Вішнёў: Кнігарня «Галіяфы» скасавана на самым узлёце, мы выяжджаем у нікуды

11 лютага адбудзецца імпрэза-развітанне з мінскай кнігарняй «Галіяфы». Гэтая беларуская кнігарня на вуліцы Валгаградскай зачыняецца.



zmicier_viszniou.jpg

Кнігарня беларускамоўнай літаратуры «Галіяфы» пачала працу ў сакавіку летась, але ўжо ў жніўні вымушаная была перастаць прадаваць кнігі. Прычынай сталі праблемы ва ўласніка памяшкання, у якога «Галіяфы» арандуюць плошчу пад краму. Пасля ўступлення ў сілу 22 ліпеня новай рэдакцыі закону «Аб гандлі» прадпрыемства павінна было перарэгістраваць памяшканне як гандлёвы аб’ект, але не зрабіла гэтага, таму гандляваць тут стала нельга. Памяшканне кнігарні дазволілі выкарыстоўваць толькі як офіс альбо для імпрэзаў. «Галіяфам» гэта аказалася не па кішэні.
З дырэктарам «Галіяфаў» Змітром Вішнёвым пагутарыў карэспандэнт Свабоды.
— Патлумачце, як мы дажылі да таго, што вымушаныя развітацца з кнігарняй «Галіяфы», што здарылася? Чаму зачыняецца кнігарня?
— Здарылася даўно, проста нічога не памянялася. Адбылося гэта яшчэ 28 ліпеня, і мы да апошняга моманту спадзяваліся, што нам усё ж дазволяць гандляваць у гэтым памяшканні. Але так атрымалася, што арэнда ідзе, а гандаль не аднаўляецца. Таму мы вымушаны сысці з гэтага памяшкання, бо нам не дазволяць аднавіць кнігарню. І проста бессэнсоўна трымацца за гэтае памяшканне, у якое было ўкладзена шмат грошай, сілаў і энэргіі. На жаль, мы ўтрымліваць не можам, бо для нас гэта вельмі дорага. Арэнда складае мінімум 20 еўра за квадратны метр. І гэта непад’ёмныя грошы для маленькага выдавецтва, калі гэта памяшканне не гандлёвае. Таму мы мусім адмовіцца. Проста праводзіць імпрэзы без гандлю кніжкамі — гэта для нас раскоша, мы не маем такой падтрымкі збоку. Таму мы сыходзім.
— То бок пытанне з гандлем кнігамі вырашыць немагчыма...
— Відаць, тыя, хто дае нам памяшканне, не зацікаўленыя ў тым, каб мы там заставаліся. І таму памяшканне не ўваходзіць у гандлёвыя. І гэтага не адбудзецца. Я не хацеў бы ісці на прамы канфлікт з гаспадарамі памяшкання, не хачу іх называць. Але Бог ім суддзя. Яны, відаць, больш цікавяцца камерцыяй, чым культурай.
— Нядаўна мы бачылі, што адбылося з кнігарняй «Логвінаў». Яна не атрымала дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці распаўсюдніка друкаванай прадукцыі, яна атрымала вялізны штраф. Тое, што цяпер адбываецца з кнігарняй «Галіяфы», — гэта падзеі з аднаго і таго ж шэрагу?
— Узнікаюць вялікія пытанні, калі цягам двух гадоў знікаюць з прасторы «Цэх», некалькі разоў перасяляецца «Арт-сядзіба». Я думаю, гэта ўсё з аднаго шэрагу. Да таго, як нас зачынілі, у нас прайшоў шэраг праверак, гэта ўсё не проста так рабілася. Таму ўсё гэта, на жаль, адбываецца ў адным полі.
Калі мы ўяжджалі ў гэтае памяшканне, мы зладзілі даволі сур’ёзны рамонт, праразалі праход, мянялі фасад, падлогу, столь, сцены, набывалі мэблю. Для нас гэта былі вялікія грошы, і мы падпісалі кантракт на тры гады. Як бачым, часта гэтыя кантракты вылятаюць у трубу. Судзіцца мы не бачым сэнсу, бо мы проста не выйграем судовую справу. Таму наш кантракт на тры гады для іх нічога не значыць. Хаця ў кантракце было прапісана даволі зразумела, што мы здымаем менавіта гандлёвае памяшканне на тры гады, як мінімум на 2015–2016 гады.
— А як уласнікі тлумачаць сваё рашэнне?
— Гэта настолькі заблытаная гісторыя, столькі ўжо перамыта-перагаворана, столькі было сустрэч. Гэта такая буйная кампанія, з якой мы не можам цягацца па судах. Мы проста мусім сысці. З гэтага будынку выехалі таксама іншыя крамы. Ніхто з імі не судзіцца.
— Але чаму так атрымліваецца, што ў краіне Скарыны цяжка жыць беларускім кнігарням?
— Нават на расійскамоўныя кнігі, якія трапляюць да нас, расійскія выдаўцы плацяць ПДВ 8%. Мы плацім значна больш. Таму якую канкурэнцыю мы можам скласьці расійскамоўным выдавецтвам нават на сваёй тэрыторыі? Хаця б вось гэта выклікае пытанні. Такія праекты, як «Логвінаў», як «Галіяфы» — не камерцыйныя, а культурніцкія. Іх трэба было б неяк падтрымліваць, апекавацца імі. А ў нас гэта выглядае неяк інакш, і гэта вельмі сумна. Ёсць толькі падтрымка нашых чытачоў. Мы ўжо многа гадоў выдаём кнігі, яны запатрабаваныя. Чытачы маральна нас падтрымліваюць. Але гэта не можа нас выцягнуць з гэтай багны, і мы адчуваем, што нам даволі цяжка. Мы спадзяёмся, што неяк выправім сітуацыю, у будучым знойдзем іншае памяшканне пад культурніцкую прастору. Але пакуль мы выяжджаем у нікуды. Бо новай культурніцкай прасторы мы заснаваць цяпер не можам. У нас проста бракуе на гэта фінансаў.
— Які асноўны здабытак вашай справы і што вы збіраецеся рабіць далей?
— Далей мы збіраемся выдаваць кніжкі, будзем працаваць як выдавецтва. А кнігарня? Мы вельмі шмат рэсурсаў уклалі ў гэтую кнігарню, таму мы іх не маем. Але гэта добры досвед, і кнігарня «Галіяфы» застаецца ў гісторыі, бо была праведзена процьма імпрэзаў. Я думаю, што прастора была жывая і запатрабаваная. І яна скасаваная фактычна на самым узлёце.
Алесь Дашчынскі, svaboda.org