У Беларусі стварылі першую віртуальную рэканструкцыю будынка — слонімскай сінагогі ў XVII стагоддзі

Беларускія адмыслоўцы стварылі першы ў сваім родзе праект — VR-тур і рэканструкцыю Вялікай харальнай сінагогі XVII стагоддзя ў Слоніме. Даследчыкі, гісторыкі, рэстаўратары, мастакі, 3D-дызайнеры і IT-інжынеры працавалі над ім год, паведамляе hrodna.life.

Старадаўні будынак пустуе з 1990-х і знаходзіцца не ў лепшым стане

Старадаўні будынак пустуе з 1990-х і знаходзіцца не ў лепшым стане

Сінагога ў Слоніме — адна з самых старых існуючых сінагог Беларусі і важны аб’ект яўрэйскай спадчыны ў краіне. Віртуальную рэканструкцыю можна выкарыстоўваць для рэальнага аднаўлення будынка, які пустуе з 1990-х гадоў.

Віртуальная экскурсія па слонімскай сінагозе часоў яе росквіту (XVII-XIX стагоддзі) доўжыцца 15 хвілін. Каб яе прайсці, патрэбны VR-шлем. Экскурсія ўключае ў сябе знаёмства з яўрэйскай гісторыяй і культурай, з гісторыяй сінагогі і «наведванне» будынка ў яго арыгінальным выглядзе. Можна паглядзець на адноўлены роспіс сцен, архітэктурныя элементы, праслухаць архіўныя аўдыёзапісы. У канцы можна параўнаць «адрэстаўраваную» сінагогу і яе сучасны, закінуты стан. Праведзеную маштабную працу можна будзе выкарыстаць і для рэальнай фізічнай рэстаўрацыі слонімскай сінагогі.

У аснову віртуальнага тура лягла старанна распрацаваная рэалістычная 3D-мадэль сінагогі з дэталізацыяй экстэр’еру і навакольнага асяроддзя, інтэр'еру. Удзельнік экскурсіі можа свабодна хадзіць па будынку з дапамогай навігацыі і кропак цікавасці, разгледзець дэталі інтэр'еру і экстэр’еру і атрымаць падрабязнае апісанне асобных элементаў. Экскурсія запісаная на дзвюх мовах — рускай і англійскай.

Як стваралі рэканструкцыю

Віртуальны праект гіпатэтычнай рэканструкцыі слонімскай сінагогі створаны на аснове абмерных чарцяжоў, зробленых творчай майстэрняй «Басталия» ў 1991−1993 гг. Падчас працы над праектам вывучалі раней невядомыя фотадакументы 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Яны дазволілі рэканструяваць страчаныя фрагменты роспісаў і мэблевага дэкору інтэр'еру сінагогі.

Пры аналізе роспісаў сінагог Усходняй Еўропы, якія дайшлі да нас, стала зразумела, што цяпер адкрытыя фрагменты жывапісу ў слонімскай сінагозе — гэта толькі невялікая частка роспісу. Астатнія або страчаны, або знаходзяцца пад пазнейшымі слаямі фарбы, распавялі ў майстэрні «Басталия», якая займалася рэканструкцыяй інтэр'еру будынка.

Над тэхналагічнымі рашэннямі працавала кампанія «Экспозит». «Гэта унікальны вопыт заглыблення ў культурны кантэкст, у якім гістарычная спадчына і новыя тэхналогіі злучаюцца ў адзінае рашэнне, — лічаць у кампаніі. — Сёння, калі віртуальную рэальнасць усё больш і больш факусуюць на стварэнні выдуманых светаў і герояў гульняў, ідэя арганізатараў праекта аднавіць аўтэнтычны гістарычны будынак стала сапраўдным адкрыццём не толькі для каманды распрацоўкі, але і для ўсіх супрацоўнікаў кампаніі».

Арганізатарам і стваральнікам праекта выступіў Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны ў партнёрстве з Інстытутам Гётэ ў Беларусі, куратар — Рыгор Хейфец. Праект створаны ў межах праграмы Усходняга партнёрства #CivilSocietyCooperation пры падтрымцы МЗС Германіі. 

Праект пра яўрэйскія мястэчкі

VR-рэканструкцыя слонімскай сінагогі стала пілотнай для праекта «Belarus Shtetl». У планах праекта — праца над VR-рэканструкцыямі яшчэ некалькіх аб’ектаў у Беларусі розных перыядаў і архітэктурных стыляў і мультымедыя распрацоўка рашэнняў для аднаўлення асяроддзя штэтла (штэтл (ідыш) — «мястэчка». Так называліся невялікія гарады з пераважным яўрэйскім насельніцтвам, якія існавалі ва Усходняй Еўропе да Халакоста).

«Belarus Shtetl» — вялікі мультымедыйны праект, скіраваны на пераасэнсаванне гісторыі беларускіх яўрэяў з дапамогай новых тэхналогій і сучасных сродкаў камунікацыі. Прапанаваны фармат і выкарыстаныя рашэнні могуць быць даступныя не толькі беларусам, але і ўсяму свету, лічаць у Цэнтры беларуска-яўрэйскага культурнай спадчыны. Распрацаваная мультымедыя-экспазіцыя зможа стаць асновай для стварэння новага сучаснага Яўрэйскага музея ў Беларусі. 

Дзе паглядзець тур па слонімскай сінагозе

Цяпер наведаць віртуальны тур па слонімскай сінагозе можна на VR-экспазіцыі «Belarus Shtetl».

Дзе: культурны цэнтр «Корпус» (Мінск, пр-т Машэрава, 9/8).

Калі: з 1 па 14 красавіка, з 14.00 да 20.00 штодзённа, акрамя нядзелі.

Уваход вольны. Папярэдняя рэгістрацыя па спасылцы гарантуе наведванне 15-хвіліннага VR-тура ў абраны часавы прамежак.

 

Збіраўся выкупіць фонд, а купіла дзіцячая пісьменніца

Цяпер сінагога належыць дзіцячай пісьменніцы з Мінска Ілоне Караваевай (Яна Рыўз). Яна купіла яе ў канцы 2020 года за 30 тысяч рублёў. З чэрвеня 2020 гэта была трэцяя спроба слонімскіх улад прадаць старажытную сінагогу, пры гэтым кошт кожны раз зніжалі амаль удвая.

Раней выкупіць сінагогу планаваў лонданскі Фонд яўрэйскай спадчыны. Да гэтага прадстаўнікі гэтай арганізацыі ўнеслі сінагогу ў Слоніме ў спіс самых значных аб’ектаў яўрэйскай сусветнай спадчыны, якім патрэбная дапамога. Будынак уваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Вялікая харальная сінагога ў Слоніме — помнік барочнай архітэктуры, была пабудавана ў 1642 годзе. У 1881 годзе будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару, але быў адбудаваны на ахвяраванні гараджан. Дзейнічала да 1940 года. Пасля Другой сусветнай вайны тут былі склад і гандлёвыя памяшканні. Унутры захавалася частка рэльефаў і роспісаў. Сінагога пустуе з 1990-х гадоў.