Салжаніцын без Нобелеўкі

«Калі б арышт Аляхновіча здарыўся не ў 1927-м, а на дзесяць гадоў пазней, яго б дакладна расстралялі. А так — пашчасціла». Віктар Марціновіч на budzma.by разважае пра знакамітую аповесць «У капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча.



Фота lohvinau.by

Фота lohvinau.by

Гэтага пісьменніка не праходзяць у школе, таму што перабудовы ў Беларусі ніколі не было. Ягоным імем не названая ніводная вуліца ў паселішчах на радзіме. Яго не ўганароўвалі прэстыжнымі літаратурнымі прэміямі, хаця ён зрабіў сваю справу раней за Салжаніцына. І той Салжаніцын атрымаў Нобелеўку акурат за тое, што другарадна прайшоўся па сцяжыне, праторанай беларусам.
«У капцюрох ГПУ» надрукавалі ў 1938 годзе ў Вільні і Парыжы. Першы том «Архіпелага ГУЛАГ» пабачыў свет у Парыжы ў 1973 годзе.

Францішак Аляхновіч апярэдзіў Салжаніцына на 35 гадоў.

Удумайцеся ў гэтую лічбу!

Уразьцеся ёй!

Літаратура — самая грувасткая культурная субстанцыя ў свеце. Праз тое, што яна існуе значна даўжэй за кіно, алейны жывапіс і тэатр, лічыцца, што ў ёй ужо даўно ўсё сказана. Прычым часцяком сказана яшчэ тысячы гадоў таму. Вынайсці новы жанр, новую тэму ў празаічным пісанні амаль немагчыма. Аляхновіч знайшоў тую тэму. І, паўтаруся, Салжаніцын быў толькі ягоным паўтаракам.

Твор Аляхновіча ўжо чытаўся на пяці мовах, калі Салжаніцын яшчэ спрабаваў падлашчвацца пад сістэму, калі яго яшчэ друкавалі ў СССР.

Дык чаму мы не памятаем Францішка Аляхновіча? Чаму не раім яго так, як рускія раяць паўсюдна чытаць «ГУЛАГ»?

Калі будзеце шукаць яго ў сеціве, пампуйце нескарочаную версію — тую, дзе ў раздзеле «Без Масак» загадкавы «Попутчік» — галоўны пратаганіст твора — ператвараецца ў Францішка Карлавіча Аляхновіча, жывога чалавека, які прайшоў дакладна праз тое, што напісана.

І так, Аляхновічу пашанцавала. Пашанцавала болей, чым Максіму Гарэцкаму і тым беларускім празаікам і паэтам, якія дажылі да справы «Саюза вызвалення Беларусі» (калі не ведаеце — прачытайце!). І былі ў 1930-х на тэрыторыі, падуладнай таму самаму ГПУ.

Калі б арышт Аляхновіча здарыўся не ў 1927-м, а на дзесяць гадоў пазней, яго б дакладна расстралялі. А так — пашчасціла.

Ён падрабязна апісвае, як працавала ГПУ ў лагодныя дваццатыя: следчыя «рыхтавалі паперы», а рашэнне па справах прымалася ў Маскве, на пасяджэннях калегіі ГПУ. І пасыльны з Масквы прыязджаў у нядзелю. А ў панядзелак уся турма ГПУ не спала ўначы, чакаючы, каго гэтым разам павязуць у Камароўскі лес на расстрэл. І колькасць тых, каго расстрэльвалі ў дваццатыя, была не супастаўная з часамі, калі канвеер запрацаваў ужо знутры Беларусі, калі рашэнні прымаліся «на месцы». Але гэта не адмяняе той жудасці, якая вымушала вязняў услухоўвацца ў крокі і плакаць, чакаючы свайго лёсу.

І як жа цікава ўчытвацца ў Аляхновіча цяпер, у 2021-м!

Як цікава супастаўляць і знаходзіць адрозненні!

Сто гадоў таму ГПУ і контрвыведка старанна працавалі на «вяртанне» культурных дзеячаў, якія аселі за мяжой. Цяпер сістэма працуе на тое, каб выціскаць усіх з краіны. Тады ж савецкія антрэпрэнёры залагоджвалі эмігрантаў казкамі пра тое, як іх чакаюць на Радзіме. Адзін з такіх «турыстаў у шэрым», з вялікай колькасцю казённых даляраў, апойваў Аляхновіча ў Вільні, клікаў вярнуцца, абяцаў бліскучую кар’еру. Францішак — як бачна з яго кнігі — «павёўся».

І яго можна зразумець: на той момант ніякіх правінаў за ім не было, акрамя сяброўства ў прапольскай беларускай арганізацыі Вільні. А на іншым баку — вялікі ўнёсак у культуру, знаёмства з Браніславам Тарашкевічам, які лічыўся «прасавецкім беларусам». Менавіта Аляхновіч ствараў БДТ-1, гадаваў у «Беларускай хатцы» акцёраў, якія пазней зробяць Купалаўскі тэатр (і гэта таксама трэба памятаць: Купалаўскі ў сваім рэпертуары пачаткаваўся менавіта драматычнымі ўнёскамі Аляхновіча, як бы яго цяпер ні імкнуліся выкрасліць з гісторыі культуры).

Ён паехаў у савецкую Беларусь, думаючы, што ўзначаліць БДТ-2 у Віцебску. Замест гэтага яго спачатку выклікалі ў ГПУ, потым прыставілі сачэнне. Там, у кнізе, ёсць вельмі цікавы момант: таварыш Апанскі, замнач. мінскага ГПУ, нават прапануе выпіць разам пасля першага допыту. І Аляхновіч, наіўна думаючы, што ўсе падазрэнні з яго знятыя, ідзе да ГПУшнікаў і п’е з імі гарэлку, і мармыча пра тое, як шчаслівы спрычыніцца да вялікага будаўніцтва савецкай Беларусі.

Гісторыя з ягоным арыштам таксама нашмат цікавейшая за тое, як «бралі» Салжаніцына. Аляхновіч выправіўся ў Віцебск на адкрыццё БДТ-2, думаючы, што там яму прапануюць працаваць «з п’ес», то бок атрымліваць заробак з адсоткаў з пастановак. Але замест гэтага ў навагоднюю ноч 1927-га да яго пагрукаўся пасыльны з ГПУ, які паведаміў, што ў дзевяць вечара наступнага дня яму трэба ехаць у Мінск, бо Аляхновіча «чакаюць у ГПУ».

Той, дурань, нават узрадаваўся манерам чэкістаў, якія прапанавалі грошы на білет. Ён усё яшчэ думаў, што Радзіма яму прабачыла.

А на вакзале ён пабачыў вельмі маляўнічую кампанію: тры добра апранутыя джэнтльмены з вялікім сабакам, а з імі — вясёлая дзяўчына. Якая гучна размаўляла з імі пра карункавыя панчохі і дарагавізну французскай бялізны ў БССР. І калі кампанія смяялася і гутарыла, адзін з гэтых джэнтльменаў звярнуўся да сабакі і сказаў «Фас», кіўнуўшы на Аляхновіча. Аўчарка падышла да «вяртанца», паклала яму лапы на ногі і так стаяла, пакуль перапужаны будучы арыштант не засмяяўся, топячы жудасць у спробе звесці ўсё да жарту. І — што цікава — засмяялася і кампанія. І сабака быў адкліканы.

Толькі ў купэ выявілася, што жартаўнікі — з ГПУ, а Аляхновіч арыштаваны. І сабака ўлёгся пад ягоную лаву і ўсю ноч вартаваў, каб не збег.

Гісторыя з асуджэннем таксама будзе цікавая любому беларусу ў 2021-м. А ўсё астатняе — Салаўкі і шчаслівы абмен на таго ж Тарашкевіча (якога пазней, выменяўшы ў палякаў як «савецкага дзеяча») з асалодай расстраляюць — стварае такі сюжэт, што адкласці кнігу немагчыма.

То давайце казаць пра Аляхновіча кожны раз, калі хочацца згадаць Салжаніцына. Для беларусаў і сусветнай літаратуры ён зрабіў дакладна больш.

Віктар Марціновіч, budzma.by