Падчас святкавання Пятра ў Любанскім раёне дзяўчаты і жанчыны зрывалі з мужчын і хлопцаў шапкі і кідалі іх у вогнішча. Такое сімвалічнае падкрэсліванне жаночай улады. У той жа час, дзяўчына магла выбраць любога хлопца і надзець яму на галаву свой вянок. Пара пераскоквала праз вогнішча, узяўшыся за рукі, за пацалунак хлопец вяртаў дзяўчыне вянок і павінны быў гуляць з ёй усю ноч. Усё ж традыцыйна актыўная роля за мужчынам, ён запрашае на танец, абірае дзяўчыну падчас гульняў, заляцаецца, засылае сватоў… Таму апісаны звычай — зусім не звычайны.

Жаночае свята?

Пра сувязь дня святога Пятра з жаночым валадараннем сведчыць таксама легенда, запісаная ў вёсцы Пласток Любанскага раёна. Хрыстос і Пётр хадзілі па зямлі, вырашаючы, каму даць права: мужчыну ці жанчыне. Пётра казаў — жанчыне, а Хрыстос — мужчыну. І вось яны спыніліся на начлег у аднаго дзеда, ды была ў яго дужа злая жонка: «Палеглі, ляжаць… Пятро скраю, а Бог ад сцяны. Прыбегла. Крычала-крычала, і давай лупцаваць святога Пятра. І пабегла зноў. Бог гаворыць:
— Давай, ты ад сцяны ляж, а я скраю.
Ну, лёг Пятро ад сцяны. Тая прыбегла і зноў давай крычаць.
— Ішчэ ж — кажа, — ат сцяны не біла! — Да і зноў Пятру папала. Ну, яны падзяквалі дзеду тому і пайшлі. А Бог кажа:
— Я казаў табе жанчыне права не даваць, а мужчыну. А ты казаў жанчыне трэба права даць. От табе і папала» (распавяла Надзея Трафімаўна Сушчэня).
Па словах даследчыцы Алены Боганевай, якая запісала легенду, гэта — варыянт сюжэту, раней шырока распаўсюджанага ў Беларусі, Расіі і Украіне. У больш старажытных варыянтах распавядаецца, што спачатку ўвогуле на зямлі кіравалі жанчыны, але калі Бог з Пятром хадзілі па зямлі, іх сустракалі неласкава, і таму Бог вырашыў надзяліць уладай мужчын. Фактычна гэта легенда аб паходжанні патрыярхальнага сацыяльнага ўкладу.
Праявы жаночага свавольства на Пятра сустракаюцца таксама ў Маладзечанскім раёне. У вёсцы Шалыгі мужчынаў, якія былі ў гэты дзень імяніннікамі (насілі імя Пётр ці Павел), жанчыны праганялі ў поле. Маглі пасадзіць на крэсла і злёгку падкідаць — «падымаць на ўра», пакуль імяніннік не адкупіцца пачастункам. У вёсцы Загорскае з імяніннікаў «спаганялі барыш». Да таго ж, яго можна было патрабаваць за любога сваяка мужчынскага полу з адпаведным імём.

Пятрок у вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна. Фота Альфрэда Мікуса

Пятрок у вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна. Фота Альфрэда Мікуса

Шлюбныя матывы

Прымаўка «Жджы Пятра — сыр з’ясі!» кажа, бадай, не толькі пра тое, што падчас Пятроўскага посту забаранялася есці малочнае. Сыр у міфапаэтычнай карціне свету беларусаў выступае як сімвал шлюбу, цнатлівасці і ў той жа час урадлівасці. Сыр як абрадавая страва сустракаецца ў беларусаў на Юр’я, Тройцу, Купалле, Пятра, Зажынкі, абрады сямейнага цыклу. Пасля шлюбнай ночы бацькі маладой, што заставалася цнатлівай да вяселля, клалі маладому за пазуху сыр, загорнуты ў анучку; сыр часта ўваходзіць у лік пачастункаў, што неслі парадзісе; для жанчыны сніць сыр — да нараджэння сына. Асабліва часта ў беларускім фальклоры сустракаюцца матывы сувязі сыра з нараджэннем хлопца, з маладым мужчынам. У некаторых выпадках сыр як рытуальная страва забяспечвае сувязь паміж жывымі і нябожчыкамі. Тое, што сыр выступае і як сімвал плоднасці, і як сродак сувязі з тагасветам, у традыцыйнай логіцы цалкам апраўдана, бо менавіта памерлыя продкі забяспечваюць дабрабыт жывых.
Сыр згадваецца і ў юр’еўскіх абыходных песнях для млададых: «Маладая малодачка, / Выйдзі-выйдзі на вулачку, / Вынясь-вынясь падарачак, / Падарачак ― паясочак. / Коку-яек на паўміску, / Каўбасою акружыці, / Белым сырам залажыці» . У купальскіх песнях сустракаюцца радкі: «Да дажыдай, мамка, к панядзелку, / Маладога зяця у ваўторак, / Не дажыдай, мамка, з белым сырам, / А дажыдай, мамка, з малым сынам». Тут сыр выступае як сімвал цнатлівасці дзяўчыны, якую яна губляе на ігрышчы, і ў той жа час як сімвал плоднасці, які дазваляе дзяўчыне нарадзіць сына.
На фоне сімволікі, што сыр мае ў розных абрадах, прадпісанні абавязкова ўжываць яго на Пятра, у вясельную пару, ужо не здаюцца дзіўнымі. Такія прадпісанні зафіксаваныя на Віцебшчыне ужо ў наш час (Шаркаўшчынскі раён). У канцы ХІХ стагоддзя Мікалай Нікіфароўскі нават адзначаў, што не-ўжыванне сыра на Пятра пагражае смерцю: «Хто на Пятра не разгавеецца сырам і маслам, той не дачакаецца таго ж разгавення на лета». А як жа, жыццё павінна працягвацца.