У Мінску прэзентавалі серыю «Мая беларуская кніга»

У сталічнай кнігарні «Oz.by» 7 ліпеня, прайшла прэзентацыя серыі з 26 кніг беларускай літаратуры пад агульнай назвай «Мая беларуская кніга». У яе ўвайшлі найлепшыя айчынныя класічныя творы, як і хрэстаматыйныя, так і незаслужана забытыя: ад народных казак да прац сучасных аўтараў. Агульны наклад склад звыш 60 тысяч асобнікаў.



Як паведаміла на прэзентацыі літаратуразнаўца Ганна Кісліцына, кнігі зроблены ў папулярным фармаце «покетбук»­– мяккай вокладцы па вельмі даступнай цане. Сваю кнігу знойдзе кожны чытач: тут і рамантычныя «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, «Шляхціч Завальня» Яна Баршчэўскага, «Лабірынты» Вацлава Ластоўскага, класікі «нашаніўскага» перыяду: Янка Купала і Максім Гарэцкі, выбітныя пісьменнікі савецкага часу: Кузьма Чорны, Янка Маўр, Іван Шамякін, Змітрок Бядуля, Іван Мележ. Таксама ў выданне ўвайшлі творы Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна. Адметны том серыі — кніга «Сіняя вада» — зборнік беларускага фальклору з легендамі, паданнямі і казкамі.

Па словах выдацоўцоў, праца над серыяй цягнулася амаль 20 гадоў. Яе асноўная мэта – папулярызацыя беларускай літаратуры.

 «Маю беларускую кнігу» можна знайсці ў кнігарнях «Oz.by» і «Белкніга»,  таксама серыя паступіць у буйныя крамы гораду, рэкамендаваная цана любой кнігі — 55 тысяч рублёў.