Славацкія сустрэчы Янкі Купалы

Вечарам 28 траўня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася выстава «Славацкія сустрэчы Янкі Купалы».



kupala_slavak_ja_7.jpg

На адкрыцці выставы «Славацкія сустрэчы Янкі Купалы».. Фота Марата Гаравога

Гэта сумесны праект з фондаў Літаратурнага і музычнага музею Дзяржаўнай навуковай бібліятэкі ў Банскай Быстрыцы (Славакія), Літаратурнага архіва Славацкай нацыянальнай бібліятэкі ў Марціне (Славакія) і музея Янкі Купалы. Экспазіцыя распавядае пра малавядомую старонку з жыцця песняра — яго вандроўку ў кастрычніку 1935 годзе па Славакіі ў складзе дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў і журналістаў.

Сустрэчы Купалы з творчымі і грамадскімі дзеячамі Славакіі, сярод якіх былі Гана Грэгарава, Ян Понічан, Эла Шандар, Гейза Вамаш і Янко Алексы, а таксама тагачасны выгляд наведаных першым народным паэтам Беларусі славацкіх гарадоў захоўваюць гістарычныя фотаздымкі. Хроніку вандроўкі адлюстроўваюць матэрыялы, змешчаныя на старонках славацкіх друкаваных выданняў. Галерэя партрэтных і калектыўных фотаздымкаў празаікаў і паэтаў першай паловы ХХ стагоддзя з’яўляецца своеасаблівым экскурсам у культурна-палітычны свет той эпохі.

Дырэктар музея Купалы Алена Мацевасян паведаміла, што ідэя праекта нарадзілася ў лістападзе мінулага году, калі беларускія ўстановы культуры прэзентавалі ў Банскай Быстрыцы эспазіцыю «Аскар Марыкс — пачынальнік беларускай сцэнаграфіі» пра народнага мастака Беларусі, славака па нацыянальнасці з душою беларуса, які быў знаёмы з Купалай і стварыў дэкарацыі п’ес песняра «Паўлінка» і «Ракіданае гняздо», пастаўленых у Купалаўскім тэатры. Мацевасян назвала выставу «Славацкія сустрэчы Янкі Купалы» праектам, які яднае народы Славакіі і Беларусі, а таксама выказала надзею на далейшае развіццё культурных сувязяў абедзвюх краін.   

Часовы павераны ў справах Славакіі ў Беларусі Эрык Ліптак адзначыў, што сустрэчы Купалы з волатамі славацкай культуры ў 1935 годзе з’яўляюцца прыкладам збліжэння і ўзаемнага абагачэння славацкай і беларускай культур.  

Аўтар кнігі «Янка Купала ў Славакіі», кандыдат філалагічных навук Мікола Трус падкрэсліў, што дзякуючы вандроўцы песняра па Славакіі, якая з’яўляецца прыкладам літаратурнай і народнай дыпламатыі, сёння ў гэтай усходнееўрапейскай краіне ёсць турыстычны купалаўскі маршрут. «І зараз можна смела падарожнічаць купалавымі мясцінамі, нага ў нагу ступаць за класікам беларускай літаратуры. Тым больш, што славутасці, дзе быў пясняр, добра вядомыя і папулярныя ў свеце», — сказаў літаратуразнаўца.   

У адкрыцці выставы ўдзельнічалі намеснік дырэктара Дзяржаўнай навуковай бібліятэкі ў Банскай Быстрыцы Бланка Снапкова, а таксама загадчык Літаратурнага і музычнага музея гэтай бібліятэкі Соня Швачова

Экспазіцыя выставы. Фота Марата Гаравога

kupala_slavak_ja_1.jpg

 

kupala_slavak_ja_2.jpg

 

kupala_slavak_ja_3.jpg

 

kupala_slavak_ja_4.jpg

 

kupala_slavak_ja_5.jpg

 

kupala_slavak_ja_6.jpg