ТОП–6 кніг, вылучаных на прэмію Гедройца

Прапануем агляд кніг, вылучаных на прэмію Гедройца. "Новы час" паспрабаваў ацаніць шанцы кожнай з кніг-фіналістак на перамогу ў прэміі. Нагадваем, што наша газета ладзіць грамадскае абмеркаванне кніг прэміі Гедройца і абвясціла конкурс "НАРОДНАЯ РЭЦЭНЗІЯ". Аўтар найлепшага водгуку на кнігу атрымае ў падарунак малескін. Умовы ўдзелу чытайце на нашым сайце.



5_12.jpg

Сяргей Балахонаў. Зямля пад крыламі Фенікса. — Мінск: Логвінаў (серыя «Галерэя Б») — 2012.

Калі б год дзесяць таму «Тэзею беларускага постмадэрнізму» сказалі, што аднойчы ён увойдзе ў шорт-ліст нацыянальнай літаратурнай прэміі на правах «самага коціка», стане адзіным аўтарам, чый поспех не выкліча ўвогуле ніякага скандалу, ён бы спачатку здзівіўся, потым пакрыўдзіўся, потым, чаго добрага, кінуў бы пісаць. І нарысы з паралельнай гісторыі Беларусі, населенай аднарогамі і феніксамі, так і не пабачылі б свету. Але факт застаецца фактам: Балахонаў — самы роўны аўтар прэміяльнай «шасцёркі». У меру «фулюганісты», у меру інтэлектуальны, бязмежна гумарны і пазітыўны.

Адна бяда: кніга не адкрывае перспектывы на будучыню, а хутчэй падсумоўвае пройдзены этап. Канец 1990-х — пачатак 2000-х гадоў стаў для беларускай літаратуры часам вакцынацыі ад рэалізму. У прышчэпцы авангарду, абсурду і эпатажу неадменна быў прысутны драбок «балахонаўшчыны». Сталы аўтар «ARCHE» ад моманту заснавання часопіса, Балахонаў вучыў нас глядзець на рэчы іначай. «Зямля пад крыламі Фенікса» — нязлобная пародыя на беларускую незалежную гістарыяграфію з яе «зрываннем пакроваў» і запаўненнем белых плямаў беларускай мінуўшчыны.

Альгерд Бахарэвіч. Гамбургскі рахунак Бахарэвіча. — Мінск: Логвінаў / Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода — 2012.

Альгерд Бахарэвіч аскандаліўся на ўсю краіну тым, што ўважліва прачытаў класіку беларускай літаратуры. Упершыню пасля школы, а ў некаторых выпадках — дык і ўвогуле ўпершыню. Падчас чытання ён па-новаму адкрываў для сябе пісьменнікаў з хрэстаматый. Знаёміўся з імі ўжо на роўных, як «таксама пісьменнік». У выніку адны тэксты стварылі эфект разарванай бомбы («Цёмнае мінулае Каяна Лупакі»), іншыя былі аператыўна ўведзеныя ў канон — эсэ «Права на арытмію» стала паслямовай да кнігі выбраных (Андрэем Хадановічам) вершаў Максіма Танка. «Гамбургскі рахунак» — гэта жывая кніга жывога (і самага сапраўднага) чытача, якая, калі разважыць па-добраму, мусіла б з’явіцца ў нас гадоў так пятнаццаць-дваццаць таму», — піша крытык Ганна Янкута. І праўда: украінцы зладзілі рэвізію сваім класікам яшчэ ў 90-я (глядзі, напрыклад, эсэ Юрыя Андруховіча «Шаўчэнка isOK»).

Кніга мае серыйны характар — пад адной вокладкай сабраныя штотыднёвыя праграмкі для «Радыё «Свабода». І, як слушна заўважае Янкута, відаць, таму пакутуе на тую ж хваробу, што і «Медычная энцыклапедыя Бахарэвіча», якая заняла другое месца ў прэміі Гедройца летась: вельмі моцныя тэксты суседзяць з тэкстамі так сабе і тэкстамі заўважна слабымі. Зазначу таксама, што сёлета Бахарэвіч канкураваў сам з сабою, выпусціўшы ў 2012 годзе яшчэ і раман «Шабаны», які журы чамусьці не ўразіў.

Адам Глобус. Сказы. — Мінск: Харвест — 2012.

На Мінскай кніжнай выставе Адам Глобус прадстаўляў кнігу «Сказы» — пяты том свайго збору твораў, укладальнікам і прамоўтарам якога ёсць ён сам. Кніга рарытэтная, яе прасцей сабраць па лінках анлайн, чым купіць у кнігарні. Затое на стэндзе «Логвінава» разляталася перавыданне сапраўднай класікі канца 90-х — «Толькі не гавары маёй маме» — камасутра тагачасных студэнтак беларускага філфака.

Крытык Ціхан Чарнякевіч пабачыў у кароткай прозе Глобуса цягу да форматворчасці, уласцівую Алесю Разанаву. Крытык Ганна Кісліцына ахрысціла жанр, у якім працуе ён і яшчэ шэраг літаратараў, «лянівай прозай»: карацелькі, якія штодня вывешваюцца ў блогу, складуюцца ў цыклы і змяшчаюцца ў кнігу. Але, у адрозненне ад радыйнай працы Бахарэвіча, у блогу толькі аўтар вызначае фармат і час здачы тэксту. Таму выходзіць грунтоўна і якасна.

«Лянівая проза» Глобуса — дэтэктар «лянівага чытача». Калі вы прачыталі «Сказы» і пабачылі адно эпатаж, скандал і мізантропію — магчыма, вы проста не трэніраваныя на ўспрыняцце якаснай літаратуры. Проза Глобуса — як экзатычная гарбата: не заўжды парадуе пахам, дый піць яе пажадана толькі пасля чайных цырымоній. Але ж — нешта ў гэтым, безумоўна, ёсць.

Уладзімір Някляеў. Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без. — Мінск: Паперус — 2012.

Несумленным будзе рабіць нявінныя вочкі і казаць, што палітыка тут ні пры чым. «Мінскі раман» Някляева — гэта частка піяр-кампаніі «Гавары праўду». У палітыкі ідзе пісьменнік, а пісьменнік піша. І доказ гэтаму — кнігі пісьменніка.

Але ж справа ў тым, што Някляеў — таленавіты пісьменнік. І таму «Аўтамат з газіроўкай…» і розгалас вакол яго паводле механізму можна параўнаць з вадзяным млынам. Напісаўшы мілую папсовую кнігу, якая адразу прыйшлася даспадобы чытачу, Някляеў засцябаў афіцыйныя ўлады. Кнігу забараняюць, бо ў рэжыму алергія на харызматычную асобу, але выглядае ўсё як чарговая вайна з плюшавымі мядзведзікамі. Эфект забароненага плоду выклікае жаданне дастаць і прачытаць любою цаною. Прачытанае падабаецца — небагаты беларускі спажывец вельмі дбайна лічыць грошы, патрачаныя на культуру, і чыстай вады кан’юнктурку замест літаратуркі нікому ніколі не даруе. Большы розгалас плодзіць яшчэ большыя рэпрэсіі, якія шыраць вядомасць кнігі да галактычных маштабаў… А тут яшчэ і прэмія Гедройца.

Абвясціўшы, што не бярэ да ўвагі палітычныя моманты, а ацэньвае толькі якасць тэксту, журы прэміі трапіла ў няпростае становішча. Бо пракінуць Някляева — здрадзіць чыстаму мастацтву. Прагаласаваць за яго — даць наматляць сябе на кола млына, на якое сам чэрці ваду носяць.  

Людміла Рублеўская. Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега. — Мінск: Рэдакцыя газеты «Звязда» — 2012.

Адзіная кніга з шасці, аўтар якой — жанчына, адзіная кніга для падлеткаў, адзіная кніга, выдадзеная дзяржаўным выдавецтвам… Згадваецца афарызм з нататнікаў майго юнацтва, пра тое, што мужчына хоча быць першым, а жанчына — адзінай. Так ці іначай, «Авантуры Пранціша Вырвіча…» — самая ўнікальная кніга-фіналістка.

Яе можна параўнаць з інтэрактыўным падручнікам па гісторыі нашай шматпакутнай зямелькі. З аднаго боку Пранціш Вырвіч — груба кажучы, наш Гары Потэр, з іншага, як піша крытык Марго Аляшкевіч, мэта Рублеўскай — «умацаванне годнасці цэлай нацыі, хай сабе невялікай». Гэта праца на перспектыву. Калі лёс выдання складзецца добра, і аўтарка дапіша працяг, то меркаваная трылогія будзе радаваць і дзяцей, і дарослых. З аднаго боку, «вечныя дзеці Беларусі» пакуль не наслухаліся казак пра ўласную гісторыю. З іншага, не камплексуйце чытаць дзіцячыя кнігі, асабліва навінкі. Па-першае, вучыцца ніколі не позна. Па-другое, самымі зацятымі фанатамі Жуля Верна пры жыцці аўтара былі ягоныя равеснікі. Ну, ім проста не пашанцавала, што ў іх дзяцінстве не было такіх файных кніжак…

Юры Станкевіч. Шал. — Мінск: Галіяфы («Другі фронт мастацтваў») — 2012.

Маргінальная (але яна мае права на існаванне) тэорыя сцвярджае, што Андэрс Брэйвік забіў больш за 77 чалавек для таго, каб людзі па ўсім свеце прачыталі яго кнігу. Беларусы ж настолькі талерантная нацыя, што пісьменнікам, які ўхваляюць учынкі Брэйвіка і падзяляюць яго погляды, не трэба брацца за зброю, каб з іх творамі пачалі лічыцца. Пра гэта сведчыць поспех кнігі «Шал» Юрыя Станкевіча.

Брэйвік зрабіў пластычную аперацыю, каб мець арыйскія рысы твару. Станкевіч увасабляе свой ідэал маскуліннасці ў героях сваіх шматлікіх аповесцяў. Талент — зручная штука: і вольнай птушкай лётаеш, і дзеля тэракту напружвацца не трэба. Бо ў Беларусі, у адрозненне ад Нарвегіі, за такое расстрэльваюць.

Здаецца, Юры Станкевіч усур’ёз лічыць сябе песняром нацыі. На справе ж гэта — пясняр нацы. Перамогі ў прэміі яго кнігі, апроч адэптаў расійскага неанацызму, на якім грунтуе сваю ідэалогію Станкевіч, могуць жадаць таксама скончаныя цынікі, якім хацелася б пабачыць эпічнае палатно «Польскія выдаўцы знаёмяцца са зместам кніг Станкевіча для іх папулярызацыі ў Еўропе». Зрэшты, кінасцэнар «Фалькона» проста створаны для «Белсату».